Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пада́так ’абавязковы збор з прадпрыемстваў і насельніцтва’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Грыг.). З польск. podatek ’тс’. Па дадзеных Гіст. лекс., 238, у бел. м. з’явілася ў 60‑х гадах XIX ст.

Пада́тлы ’прыемны’ (ТС). Да даць, даваць. Параўн. літар. падатлівы.

Пада́чка ’эпілепсія’ (Сл. ПЗБ), па́даная балезнь ’тс’ (Жыв. сл., мядз.). Гл. падучка.

Падаяна ’перадача’ (Мат. Гом.), падая́нак ’падарунак’ (Сцяшк. Сл.), пада́янка ’міласціна’ (Жыв. сл., валож.), падае́нне ’тс’ (Мат. Гом.). Да даць (гл.). Утворана ад залежнага дзеепрыметніка на ‑н‑ дзеяслова *падаяць ’пада́ць’ (параўн. падаяць у Насовіча, ст.-рус. падаяць > падаяние (XII ст.). Гом. падае́нне, відаць, пранікненне з рус. тэрыторыі.

Падбародак, падбароддзя ’месца паміж барадой і шыяй; падбароддзе’. Агульнаслав.: рус. подборо́док, укр. підборо́док, польск. podbródek, чэш. podbradek, славац. podbradok, серб.-харв. по̀дбрадак, славен. podbrádek, балг. подбрадък. Конфікснае ўтварэнне з прыст. pod‑ і суф. ‑ъk ад borda (гл. барада).

Падбе́л ’расліна падбел, Tussilago farfara L.’ (ТСБМ, Шат., Касп., Кіс., Бейл., Сл. ПЗБ), ’крываўнік звычайны, Achillea millefolium L.’ (Шат., Кіс., Бяльк., Сл. ПЗБ, Арх. ГУ, лельч.; Бейл.), подбе́л ’розныя дзікія і культурныя расліны з белымі кветкамі ці апушэннем’ (ТС), подбі́ў ’крываўнік звычайны’ (Маш.). Рус. подбе́л назвы розных раслін, у тым ліку Tussilago farfara L., укр. підбі́л ’тс’, польск. podbiał ’Tussilago farfara L.’, чэш. podběl, серб.-харв. по̏дбел, по̏дбео ’тс’, славен. podbeľ. Прасл. podъbelъ. Да бе́лы (гл.) (Махэк₂, 466).

Падбе́лы ’горкія грыбы белага колеру, якія соляць на зіму’ (Мядзв.). Да белы.

Падбой1 ’ніз вопраткі, падшыты іншым матэрыялам’ (Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ, Нар. сл., гродз.), падбіцьце́ ’падкладка’ (Шат.), падбі́це ’тс’ (Сл. ПЗБ). Рус. подбо́й, укр. підбі́й. Да падбіць з чаргаваннем галоснага ў корані. Варыянт падбіцьце, відавочна, з польск. podbicie ’падкладка’.

Падбой2 ’натруджанае, падбітае месца на назе’ (ТСБМ; Нар. сл., навагр.; З нар. сл., карэл.; Нар. лекс., слонім.), ’нарыў пад мазалём’ (ТС). Да падбіць < біць.

Падбор ’абцас’ (ТСБМ, Шат., Касп., ТС, Інстр. I), пудбо́р ’тс’ (Тарн.). Рус. подбо́р, укр. подбі́р ’тс’. Да падабраць < браць (гл.). Семантыка зразумелая з тлумачэння ’абцас, зроблены з кавалкаў скуры’ (ТСБМ), г. зн. падабраны.

Падбукро́йціць ’падгаварыць, падбухторыць’ (Янк. 1, Мат. Гом.). З падбухторыць (гл.), відаць, у выніку кантамінацыі з нейкім іншым словам.