Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ву́смерць прысл. ’да смерці’ («Полымя», 1970, № 2, 118). Няясна, магчыма, прыназоўнікавае ўтварэнне — у + смерць, як на + смерць з нехарактэрнай для бел. мовы перацяжкай націску; параўн. рус. на́смерть. Апошняе дазваляе меркаваць аб магчымым запазычанні слова з рус. мовы, відаць, вусным шляхам, дзе яно магло паходзіць са спалучэння в + смерть (дакладней — во́ смерть).

Ву́сны (БРС, Байк. і Некр.), ’губы’ (Касп.), вусніна ’губа’ (Касп.), рус. маск. усти́на ’тс’, славен. ustna, ustnica ’губа’, ustni ’губы’, серб.-харв. у̏сна ’губа’, у̏сни мн. л., макед. усна ’губа’, усни мн. л., балг. у́стна ’губа’, мн. л. у́стни. Прасл. *ustьna ’губа’, вытворнае ад *usta (Махэк₂, 671) хутчэй за ўсё ў выніку семантычнага згортвання словазлучэння *ustьna gǫba > ustьna. Параўн. таксама Трубачоў, Слав. языкозн. 5, 177, дзе звяртаецца ўвага на беларуска-паўднёваславянскі характар слова. Гл. вуста.

Вусо́зны ’высачэзны’ (КСТ). Гл. высо́зны.

Вусота́льны ’надта высокі’ (КСТ). Да высата́ ’вышыня’ з заменай ы > у пасля губных.

Вуста ’вусны’ (Бяс., 775), укр. вуста́, рус. уста́, польск. usta, чэш. ústa, славац. ústa, в.-луж. wusta, н.-луж. husta, славен. ústa, серб.-харв. у́ста, макед. уста, балг. уста́. Прасл. *usta, роднаснае ст.-прус. austo ’рот’, літ. áuščioti ’балбатаць, шаптаць’, ст.-інд. вед. ṓsthaḥ ’губа’, авест. aošta‑ ’губа’, лац. ausculum ’роцік’ і інш. Параўн. таксама літ. uostà ’вусце, гавань’ (Младэнаў, 656; Фасмер, 4, 172, з літ-рай; Махэк₂, 671; Брукнер, 596).

Ву́стаўка ’ўстаўка з іншага палатна ў кашулі’ (КЭС, лаг.); ’клін, які ўстаўляецца ў пройму рукава’ (Жд., 1); ’устаўка для надточкі кашулі ў плячах’ (Шат., Сакал.; Тарнацкі, Studia); ’вышыўка ў верхняй частцы рукава сарочкі’ (З нар. сл.), ву́стоўка ’гестка’ (петрык., пін., Шатал.). Ад устаўля́ць, гл. уста́ўка ’тс’, пратэза з’явілася, відаць, у выніку перацяжкі націску; параўн. ву́сцілка.

Ву́стрыца (БРС, Байк. і Некр.). Запазычана з рус. у́стрица, якое з галандскага oester, што ўзыходзіць да лац. ostreum з грэч. ὄστρεον ’ракавіна’ (Міклашыч, 228; Фасмер, 4, 173).

Ву́студзень ’дэталь, што звязвае галоўкі саней з капылом’ (КСТ). Гл. вы́студзень ’тс’.

Вусука́ ’сена з забалочанай сенажаці’ (брэсц., Сігеда, вусн. паведамл.). Да асака́ (< осока) з пераходам о > у пад уплывам пратэтычнага в.

Ву́сце ’месца ўпадзення ракі’ (БРС, Сцяшк. МГ, Байк. і Некр.), ву́сьці ’тс’ (КЭС, лаг.), ву́сьця ’тс’ (Грыг.), ву́сьте ’праход у печы’ (Дразд.), вусць ’чалеснікі’ (Сцяшк.), укр. у́стя, рус. у́стье і усть, польск. uście, чэш. ústí, славац. ústie, славен. ústje, серб.-харв. y̏шћe, макед. устие, балг. у́стие. Прасл. *ustьje, вытворнае ад *usta (Брукнер, 596; Махэк₂, 671; Фасмер, 1, 173); параўн. таксама ст.-рус. усто ’вусце ракі’ (Слова аб палку Ігаравым). Поўную лексічную адпаведнасць прасл. *ustьje і лац. ostium (варыянт austium) канстатуюць Порцыг (Членение, 197), Трубачоў (Проспект, 85).