Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сальмя́к ’нашатыр’ (Байк. і Некр.). З польск. salmiak ’тс’, якое з лац. sal ammoniacum ’аміячная соль’ (Брукнер, 479).

Сальні́ца ’невялікая пасудзіна для трымання солі’ (ТСБМ, Касп., ТС, Сцяшк., Сл. ПЗБ, З нар. сл.). Укр. сільни́ця, рус. дыял. сольни́ца, польск. solniczka, чэш. solnička і г. д. Прасл. *solnice дэрыват ад *solъnъ ’салёны’ (Махэк₂, 592; Трубачоў, Ремесл. терм., 258).

Сальцісо́н ’каўбасны выраб з спрасаваных вараных субпрадуктаў’ (ТСБМ), ’вантрабянка’ (Мат. Гом.), салтысо́н ’тс’ (Скарбы), салтасо́н, сальсасо́н, сальсесо́н, салтысо́н ’тс’ (Сл. ПЗБ). З польск. salceson, якое Брукнер (480) выводзіць з італ., параўн. salsume, salsamento, salsiccia ’каўбаса’, а не з франц. saucisson.

Са́ля ’зал, зала’ (Байк. і Некр.; шчуч., Сл. ПЗБ). З польск. sala ’тс’, гл. Кюнэ, Poln., 95; Сл. ПЗБ, там жа. Ст.-бел. саля (XVI ст.) праз ст.-польск. з італ. sala ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 99).

Салядыно́вы ’бледна-зялены (колер)’ (Сл. рэг. лекс.). Рус. селадо́новый ’колеру марской хвалі’. Мяркуючы па месцы націску, з польск. seladynowy ’бледна-зялёны’. Слова ўзыходзіць да франц. céladon ’селадон’ і, далей, да імя героя пастухоўскага рамана «Астрэя» Анарэ д’Юрфэ (1568–1625 гг.). Гл., напрыклад, Мацэнаўэр, LF, 19, 248; Голуб-Копечны, 329; Фасмер, 3, 594; Брукнер, 484.

Салядэ́рак, салатэ́рак ’сподак’ (Сл. ПЗБ), салітэ́рка ’талерка’ (Сл. Брэс.), саліты́рка ’міска’ (гом., Нар. сл.). З польск. salatierka, salaterka ’салатнік’. Апошняе з франц. salatiere ’тс’ (Брукнер, 480).

Саля́нка1 ’саляніца’ (ЛА, 5). Дэрыват ад прым. саля́ны, які да соль (гл.).

Саля́нка2 ’мера сыпучых рэчываў у 4 чацверыка’ (Касп.). Да соль (гл.), мабыць, першапачаткова мера солі.

Саля́рка ’саляравае масла’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Кандэнсацыя словазлучэння саля́равае масла ’прадукт перагонкі нафты, які выкарыстоўваецца як паліва для дызеляў, рэчыва для змазкі механізмаў і пад.’, дзе саляравае ад лац. solaris ’сонечны’ < sol ’сонца’ (Голуб-Ліер, 445). У беларускай, хутчэй за ўсё, непасрэднае запазычанне з рус. соля́рка ’тс’.

Сам ’сам, ніхто іншы’, у знач. наз. ’гаспадар, кіраўнік і г. д.’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ’адзін, адзінокі’ (Сл. ПЗБ, Нар. лекс.), са́мы займ. ’той, ніхто іншы’, ’іменна такі, які патрэбен, падыходзіць (самая пара)’, ’той, што мае вышэйшую ступень якасці (самы вясёлы)’ (ТСБМ, Бяльк.), са́му, саму́ ’адзін, адзінокі’ (ТС), са́мо, са́ме ’толькі, як раз’, са́міе ’самі’ (Ян.), саме́нко, саме́нты ’якраз’ (Мат. Гом.). Сама‑ — першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае накіраванасць, здзяйсненне, працяканне дзеяння і інш.: самасе́й (да сеяць), самапа́сам ’самастойна, без нагляду’ (да пасці), самату́жкі ’маленькія санкі’ (да тужыцца), самакі́ша ’прастакваша’ (да кіснуць), самахоць ’па сваёй волі’ (да хацець) і інш. Агульнаславянскае; рус. сам ’сам; адзін’, укр. сам, са́мий ’тс’, стараж.-рус., ст.-слав. самъ, польск., в.-луж., н.-луж. sam, каш. som, чэш., славац. sám, серб.-харв. sȃm, славен. sȃm, балг., макед. сам ’сам’, ’адзін, адзінокі’. Прасл. *samъ, *sama, *samo. Паралелі ў ст.-інд. samás ’роўны, адзінкавы’, авесц. hama‑, hāma‑, ст.-пярс. hama‑ ’роўны, той жа самы’, гоц. sama ’той жа самы’, ст.-в.-ням. samo, ст.-англ. same, ст.-ісл. sómr ’падыходзячы, належачы’ і г. д., гл. Траўтман, 273; Торп, 432; Праабражэнскі, 2, 249; Фасмер, 3, 552; Сной₁, 553; усе ад і.-е. кораня somo/semo < і.-е. *sem ’адзін’. Трубачоў, Этимология–1965, 23, 65, падкрэсліваючы незалежнасць ужывання займеннікавага элемента ў славянскім і іранскім, лічыць, што авесц. hāmō не падцвярджае агульнасць інавацыйнага падоўжання ў гэтых мовах. Даўжыня галоснага ў славянскім слове паводле Махэка₂, 537 мае экспрэсіўны характар. Гл. яшчэ БЕР, 6, 453 і наст., Шустар-Шэўц, 2, 1266; Борысь, 538. Сюды ж прым. самаві́ты ’разумны’ (Нас., ТС), ’самастойны’ (Ян.), ’мажны, дзябёлы’, ’паважны, салідны’ (ТСБМ), самава́ць ’садзіцца на гак, шараваць плытам па гаку’ (навагр., Нар. лекс.).

Самава́р ’металічны прыбор для кіпячэння вады з награвальнай трубкай у сярэдзіне’ (ТСБМ, Др.-Падб.). З рус. самова́р ’тс’, якое ад сам і варить (Праабражэнскі, 2, 248; Брукнер, 480). Інакш Міклашыч, які бачыць у рускім слове запазычанне з цюрк. sanabar, што менш верагодна. Падрабязна аб рус. слове гл. Фасмер, 3, 553.