Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сна́дна ‘зручна, выгадна’, сна́дны ‘выгодны’ (Нас.), сюды ж сна́дні ‘добра’ (Мат. Маг.), ст.-бел. снадный ‘зручны, выгадны, лёгкі’, дыял. укр. сна́дний ‘лёгкі, падатлівы, шчодры’, рус. смал. сна́дный ‘выкананы старанна і дакладна; акуратны’. З польск. snadny ‘лёгкі’, snadnie ‘зручна, лёгка’ (Карскі, Белорусы, 149). Борысь (SEK, 4, 336) заходнеславянскія формы ўзводзіць да прасл. *snadьno, з якога *snadьnъ ад назоўніка або прыслоўя *snadь, гл. снадзь.

Сна́йпер ‘меткі стралок, майстар меткай стральбы’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. сна́йпер ‘тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 82); у апошнім з англ. sniper < snipe ‘страляць з укрыцця, паляваць на бакасаў’, што звязана з snipe ‘бакас’ (Чарных, 2, 182; ЕСУМ, 5, 332).

Снара́д ‘гарматны боепрыпас’ (ТСБМ), ‘ступка з таўкачом’ (Сцяшк. Сл.), знара́д ‘гарматны набой’ (Некр. і Байк.). Ст.-рус. снарядъ сустракаецца ў перадачы слоў гетмана Хадкевіча ў 1615 г.: велѣлъ ис снаряду палит, што можа сведчыць пра наяўнасць слова ў спецыфічным значэнні ‘гармата’ ў старабеларускі перыяд, у той час, як у рускіх помніках шырока ўжывалася нарядъ ‘артылерыя’ (Адзінцоў, Этимология–1981, 89–90). У сучаснай літаратурнай мове, хутчэй за ўсё, запазычана з рус. снаряд. Гл. Трубачоў, Дополн., 3, 697; ЕСУМ, 5, 333. Гл. нарад.

Снасць ‘неабходныя інструменты, прылады, прыстасаванні для якога-небудзь занятку’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Касп., Сержп., Пятк. 2, Сцяшк., ТС; брасл., пух., лях., Сл. ПЗБ), ‘збруя, панарад’ (Кольб., Сл. ПЗБ), ‘вяроўка, канат’ (Ласт.), снась, снасць ‘доўгая пяньковая вяроўка, якая выкарыстоўваецца для тармажэння плыта’ (падзв., Нар. сл.), снасць (або нарад) до кросён ‘прыстасаванне для ткання’ (Уладз.), снасць, мн. л. снасці: рыболоўные снасці ‘прыстасаванні для рыбнай лоўлі’ (Крыв.), сна́сці ‘лапці, сплеценыя з вяровак’ (Сакал.), снасці́на ‘хамут’ (Сержп. Прык.). Укр. снасть ‘каркас; касцяк’, рус. снасть ‘прылады, інструменты’, стараж.-рус. снасть ‘прылады, збруя; узбраенне, даспехі’. Прасл. паўн. *snastь, паводле Слаўскага (SP, 2, 44), утворана пры дапамозе з суф. ‑tʼ‑ ад прасл. *snaditi ‘злучаць, змацоўваць, прыладжваць’; параўн. яшчэ і стараж.-рус. снадь ‘паверхня, верх’. Аналагічна Праабражэнскі, 2, 344; Фасмер, 3, 696–697. Праславянскі дзеяслоў не мае пэўнай этымалогіі. Лічаць роднасным снадны, снадзь (гл.). У якасці паралеляў прыводзяць таксама лат. snāt ‘нямоцна скручваць’, ст.-ірл. snáthe ‘ніць’, ст.-англ. snód ‘павязка на галаву’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 973- 974; Фасмер, тамсама; ЕСУМ, 5, 333.

Снаўдулі́, снаўда́лі, снаўдэ́лі ‘агаткі, Antennaria Gaertn.’ (брасл., швянч., ігн., Сл. ПЗБ). З літ. snaudãlės ‘тс’, ад snausti ‘драмаць’, параўн. ад іх спаць хочацца (там жа).

