Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Талакня́нка1 ’вечназялёная паўзучая расліна з чырвонымі ягадамі’ (ТСБМ), ’расліна Arctostaphylos Adans.’ (Кіс., Бяльк.), ’расліна мядзведжыя вушкі, Arctostaphylos uva-ursi (L.) Spreng’ (Дары); іншыя назвы талакня́нік (Сл. ПЗБ), талако́ннік, талача́льнік (Шмярко). Параўн. укр., рус. толокня́нка ’тс’. Вытворныя ад талакно (гл.), паколькі плод расліны ўяўляе шарападобную мучністую касцянку, што адлюстравалася і ў іншай народнай назве мучаннік (гл. мучан), параўн. Кісялеўскі, Аб нек. асабл., 30–31. Спробы Штэйнгольд (Этимология–1994–1996, 135–140) вывесці назву расліны з рус. сіб. талага́нник (ад якуц. талах ’расліна гарчак’) не пераконваюць.

Талала́ (тылыла́, тылылы́) ’пра балбатню’ (мсцісл., Нар. лекс.). Гукаперайманне, параўн. та‑та‑та ’пра тарахценне, балбатню’ (там жа) і ла-ла-ла (гл.), сюды ж з рознымі нарашчэннямі талало́й ’крык, гам, шум’ (ТС), талало́м фігуральна ’шумная гульба’ (Пятк. 2), талалёх: а мужык талалёх, талалёх, гдзе напіўся, там і лёг (Астравух, Ідыш-бел. сл.); сюды ж талала́хаць, талала́хкаць ’балбатаць’, талала́канне ’балбатня’, талала́й ’балбатун’, талала́йства ’зброд’ (гл.). Параўн. укр. талала́й ’балбатун’, талала́йство ’набрыдзь’, рус. талала́ ’картавы’, талалы́ ’балбатня, пустаслоўе’, талала́кать ’балбатаць, гаварыць’, польск. tałałajstwo ’набрыдзь, навалач, галота’, літ. talala (выгук), talalúoti ’балбатаць, трашчаць’ і інш. Паралельныя ўтварэнні ў асобных мовах, аднак звяртае на сябе ўвагу паўночнаславянскі арэал іх распаўсюджання, гл. таксама Фасмер, 4, 14; ЕСУМ, 5, 507; Махэк₂, 649.

Талала́й фігуральна ’язык’: за сценою косценою брэшэ талалай (загадка) (ТС), ’тс’: миж белиньких бярозак Та​ылалай брэша (барыс., Ляц.), ’брахлівы, звяглівы сабака’ (слуц., Жыв. НС). Укр. талала́й ’язык’: за билою березою талалай плеще (Грынч.), рус. смал. талалу́й ’тс’. Вытворнае ад талала́ (гл.) (ЕСУМ, 5, 507; Фасмер, 4, 14).

Талала́йства (талала́йство) ’зброд’ (беласт., Сл. ПЗБ), талала́ства, талала́йства ’зборышча, вечарынка’ (слаўг., Яшкін, вусн. паведамл.). Укр. талала́йство ’набрыдзь’, ’няпэўныя людзі’, талала́йство ’зборышча, натоўп’, польск. tałałajstwo ’навалач, набрыдзь, зброд’, tałalejstwo, taładajstwo, tałatajstwo ’тс’ (Варш. сл.). Вытворныя ад талалой ’крык, шум, гам’, гл. талала з т. зв. “вертыкальнай заменай” гукаў, магчыма, як вынік кантамінацыі. Звяртае на сябе ўвагу падабенства са славен. tolovȃjstvo ’разбой’, вытворнае ад tolovȃj ’бандыт, разбойнік’ з венг. tolvaj ’злодзей’ (Сной у Бязлай, 4, 195), аднак магчымая сувязь з ім застаецца няяснай. Фанетычна ненадзейнае вывядзенне адпаведных польскіх слоў з tałędać, tałyndać się ’валэндацца, валачыцца’, прапанаванае Брукнерам (564). Гл. і ЕСУМ, 5, 507.

Талало́й, тололо́й ’крык, шум, гам’, ’гармідар, беспарадак’ (ТС). Гл. талала. Сюды ж талалу́й ’вадкая мучная страва; балбатун, бесталковы чалавек’ (Касп.), ’дуркаваты чалавек’ (Шатал., Сл. рэг. лекс.).

Талалы́хаць (тълалы́хъць) ’ісці кульгаючы’ (мёрск., Нар. сл.). Гл. талыхаць.

Талалю́каць ’крычаць «талалю»!’ (Байк. і Некр.). Гукапераймальнага паходжання. Гл. талала.

Тала́мкаць ’малоць языком, плявузгаць’ (жыт., Жыв. сл.), тала́мкаць, таля́мкаць ’лапатаць, балбатаць’, экспр. ’несці’ (ТС). Дзеяслоў на базе выклічніка *талам!, што перадае боўтанне, параўн. талало́м, гл. талала.

Тала́н1 ’удача, шанцаванне; лёс, доля; шчасце’ (Нар. Гом., Ян., ПСл, Пятк. 2), ’талент’ (Касп.), ’разумнік, шчасліўчык’ (Яўс.), тала́н, тала́нь ’удача, шчасце’ (Мат. Гом., Растарг.), тала́н, тала́нт ’лёс, шчасце, удача’ (ТС), тала́нь ’дараванне, шчасце, доля’ (Байк. і Некр.), ’лёс’ (чач., Жыв. НС), ’талент; шчасце, доля’ (Нас., Бяльк.), ’шанцаванне’ (Юрч.), тала́ня ’ўдача’ (Касп.; б.-каш., ЛА, 3). Сюды ж тала́ніць ’удавацца, мець удачу’ (Нас., Касп.), ’шанцаваць, шчасціць’ (Некр. і Байк., Юрч. Вытв., ТС, Мат. Гом.; светлаг., б.-каш., ЛА, 3), тала́нлівы ’удачлівы’ (Нар. Гом.), ’шчаслівы; таленавіты, адораны’ (Нас.), тала́нны ’здольны’ (Жд. 3). Укр. тала́н ’доля, жыццёвы шлях’, рус. дыял. талан ’шчасце, удача; прыбытак, знаходка’. З цюркскіх моў, дзе тур. talan ’грабеж; здабыча’, кірг. талан ’шчасце’, якія паходзяць ад цюрк. tala ’рабаваць, нішчыць’ (ЕСУМ, 5, 507; Фасмер, 4, 14; Анікін, 529). Дапускаецца змяшэнне народнага тала́н, тала́нь з рус. талант, гл. талент.

Тала́н2 ’участак, няпэўная мера плошчы’ (карэліц., З нар. сл.). Няясна.

Тала́н3 ’званок, які чапляецца на шыю карове’ (докш., Сл. ПЗБ). Хутчэй за ўсё, гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання, параўн. укр. дыял. тала́нтати ’боўтацца, хістацца’.

Тала́н4 ’тоўсты, мажны’ ў параўнанні: сыты, як талан (Шат., Стан.). Магчыма, да талан1 (гл.) са значэннем ’удача’.

*Талані́ць, толоні́ць ’гаварыць недарэчнае’ (ТС). Звязана з талала (гл.); утварэнне ад гукапераймальнай асновы з экспрэсіўным суф. ‑ані‑ (‑оні‑), параўн. аналагічнае ўтварэнне ад пашыранай асновы талатоніць, гл.