Тарэ́гулька ’таратайка’ (клец., Нар. лекс.). Няясна, магчыма, ад тарыгаць ’тузаць, торгаць’, гл.
Тарэ́лачка ’астра’ (б.-каш., ельск., лоеў., Расл. св.). Параўн. укр. дыял. тарі́лка ’тс’, тарі́лочка ’хрызантэма’. З-за знешняга падабенства суквецця да талерачкі параўн. н.-луж. talariki ’астры’ ад talarik ’талерачка’ (ЕСУМ, 5, 523). Да наступнага слова, гл.
Тарэ́лка ’талерка, металічны абажур’ (Сцяшк.), ’талерка’ (Ян.; дзятл., астрав., Сл. ПЗБ), тарэ́лка, тары́лка ’фарфоравая ці металічная (раней і драўляная) пасудзіна для яды’ (брэсц., гом., З нар. сл.), тарэ́лка, таре́лка, тарэ́лочка ’неглыбокая міска, талерка’ (Вярэн.). З метатэзай да талерка (гл.) або пазнейшыя запазычанні з рускай мовы.
Тарэ́мтанды (tarèmtendy) ’прыгаворка’ (беласт., Федар. 4). Гукапераймальнае, параўн. тарамкаць (гл.), з няяснай другой часткай, а таксама таратэнты, гл.
Тарэ́нчыць ’несці што-небудзь аб’ёмнае і цяжкае перад сабой’ (Сцяшк. Сл., Гіл.). Да тарочыць 1 з экспрэсіўнай назалізацыяй (імітацыя польскага вымаўлення?).
Тарэ́скаўкі ’клубніцы’ (лід., Расл. св.). Да трускаўкі (гл.) з няяснай трансфармацыяй.
Тарэ́ц ’папярочны зрэз; бакавая старана’, ’кароткі брусок для машчэння вуліцы’ (ТСБМ), торц ’папярочны зрэз’, тарцава́ць ’стругаць дрэва ўпоперак слаёў’ (Ласт.). Укр. торе́ць ’тарэц’, рус. торе́ц, торц ’тс’. З італ. torso ’торс, тулава (як частка статуі)’. У такім выпадку італьянскае слова набыло ва ўсходнеславянскіх мовах суфікс ‑ец пад уплывам іншых слоў з гэтым суфіксам. Акрамя таго, дапускаецца сувязь слова з прасл. *terti ’церці’ (ЕСУМ, 5, 604; Фасмер, 4, 88).