Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вурга́ніць ’валіць адно на другое без парадку, рабіць абы-як’ (Нас.). Відаць, немагчыма разглядаць асобна ад варганіць ’тс’; узыходзіць да незафіксаванага *вурга́ць, вургану́ць ’кідаць, штурхаць’, што адпавядае балг. въ́ргам ’перакульваць, валіць’, чэш. vrhati, славац. vrhať ’кідаць’ і інш.; адносна семантыкі параўн. таксама балг. арг. върго́лю ’рабіць, працаваць’.

Вургу́ль ’цвёрды нарост пад скурай’ (мсцісл., З нар. сл.). Відаць, не можа разглядацца асобна ад варгу́ль ’нарост на дрэве’ (палес., Цыхун, вусн. паведамлю; як і паралельнае да яго балг. радоп. вьргу́л’ ’камяк зямлі ці невялікі моцны камень’, варгу́лʼка ’тс’ з’яўляецца хутчэй за ўсё самастойным аддзеяслоўным утварэннем, параўн. бурду́ль ’пухір’ і бурдзе́ць ’закісаць’, незафіксаваны дзеяслоў павінен быў бы мець форму *вурга́ць (гл. вурганіць) ’кідаць, штурхаць’ з характэрнай для назоўнікаў з такім значэннем суфіксацыяй.

Ву́рда ’вяртушка, буркаўка’ (навагр., Жыв. сл.). Гукапераймальнае.

Вурдала́к ’ваўкалак’ (КТС). Рус. вурдала́к лічыцца выключна кніжным словам, узнікшым у выніку недакладнай перадачы волкола́к, вуркола́к (Вінаградаў, ДСИЯ, 6, 9 і наст.; Трубачоў, Дополн., 1, 366; Шанскі, 1, В, 216); адсутнасць фіксацыі бел. слова ў народнай мове не дае падстаў для яго этымалагізацыі на мясцовай глебе і прымушае разглядаць як кніжнае запазычанне з рус. мовы. Аднак балг. іхцім. вурдала́ ’дрэнны чалавек, з якім цяжка знайсці агульную мову’ (калі гэта не запазычанне) і іншыя факты робяць праблематычным сцверджанне аб штучным паходжанні гэтага слова; хутчэй за ўсё гэта слова паўднёваславянскага паходжання (магчыма, уведзенае Пуцінным, гл. Вінаградаў, там жа), дзе яно можа суадносіцца з балг. върда́лям ’перакідаць, перакульваць’, як балг. въркола́к ’ваўкалак’ з върка́лям ’валяцца па зямлі’, што адлюстроўвае «тэхналогію» пераходу чалавека ў такі стан; параўн. перакі́нуцца (воўкам або інш. зверам), рус. о́боротень і пад. (Згодна ўяўленням палешукоў, такі чалавек мог стаць зверам, часцей за ўсё воўкам або зайцам, забіўшы нож у дрэва і перакуліўшыся цераз галаву ці пакачаўшыся па зямлі, КСТ). Менш верагодна вывядзенне гэтага слова з цюрк. obur‑da‑lak ’пражэрлівы’ ад кораня obur ’абжора’ (Дзмітрыеў, Лекс. сб., 3, 40).

Вуржэ́ць ’гудзець’ (КТС). Гукапераймальнае.

Вурза́лак ’кусок дрэва; вялікі камяк у страве; бясформенны кавалак’ (КСП). Магчыма, да ву́рзаць ’прагна есці, глытаць’ ці ’стукаць, біць’, гл. ву́рзнуць, націск і словаўтварэнне, магчыма, пад уплывам назоўнікаў з падобнай семантыкай (кава́лак, бурва́лак, вурва́лак і інш.).

Ву́рзаць ’хлябтаць, сёрбаць’ (Касп., Шн., 3, 35), рус. ворзать ’прагна глытаць, хлябтаць’. Рус. слова Шахматаў (ИОРЯС, 16, 4, 20) звязвае з варза́ть ’рабіць абы-як, дрэнна; брудзіць; жартаваць’ (гл. таксама Фасмер, 2, 275 і 351), паходжанне якога застаецца няясным. Магчыма, звязана з прус. warzus ’губы’ якое Брукнер (602) з пэўнымі агаворкамі звязвае з польск. warga, аднак больш верагодна — гукапераймальнага паходжання; параўн. чэш. vrzati ’скрыпець, выдаваць гук’, пра апошняе гл. Махэк₂, 701.

Вурзґаўка ’дзіцячая цацка, буркаўка’ (в.-дзвін., Шатал.), ву́рзгалка ’тс’ (КСП). Ад ву́рзґаць ’утвараць гук, падобны на гудзенне’ (гл.).

Ву́рзґаць ’утвараць гук, падобны на гудзенне’ (в.-дзвін., Шатал.), ву́рзгаць ’сёрбаць’ (круп., Нар. сл.), вурзґо́ліць ’есці’ (міёр., Нар. лекс.). Відаць, звязана з ву́рзаць ’хлябтаць, сёрбаць’ гукапераймальнага паходжання, параўн. славац. vŕzgať ’скрыпець’, могуць быць збліжаны з літ. burzgė́ti, bùrzga ’гудзець, бурчаць’ (параўн. Махэк₂, 701); адносна дэтэрмінатыва ‑г‑ гл. шматлікія прыклады з славянскіх моў: Куркіна, Этимология, 1972, 64 і наст.

Вурзець ’павольна ісці, плесціся’ (Янка Купала, Ванк. дыс.). Няясна; магчыма, звязана з ву́рзаць ’хлябтаць, сёрбаць’ або з ву́рда ’буркаўка, вяртушка’, тады зыходная форма была б *вурдзець ’куляцца, бурчаць’, відаць, гукапераймальнае.