Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Перакана́ць (піраканаць) ’прымусіць паверыць, упэўніць’ (ТСБМ; Варл.), перэкана́ць ’перамагчы ў спрэчках’ (Растарг.), перакана́цца ’ўпэўніцца’ (воран., Сл. ПЗБ), перэкона́цца, рус. смал., бранск. перекона́ть, укр. перекона́ти, польск. przekonać (się) ’тс’, чэш. překonati (se) ’пераадолець, пераўзыйсці, перамагчы сябе’, славац. prekonať ’перажыць, перанесці, пераадолець, пераўзысці’; з такімі ж значэннямі зафіксавана і ст.-польск. przekonać, przekonany ’пераможаны’. У такім выпадку семантыка сучаснай польск. лексемы — інавацыя, якая пашырылася таксама на бел. і ўкр. моўныя тэрыторыі. Да пера- і кон (гл.) (спецыяльна гл. Коген, УЗ БГУ, 1940, 1, 191–194).

Перакандры́чыць (пірікандры́чыць) ’пазнішчаць’ (Юрч. СНЛ). Гл. кандры́чка, параўн. смал. кандричить ’мучыць, здзекавацца’.

Перакантава́цца ’перажыць нястачу, перабіцца як-небудзь’ (гродз., ЖНС). Да пера- і кантава́цца (гл.); відаць, запазычана з гутарковага рус. перекантоваться ’тс’, параўн. кур. кантова́ть ’карміць, утрымліваць каго-небудзь’, жарг. кантоваться ’знаходзіцца дзе-небудзь; не працаваць’ (Шчарбакова, Бруева, 89). Усе гэтыя значэнні другасныя, зыходная семантыка ў польск. przekantować ’перавярнуць, перакуліць праз кант’. Гл. таксама кант.

Перакара́цца ’ўпікаць, дакараць; перакідвацца жартамі’ (Др.-Падб.), перакара́ць ’гаварыць наперакор; назаляць’ (Нас.), перакор ’перакорлівасць’ (Др.-Падб., Яруш.), перако́ра ’наперакор’ (Нас.), укр. переко́рюватися ’спрачацца, узаемна дакараць’, перекір(очка) ’пярэчанне’, перекі́рливий ’які пярэчыць’, рус. переко́р ’усё, што робіцца на злосць; дакор, ганьбаванне’, перекора ’спрэчкі, сваркі’, перекораться ’сварыцца’, польск. przekora, przekór ’упартасць, свавольнасць; жарты’, н.-луж. pśekora ’ўпартасць; спрэчкі, сварка’, в.-луж. překora ’спрэчка, сутыкненне’, překorić so ’пасварыцца’, чэш. příkoří, валаш. na překor ’рабіць наперакор’, славац. priekor, robiť priekory ’тс’, славен. prekȍr ’сварка’, серб.-харв. prijèkor ’дакор, папрок, упікі’, макед. прекор ’тс’ < прасл. *per‑koriti > per‑korь. Да пера- і карыць2 (гл.) (Фасмер, 2, 320; Шустар-Шэўц, 1172; Бязлай, 3, 111).

Пера́карстваваць (піріка́рствывыць) ’адмучыцца, адпакутаваць’ (Юрч. СНЛ). Зыходны дзеяслоў, відаць, да прасл. *korstiti (Трубачоў, Эт. сл., 11, 97). параўн. рус. пск. коро́ститься ’жаніцца, плакаць’.

Перака́сціць ’папсаваць; перамазаць, перапэцкаць’ (Нас.). Да пера- і касці́ць (гл.).

Перакатле́ць (пірікатле́ць) ’моцна перамерзнуць’ (Юрч. СНЛ). Відаць, да пера- і ⁺катле́ць ’пасінець’, параўн., рус. вяц. котле́ть ’станавіцца чорным (як кацёл)’. Да кацёл (?).

Перакаўляць ’упрошваць, угаворваць, дакучліва прасіць’ (Федар.). Зыходны дзеяслоў паходзіць, магчыма, ад літ. kaũlyti ’надакучліва прасіць’.

Перакаці́-поле ’стэпавыя травы, якія пасля выспявання адрываюцца ветрам ад кораня і перакочваюцца з аднаго месца ў другое’ (ТСБМ), лун. пэрэкоті́‑по́ле ’скочкі да́хавыя, Sempervivum tectorum L.’. (Бейл.). З рус. перекати́‑поле (гл. РЯШ, 1973, 1, 83).

Перакашары́ць (пырыкашыры́ты) ’прыбраць, навесці парадак’ (Клім.). Да пера- і кашары́ць (гл.), якое са ст.-яўр. kāšēr ’прыдатны’.