Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Стакро́ць ж. р. ‘сто разоў’, прысл. ‘у сто разоў’ (Нас., Байк. і Некр.), сто́краць ‘тс’ (Гарэц., Касп.). З польск. stokroć ‘тс’, якое ад sto ‘сто’ і ‑kroć; апошняе да прасл. *kortъ (параўн. рус. стокра́т), якое чаргаваннем галосных звязана з *čersti, *čьrtǫ ‘рэзаць’; параўн. сінонім раз < рэзаць; гл. Фасмер, 2, 368–369; Махэк₂, 290.

Сталава́ць ‘вытаптаць, стаптаць, змясіць’ (Юрч.), ста́ловаць ‘тс’ (ТС). Гл. талаваць ‘таптаць, мяць’.

Сталі́нда (столі́нда) экспр. ‘худзізна’ (шчуч., Сл. ПЗБ), станклі́да іран. ‘высокі хударлявы чалавек’ (Мат. Маг.). Паводле аўтараў Сл. ПЗБ (4, 589), з літ. stuolỹs ‘корч’, што малаверагодна. Магчыма, звязанае з скулінда, скаланда (гл.) з набліжэннем да тонкі, танклявы.

Сталі́ца ‘галоўны горад дзяржавы; цэнтр’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), столі́ца ‘цэнтр чаго-небудзь’ (ТС), ст.-бел. столица ‘тс’ (XVII ст., Карскі, 1, 415). З польск. stolica ‘трон, галоўны горад’ як чэшскае семантычнае запазычанне, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 340; Кохман, Stosunki, 129–130.

Ста́ліць ‘спрасці вельмі тонкай ніткай, высокаякасна’ (мёрск., Ск. нар. мовы). Уяўляе прыставачнае ўтварэнне ад талі́ць ‘прасці вельмі тонкай ніткай, высакаякасна’ (там жа), параўн. та́лька ‘тонкая нітка пры прадзенні; маток нітак’, гл.

Ста́лка ‘частка, столка’ (ганц., стаўб., калінк., Сл. ПЗБ; навагр., Нар. сл.; ТС; жытк., Жыв. сл.), сталь ‘тс’ (ТС), ста́лка ‘пласт, пасма’ (Сержп. Прымхі), ста́лкі ‘пацеркі’ (Сакал.). Укр. ста́лка, ста́лька ‘тс’. Звязана з столка (гл.) чаргаваннем галосных у корані. Не выключаны ўплыў папярэдняга слова.

Стало́ка ‘таўханіна, таўкатня’ (Ласт.), сталачы́ць ‘стаптаць’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ), столокова́ць, столо́чыць (ТС). Гл. талака.

Стало́п, сталапо́к ‘слуп’ (даўг., Сл. ПЗБ), сюды ж сталапе́ць ‘аслупянець’ (Федар. 4). Да стоўп (гл.). Параўн. сто́лап (гл.).

Ста́лы ‘салідны, дарослы’, ‘грунтоўны’, ‘пастаянны, нязменны’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Федар. 4, Сержп. Прымхі, Варл.). Укр. ста́лий, польск. stały ‘пастаянны, нязменны’, чэш. stalý, славац. stály, серб.-харв. ста́лан, славен. stȃlen ‘тс’. Да стаць, першапачаткова незалежны дзеепрыметнік прошлага часу; гл. Сной₁, 604.

Сталь ‘цвёрды метал серабрыста-шэрага колеру’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Пятк. 2). Укр. сталь, рус. сталь ‘тс’. Запазычанне з польск. stal, дзе адзначала з XV ст. і ўзыходзіць да с.-в.-ням. stahl ‘тс’ (гл. Брукнер, 512; Карскі, Белорусы, 180; Фасмер, 3, 744; Нававейскі, Zapożyczenia, 262). З польскай таксама сталёвы (Нас., ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ) < stalowy, пры народных утварэннях сталяны́ (Рам., 1–2; Шэйн. 1, Растарг.), ста́ліць ‘загартоўваць’ (Нас., Сержп. Прык.). Стальны́ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), магчыма, з рус. стальной.