Снег ‘зімовыя атмасферныя ападкі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС), снег, сніга́ ж. р. ‘тс’ (Бяльк.), ст.-бел. снѣгъ ‘тс’ (Альтбаўэр). Укр. сніг, рус. снег, польск. śnieg, в.-луж. sněh, н.-луж. sněg, чэш. sníh, славац. sneh, серб.-харв. сни̏јег, славен. snẹ̑g, балг. сняг, макед. снег, ст.-слав. снѣгъ. Прасл. *sněgъ роднаснае ст.-прус. snaygis, літ. sniẽgas, лат. snìgs ‘снег’, гоц. snaiws ‘тс’, грэч. νείφες ‘ідзе снег’, лац. nīvit ‘тс’, ням. Schnee ‘снег’, а таксама ст.-інд. sníhyati ‘мокнуць, станавіцца клейкім’ і інш. (гл. Траўтман, 272- 273; Покарны, 974) да і.‑е.*(s)nei​uh‑/*snig​uh ‘снег’; Фасмер, 3, 697 з літ-рай; Махэк₂, 564. Сной₁ (587–588) мяркуе, што прасл. *sněgъ і і.-е. *snig​uh першапачаткова абазначала ‘нешта клейкае, ліпкае, вільготнае’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1327–1328; Скок, 3, 297; Борысь, 619; ЕСУМ, 5, 334–335.

Снед ‘адтуліна, уваход у вуллі, калодзе’ (ЭШ, рук.), снедзь ‘дошчачка, якой закладваецца ўваход у вулей’ (ТС, Нар. Гом.). Гл. снет.

Сне́даць ‘есці раніцай’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат., Растарг., Бяльк., Сержп., Ласт., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. сні́дати ‘снедаць’, рус. зах., паўд. снеда́ть, сне́довать ‘снедаць, закусваць, перахватваць’, ст. польск. śniadać, в.-луж. snědać, н.-луж. snidaś, чэш. snídat ‘тс’, серб.-харв. snijedati ‘з’ядаць усё’, славен. snédati ‘з’ядаць, згрызаць, апусташаць, ласавацца’, ст.-слав. сънѣдати ‘спажываць’. Прасл. *sъnědati — дэрыват ад ітэратыва *ědati < *ěmъ, *ěsti ‘ем, есці’, пры *sъněsti ‘з’есці’. Гл. Фасмер, 3, 697; Махэк₂, 228; Шустар-Шэўц, 1327; Трубачоў, Проспект, 83. Традыцыйна маецца на ўвазе прэфікс *sъn‑ (гл., напрыклад, Карскі 1, 324), аднак Шустар-Шэўц (Этимология–1988–1990, 95) бачыць тут прыстаўку *sъ‑ і ўстаўны ‑n‑. Аддзеяслоўны дэрыват сне́данне ‘яда раніцай’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат., Растарг., Сл. ПЗБ), сне́данье ‘тс’ (ТС), сняда́нне ‘тс’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Варл.), як і ўкр. сніданне, польск. śniadanie, в.-луж. snědanie, н.-луж. snidańe, чэш. snídaně, разглядаецца як паўночнаславянская інавацыя; гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 90 і наст. Сюды ж сняда́нка ‘дзяўчына, якая праводзіць нявесту ў дом жаніха’ (Касп.), параўн. лун. сьне́дальніцы толькі мн. ‘сваячкі маладой, якія прыязджаюць да маладых раніцай пасля шлюбнай ночы’, укр. ров. сні́далніцы ‘тс’ (Гура, С і БФ, 1995, 322), укр. сні́дальниця ‘якая снедае (у прыватнасці, у вясельным абрадзе)’, гл. ЕСУМ, 5, 335.

Снедзік ‘гусіная цыбуля жоўтая, Gagea tutea Ker.-Gaevl.’ (гродз., Кіс.). Укр. сні́док ‘тс’, рус. дыял. снедо́к ‘маркоўнік’. З польск. śniedek, śniadek ‘гусіная цыбуля’. Паводле Махэка₂ (564), польскае слова (чэш. snědek з польскай) ад кораня *sněd‑ (гл. снедаць), г. зн. ‘ядомы’, паколькі цыбуліны гэтых раслін ядуць. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 335.

Сне́жань ‘дванаццаты месяц каляндарнага года’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.). Толькі беларускае; часткова (у каранёвай частцы) яму адпавядае рус. дыял. сне́жа ‘люты’. Утворана па традыцыйнай народнай мадэлі назваў месяцаў замест студзень раней ‘дванаццаты месяц’, цяпер ‘першы’. Магчыма, ад снежны ‘багаты снегам’ ці снежыць ‘ісці (пра снег)’ з суф. ‑ань, гл. снег. Спецыяльна гл. Шаўр, Этимология–1971, 98, 100.