Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Спрат ‘начынне’ (Нас., Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘памяшканне, месца для захоўвання, сховішча’, ‘месца, дзе можна схавацца’, ‘тайнік’ (ТСБМ, Варл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. спрятъ ‘хатні скарб, гаспадарчыя прылады, начынне’ (Ст.-бел. лексікон). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 186), ст.-бел. спратъ (спрадъ, спретъ) ‘інвентар, маёмасць, рэчы’, ‘прадмет дамашняга туалету’, ‘месца захавання’ з ст.-польск. sprzęt ‘тс’. Польскае слова з’яўляецца аддзеяслоўным назоўнікам ад прыставачнага sprątać, што да прасл. *prętati (гл. пратаць); параўн. Борысь, 572, адкуль, відаць, і спронт ‘шапік для посуду’ (Сл. рэг. лекс.). Няясныя адносіны да серб.-харв. спра̏т ‘паверх’, якое Путанец (Rasprave, 29, 242–245) разглядае як метатэзу *stropъ (гл. строп2), а вакалізм о > а тлумачыць уздзеяннем субстрата. Сумніўна.

Спрача́цца ‘весці спрэчкі; пярэчыць каму-небудзь’ (ТСБМ). З польск. sprzeczać się ‘тс’.

Спро́гчыся ‘здохнуць’ (Сцяцко Сл.). Гл. апрэгчыся.

Спро́нжка ‘спражка’ (Шат., Сцяшк., Жд. 1), спро́нжка, спро́ншка, спро́нчка (Сл. ПЗБ). З польск. sprzączka ‘тс’ (Сл. ПЗБ, там жа), sprzążka (Брукнер, 436).

Спро́ца ‘рагатка’ (Сцяшк.). Гл. проца.

Спружы́на ‘пругкая металічная палоска або спіраль’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Бяльк.), спрунжы́на ‘тс’ (Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), спрунджы́на ‘тс’ (Бяльк.), спранджы́на ‘тс’ (Варл.). З польск. sprężyna ‘тс’; параўн. укр. спружи́на ‘тс’; у іншых славянскіх мовах без s‑. Шульман (Полымя, 1926, 8, 211) мяркуе пра пасрэдніцтва мовы ідыш праз форму Sprusschine ‘тс’, што цяжка давесці. Гл. пружына.

Спружыно́ўка ‘барана, дзеянне якой заснавана на дзеянні пружын’ (ТСБМ), ‘культыватар’ (Сцяшк.), спружыны́вка ‘культыватар’ (Сл. ПЗБ). З польск. sprężynówka ‘тс’. Параўн. пружыноўка.

Спрут ‘гібель’: на спруты ‘на чорта’ (беласт., Дзядзька Квас, Роздум на калёсах, Беласток, 1995, 57), спру́та ‘смерць; халера’ (Сцяц. Сл.), ‘пагібель’ (кам., ЖНС). Адваротны дэрыват ад спруці́цца ‘памерці’ (ТС), ‘стаць пруткім’ (Стан.). Гл. прут, апруцянець.

Спры́вяль ‘абрыў’ (шчуч., З нар. сл.). Няясна; магчыма, балтызм.

Спры́ндзіцца ‘згінуць, загінуць’ (Скарбы; шчуч., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), ‘згарнуцца, скруціцца’ (Сцяшк. Сл.), сюды ж spryndziło dziasna (Арх. Федар.) з няясным значэннем. Параўн. прындзіцца (гл.). Несумненна, экспрэсіўнае ўтварэнне з шырокім спектрам значэнняў, што абцяжарвае вызначэнне зыходнага. Запісанае Развадоўскім спіры́нджыць у складзе кляцьбы са значэннем ‘каб цябе спёрла!’, суаднесенае з літ. sprę́sti ‘рашаць’, прызнаецца Лаўчутэ (Балтизмы, 149) недастаткова аргументаваным балтызмам. Магчыма, экспрэсіўны варыянт з назалізацыяй да спры́ціцца ‘згінуць, памерці’ (Сцяшк. Сл.), гл. спрыта.