Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Па́шпарт ’дакумент для пасведчання асобы’, ’пасведчанне з асноўнымі звесткамі пра прадмет, машыну’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’білет, пропуск’ (Шпіл.), ст.-бел. пашпортъ ’пашпарт’ (1638 г.) запазычаны са ст.-польск. paszport, якое са ст.-франц. passeport ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 35; Кюнэ, 86).

Пашпа́рыць1 ’хутка пайсці’ (в.-дзв., Шатал.). Да па- і шпаркі (гл.). Аналагічна літ. skúosti ’хутка пайсці’ (< skubùs ’паспешны, шпаркі’, paskubà ’паспешнасць’).

Пашпа́рыць2 ’кінуць, шпурнуць’ (дзярж., Нар. сл.). Балтызм (?). Параўн. брасл. шпа́рг̌ацца ’кідацца’, раг. шпа́рг̌аць ’кідаць чым-н., шыбаць, шпурляць’ (Сл. ПЗБ), роднасным да якіх Грынавяцкене (там жа, 5, 495) лічыць літ. spirgė́ti ’кідацца’. Галосны а́ з ‑і‑, дзякуючы наступнаму ‑r‑.

*Пашпу́дзіць, драг. пошпудыты ’шпурнуць, кінуць з размаху’ (Клім.). Да па- і + шпу́дзіць, якое ўтварылася ў выніку кантамінацыі лексем шпурнути ’шпурнуць’ і пу́дыты ’пудзіць, гнаць’, параўн. і драг. пэндыты ’імкліва бегчы, ляцець’ < польск. pędzić ’тс’. Да прасл. рдиШ > пу́дзіць (гл.). Больш падрабязна гл. Фасмер, 3, 402; Махэк₂ > 497.

Пашпэ́ціць ’сцягнуць, паморшчыць’ (ваўк., Сцяшк. Сл.). Да па- і шпэціць ’рабіць непрыгожым, брыдкім’ < польск. szpecić ’псаваць выгляд, брыдзіць’ (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 498), (o)szpacić < HHM. Spath (Брукнер, 553). Махэк₂ (620) жа звязвае чэш. špatny (з першасным значэннем ’слабы’) паходжаннем з літ. pešti, pentii ’знясільвацца, стамляцца’, да якога дадавалася ўзмацняльная прыстаўка s-.

Паштакава́ць (экспр.) ’аблізаць’ (нараўл., Жыв. нар. сл.). Відаць, з пакаштаваць ’паспытаць на смак’.

Пашталтне́ць ’набыць страшнейшы выгляд’ (Варл.). З польск. + po‑kształtnieć < kształt ’форма, выгляд, від’.

Пашта́мт ’галоўная пошта горада’ (ТСБМ). Праз рус. почтамт або праз польск. pocztamt з ням. Postamt ’тс’. Спалучэнне ‑чт‑ на бел. глебе змянілася ў ‑шт‑ (як у пошта).

*Пашта́р, пошта́р ’званец летні, Rhinantus L. aestivalis (Zing)’, ’званок на дузе’ (ТС). Да пошта (гл.). Краска названа паводле падабенства формы кветкі да званочка, прымацаванага на дугах вупражы паштовых карэт.

Пашто́ ’нашто’ (Касп.; ашм., Сл. ПЗБ; браг., Шатал.). Рус. паўн., сіб. пошто́ ’тс’. Бел. лексема можа быць не толькі запазычаннем з рус. мовы, але і калькай з польск. po co ’тс’, ’чаму’.

Паштоўка ’адкрытае пісьмо’ (ТСБМ). З польск. pocztówka ’тс’.