Вургу́ль ’цвёрды нарост пад скурай’ (мсцісл., З нар. сл.). Відаць, не можа разглядацца асобна ад варгу́ль ’нарост на дрэве’ (палес., Цыхун, вусн. паведамлю; як і паралельнае да яго балг. радоп. вьргу́л’ ’камяк зямлі ці невялікі моцны камень’, варгу́лʼка ’тс’ з’яўляецца хутчэй за ўсё самастойным аддзеяслоўным утварэннем, параўн. бурду́ль ’пухір’ і бурдзе́ць ’закісаць’, незафіксаваны дзеяслоў павінен быў бы мець форму *вурга́ць (гл. вурганіць) ’кідаць, штурхаць’ з характэрнай для назоўнікаў з такім значэннем суфіксацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)