Перакана́ць (піраканаць) ’прымусіць паверыць, упэўніць’ (ТСБМ; Варл.), перэкана́ць ’перамагчы ў спрэчках’ (Растарг.), перакана́цца ’ўпэўніцца’ (воран., Сл. ПЗБ), перэкона́цца, рус. смал., бранск. перекона́ть, укр. перекона́ти, польск. przekonać (się) ’тс’, чэш. překonati (se) ’пераадолець, пераўзыйсці, перамагчы сябе’, славац. prekonať ’перажыць, перанесці, пераадолець, пераўзысці’; з такімі ж значэннямі зафіксавана і ст.-польск. przekonać, przekonany ’пераможаны’. У такім выпадку семантыка сучаснай польск. лексемы — інавацыя, якая пашырылася таксама на бел. і ўкр. моўныя тэрыторыі. Да пера- і кон (гл.) (спецыяльна гл. Коген, УЗ БГУ, 1940, 1, 191–194).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)