Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рост ’павелічэнне колькасці, прырост’, ’фігура, вышыня чалавека або жывёлы’, ’росля раслін’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), роставы ’вегетатыўны’ (Байк. і Некр.). Укр. ріст, рус. рост, польск. wzrost ’рост’, н.-луж. zrost ’вышыня чалавека’, zrostność ’росля’, в.-луж. róst ’рост чалавека’, ’нарасць’, чэш. růst ’рост, развіццё’, vzrůst ’рост, прырост, павелічэнне’, славац. rast, rastenie, vzrastanie ’рост’, vzrast ’фігура’, славен. rȃst ’рост, развіццё; расліннасць’, серб. ра̑ст ’рост, фігура’, харв. rȃst ’тс’, ’развод шлюбу’, макед. раст ’рост, удасканаленне’, растеж ’тс’, балг. ръст ’рост, вышыня’, растѐж ’росля’ (хаця БЕР, 6, 378 балг. ръст адносіць да връст ’узрост’), ст.-слав. растъ ’рост’. Прасл. *orstъ, якое з і.-е. *ord‑tǒ‑, роднаснае лац. arduus ’высокі’, гальск. ardu̯o‑ ’Ардэны’, ірл. ard ’высокі, вялікі’, алб. rit ’расту’, авест. ərəẟva‑ ’прамы, высокі’ (Фасмер, 3, 505).

Ро́стань, ро́станькі, ро́стынькі, ростанкі, растане́, ростані ’месца скрыжавання дзвюх або некалькіх дарог’ (ТСБМ, Стан., Касп., БРС, Гарэц., Нік., Бяльк., Нар. Гом., Нас., Яшк., Байк. і Некр., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Кос., Мікуц.; полац., Янк. 2), ростань ’дарога на бязлеснай мясцовасці’ (віц., Рам.); ро́стыні, растанькі ’скрыжаванне дарог’ (гарад., рэч., ЛА, 2); растанькі́, растаньке́, рыстанкі́, растанцы́, растанцэ́, ро́станькі, ро́станкі, ро́стункі, растані́, ро́стані, растайне́, раста́нішча ’месца, дзе дарогі разыходзяцца, ростані’ (ЛА, 2); на ро́станях ’у стане вагання пры выбары далейшага шляху’; ро́стань ’час, праведзены далёка ад блізкіх’ (ТСБМ). Ст.-рус. росстани, ростани ’скрыжаванне дарог, ростані’ (1524 г.), рус. дыял. росста́нка ’скрыжаванне дарог, ростань’, ро́сстань, роста́нь ’разгалінаванне дарог’, росстани ’месца за вясковымі весніцамі, дзе развітваліся з нябожчыкам’; польск. rozstaj, rozstajne drogi, ст.-польск. drogi rozstanne; славен. razstânek ’раставанне’, razstáti se, razstâjati se, серб. ра̀станак і харв. rȃstanak ’расстанне, разлука’, ра̀стајаті се ’разлучацца’. Можна дапусціць першаснае прасл. *orz‑stajь ’перакрыжаванне дарог’; на гатую лексему пазней паўплывала аддзеяслоўнае ўтварэнне *prz‑stanьje ’расстанне’, і ў частцы дыялектаў у выніку кантамінацыі ўтварылася *orz‑stanjь > ростань. Сюды ж пазнейшае ростань ’расстанне, разлука’ (Гарэц.), ’усялякае расстанне’ (Мядзв.). Параўн. расстанне, гл.

*Ро́старапень, ро́сторопень ’разводдзе’, растаро́п, растаропіца ’тс’ (петрык., акц., люб., нараўл., хойн., лоеў., браг., калінк., ЛА, 2; Мат. Гом.), рус. арханг. росторо́пь ’дарога, непраездная ў час разводдзя’. Усходнебеларуска-руская ізалекса з экспрэсным інфіксам ‑ро‑ ад растапі́ць ’растаць’. Параўн. рус. цвяр., пск. ро́стопелица, ростопо́лье ’вясенняя паводка’, ро́стопель ’адліга’, калуж. ро́стополь ’тс’, якія Фасмер (3, 506) выводзіць з прасл. *orz‑toplь > топи́ть, тёплый. Гл. растопа1.

Ро́стаўкі ’устаўныя карункі ў навалачках’ (ашм., Сл. рэг. лекс.). У выніку кантамінацыі лексем расшыўка і ўстаўка (гл.).

Ро́стбіф ’ялавічына, засмажаная вялікім кавалкам’ (ТСБМ). Запазычана праз рус. мову (ро́стбиф) з англ. roastbeef ’смажанае мяса’ (Фасмер, 3, 494).

Ро́ствань ’непраходная гразь, бездарожжа’ (ТС). Да раз‑/роз- і твань (гл.). Сюды ж роства́ніць ’размачыць, развезці (аб дарозе)’ (ТС).

Ростр ’таран у выглядзе галавы якой-небудзь жывёлы на насавой частцы стараж.-рымскага ваеннага карабля’ (ТСБМ). Праз рус. мову з лац. rostrum ’нос карабля’.

Ро́стра ’трыбуна на форуме старажытнага Рыма, упрыгожаная насамі караблёў, захопленых у непрыяцеля’, ’упрыгожанні калон у выглядзе насавой часткі старажытнага судна’ (ТСБМ) — праз польскую ці рускую мову з лац. rostra мн. л. ’насы караблёў’.

*Ро́страсень, ро́страсэнь ’неахайна апрануты чалавек’ (пін., ЖНС). Да раз‑/рос‑ і трэсці (лахманамі) ’быць вельмі бедна апранутым’ (гл.).

Ро́стул ’вугал, атрыманы ў выніку расхілення ножак цыркуля’, ’адтуліна, шчыліна пры расчыненым вакне, дзвярах, росчын’ (ТСБМ). Да растулі́ць, туліць (гл.).