Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вілю́жка ’узор вязання’ (рэч., Мат. Гом.). Дэмінутыў да вілюга1 (гл.). Параўн. укр. вилю́жка ’завілістая лінія арнаменту на яйках’; ’скрыўленне’, а таксама рус. валаг. вилю́шка ’завіліна’, хітрыкі’.

Вілю́жына ’звіліна’ (КТС, БРС), утворана пры дапамозе апелятыўнага суф. ‑іна ад вілюга1 (гл.). Сюды ж вілю́жны ’звілісты’, вілюжыны, вілюжыць КТС).

Віля ’віла’ (КТС). Запазычана з польск. willa ’тс’ у вымаўленні замежных слоў у бел. мове ў 20‑х гадах XX ст.

Вілявы ’завілісты, пакручасты, пятляючы’ (КТС) — прыметнікавае ўтварэнне ад віляць (гл.). Параўн. рус. валаг., арханг. виля́вый ’завілісты’.

Вілянка ’пятляючая (рака); серпанцін’ (КТС). Утворана ад дзеяслова віляць (гл.) і суф. ‑ан‑к‑а.

Вілясты ’пакручасты, завілісты, пятляючы’ (КТС). Утвораны ад дзеяслова віля́ць (гл.) і суф. ‑яст‑ы, характарызуецца дзеяннем, абазначаным утвараючай асновай. Рус. вилястый ’нешаткаваная капуста’; ’цэлым качаном’ паходзіць ад вило́й ’звілісты, закруглены’.

Віляхво́ст ’падліза, чалавек, схільны да ліслівасці’ (Бяльк.) — складанае слова ад віля́ць і хвост (гл.).

Віля́цца ’церціся каля чаго-небудзь’; ’хавацца’; ’ухіляцца’ (Нас.). Зваротны дзеяслоў да віляць (гл.).

Віля́ць ’махаць, хістаць, паварочваючы збоку’; ’рухацца па звілістай лініі’; ’ухіляцца ад прамога адказу, хітрыць, падманваць’ (Нас., КТС, БРС, Шат., КЭС, лаг.). Укр. виляти ’віляць (напр., хвастом)’; ’ухіляцца ад працы’; ’весяліцца, гуляць, ганяцца’, рус. варон., валаг. вилять ’зварочваць з дарогі’; ’гойсаць, шныраць, ухіляцца, пазбягаць каго-небудзь’; ’кідацца з боку ў бок’; ’ухіляцца з прамога шляху, хітрыць’, ви́ля ’нясталы чалавек, ветрагон’, польск. wilać ’махаць (хвастом)’, уст. wilać się ’віцца (аб дыме)’. Іншыя славянскія адпаведнікі семантычна звязаны больш з прасл. лексемай vila ’міфічная істота, фея, русалка’; ’вар’ятка’; ’вядзьмарка, чараўніца’, польск. wiłować ’шалець, вар’яцець, губляць галаву’, чэш. vilniti ’быць юрлівым’, ст.-чэш. vilovati ’дрэнна паступаць, распутнічаць’, макед. вилнее ’бушаваць, бясчынстваваць’, чым з віляць, ад якой яны фармальна адрозніваюцца. Таму можна дапусціць інавацыю ўсх.-слав. *виляти, якое, відаць, з’яўляецца роднасным ад літ. уст. vìlti ’здраджваць’ (Атрэмбскі, 2, 33), vilióti ’вабіць, падманваць, спакушаць’, apvìlti ’падманваць, расчароўваць’, vỹlius ’падман, спакушэнне, каварства’. Шанскі (1, В, 99); Пелікан (LF, 1929, 56, 244), Фасмер (1, 315), Брандт (РФВ, 18, 8), Младэнаў (66), КЭСРЯ (81) мяркуюць, што лексема з’яўляецца суфіксальным дэрыватам ад вилыи ’завілісты, пакручасты’ (< *вить і суф. ‑л‑). Петарсан (AfslPh, 36, 152) звязвае лексему вилять са ст.-інд. vḗllati ’хістаецца’, vēllitas ’хвалісты, гарбаты’, пракр. velli, vellā ’павеўная расліна’.

Вімба ’рыба cyprinus’ (Герд, Дыял. Прыб. канф.), рус. вимба, вымба ’тс’. Запазычана з балтыйскіх моў; параўн. лат. vimba < літ. vim̃ba, у якія гэта лексема прыйшла з ліўск. vīmpa < эст. vimb, фін. vimpa (Фасмер, 1, 368; Лаўманэ, Zivju, 248).