Ве́льма (Шат., Бяльк.), ве́льмі (Нас., Касп., Бяльк.). Ст.-рус., ст.-слав. вельми, укр. ве́льми, рус. дыял. вельми́, вельмо́, польск. wielmi, чэш. velmi, серб. вео̀ма ’вельмі’ (< *вельма) і г. д. Прасл., магчыма, *velьmi, *velьma. Утварэнне ад асновы *vel‑ ’вялікі’ (параўн. прасл. *velьi̯ь і *velikъ ’вялікі’). Калі ўзяць да ўвагі націск у рус. вельми́ і серб. вео̀ма (што можна сведчыць аб прасл. *velьmí, *velьmá), то бел. і ўкр. словы (з націскам на першым складзе) здаюцца некалькі падазронымі. Запазычанне з польскай мовы? (да таго ж спрадвечна ўкр. форма была б *вільми!).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)