Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ра́сся ’рыззё’ (Бяльк.). Гл. pacce.

Раст, мн. л. расты́, ’парастак’ (астрав., Жд. 1). Нульсуфіксальнае ўтварэнне ад расты́, параўн. расток, храсток (гл.). Сюды ж (калі гэта не запазычанне з украінскай) раст — “маленькія-маленькія, з галоўку шпількі, сінія, іншым часам белыя кветкі, вылазяць амаль адразу, як сыдзе снег” (Караткевіч, Маладосць, 1987, 1, 159). Параўн. укр. раст ’ключыкі, Primula veris L.; кураслеп, Anemona nemorosa L.’, макед. рас ’куст’, балг. раст ’дубчык’, ра́сте ’галінкі для тутавага шаўкапрада’. Параўн. таксама аналагічныя, але аддзеяслоўныя рус. дыял. раст ’лепшы час для росту зеляніны і пад.; для сенакосу, збору малака (на масла) і пад.’, ’маладая трава (на пашы)’, што, паводле БЕР, 6, 186, запазычаны са стараславянскай; а таксама славен. rȃst ’рост, расліннасць’, серб.-харв. ра̑ст ’расліна’, макед. раст ’рост’, ст.-слав. растъ ’рост, вырастанне’, якія з’яўляюцца рэгулярнымі адпаведнікамі прасл. *orstъ < orsti, гл. рост, расці.

*Растаба́рваць, ростаба́рваць ’весці пустыя размовы, доўга разважаць’ (ТС). Да незафіксаванага, але цалакам верагоднага *таба́рыць, калі ўзяць пад увагу рус. ніжагар. таба́рить пры рус. літар. і дыял. растаба́ривать, растаба́рывать, растаба́ровать ’размаўляць; балбатаць; жартаваць; выхваляцца’. Бяспрэфіксны дзеяслоў Фасмер (4, 6) схільны звязваць са ст.-яўр. dibbēr ’гаварыць’ і dāꞵār ’слова, вестка’, адкуль яўр.-ням. dibbern, döbern ’гаварыць’ (там жа, 3, 434), што, зразумела, вельмі няпэўна. Трубачоў (там жа) прапанаваў бачыць тут прэфіксальныя вытворныя ад асновы бар‑, рыфмаванага варыянта тар‑, параўн. тарыбары (гл.). Гл. таксама раздабарваць.

Растані́ мн. л. ’перакрыжаванне дарог’, ’развілка, месца, дзе дарога раздвойваецца, разыходжанне дарог, раздарожжа’ (Байк. і Некр., Яшк.), растанькі́ ’тс’ (Ян., Мат. Гом.), растанцы́ ’тс’ (Мат. Гом., Янк. 1), расстанцы́ ’тс’ (Сцяшк.). Гл. ро́стань.

Раста́нкі мн. л. ’разыход, расстанне’ (Байк. і Некр.). Параўн. з рус. ро́зста́ни ’развітанне’ і ’пачастунак, перад доўгім развітаннем’, а таксама ’развілка дарог’. Сцвярджаецца (Даль₃, 1564), што таго, хто адпраўляўся ў дарогу, традыцыйна праводзілі да скрыжавання і развітваліся там. Адсюль растайна дарога (гл. расстайны), дзе трэба расстацца. Гл. расстанне.

Растанчы́ца ’якая расстаецца з кім-небудзь’ (Кос.). Субстантыў ад раста́нне < расста́нне, гл.

Растапу́цце ’разводдзе’ (Юрч. Вытв.). Кантамінацыя распу́цце1 (гл.) і растапіць (пра лёд), гл. тапіць.

Растапша́ ’разява’ (Бяльк.), ’няўмелы, нязграбны’ (віл., Сл. ПЗБ). Гл. расто́па2.

Растапы́рыць ’няўклюда расставіць, развесці, рассунуць у бакі’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ростопу́рыць ’расставіць, разявіць, распусціць’ (ТС). Параўн. рус. дыял. растопы́рить ’тс’. Апошняе ўтворана з экспрэсіўным ‑то‑ ад распырить (гл. пырыць), што, паводле Фасмера (3, 446) азначае ’расправіць, распушыць пер’е’.

Растара́цца ’набыць, прыдбаць, знайсці (пераважна пазычыць што-небудзь)’ (бялын., Янк. 3.). Дээтымалагізацыя ў выніку скарачэння доўгага зычнага на стыку прыстаўкі і кораня ў расстарацца. Да старацца (гл.).