Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Валы́нда ’той, хто ходзіць без работы’ (Нас.). Да валындацца па аналогіі з дурында. Параўн. таксама валакіда.

Валы́ндацца ’хадзіць без работы’ (Арх. Бяльк.). Гл. валанда.

Валы́ндзік ’валында, хлопчык, які не сядзіць дома’ (Нас.). Да валындацца, валандацца (гл.).

Валы́ніцца ’валэндацца, займацца, цягнуць час’ (КТС): «мне няма калі з табой валыніцца». Да валыніць (гл.).

Валы́ніць ’зацягваць, адкладваць якую-небудзь справу’ (Бір. Дзярж.). Ад назоўніка валынка2 ’валакіта, цяганіна’ (гл.). Рус. волынить, укр. волинити. Можна меркаваць, што семантычна падтрымліваецца сувяззю з вол — маруднай жывёлінай.

Валы́нка1 ’музычны інструмент’ (БРС). Усходнеславянскае слова: рус. волынка, укр. волинка. Ад тапоніма Валынь (Фасмер, 1, 347; Шанскі, 1, В, 154).

Валы́нка2 ’валтузня, клопат’ (Бір. Дзярж.); ’сварка’ (Сцяшк. МГ); ’валакіта’ (Бяльк.). Рус. волынка ’тс’. З фразеалагічнага выразу цягнуць валынку; гл. валынка1.

Вальбу́ка. Гл. валбука.

Вальго́та ’ільгота’ (Касп., КТС); ’прыволле, раздолле’ (З нар. сл.). Рус. вольгота, вольготный лічыцца прэфіксальным утварэннем ад льгота < льга ’свабода, лёгкасць’ (Шанскі, 1, В, 154–155). Гэта версія выклікае сумненне, бо прэфікс в‑ звычайна спалучаецца з дзеяслоўнымі асновамі. Больш верагодным трэба лічыць вальгота вынікам кантамінацыі ільгота і вольны; якраз гэтыя значэнні былі ўласцівы ст.-рус. льга.

Вальдшнэ́п ’птушка, Scolopax rusticola L.’ (Нік., КТС). Рус. вальдшнеп, укр. вальдшнеп. З ням. Waldschnepfe, Waldscheppe ’лясны бакас’ (Фасмер, 1, 270; Шанскі, 1, В, 13; Рудніцкі, 1, 304).

Валье́ра ’абгароджаная пляцоўка для звяроў або птушак’ (КЭС). Рус. вольер, укр. вольера, вольер, польск. woliera, чэш. voliera. Запазычана, відаць, праз польскае пасрэдніцтва (на што ўказвае род) з франц. vollere ’птушнік’ (Шанскі, 1, В, 155; Рудніцкі, 1, 473).