Распаця́ківаць ’марудзіць, доўга разважаць услых, перш чым зрабіць што-небудзь’ (ветк., Ск. нар. мовы). Няясна; магчыма, да цяка́ць, ціка́ць ’высочваць, шукаць’ (гл.).
Распашэ́ндзіць ’растраціць’ (паст., Сл. ПЗБ). Да расшэ́ндзіць ’тс’ (гл.) з “інтэнсіўным” ‑па‑ (гл. папярэдняе слова).
Распераза́ць, распераза́цца ’зняць (з сябе), развязаць пояс, дзягу’ (Нас., ТСБМ, Сержп. Казкі, Растарг.), росперэза́цца ’тс’ (ТС), сюды ж вытворныя расперя́зка ’пояс’, расперя́з ’самая дробная мурашка, якая балюча кусаецца, вымушаючы тым самым распяразвацца’ (Нас.), разперя́за ’непадпаясаны, без пояса’ (Растарг.). Да пераза́ць (гл.), параўн. укр. роспереза́ти, роспері́зуватися ’тс’.
Распёр ’рыба жэрах’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Скарочаная назва жэраспе́р, шэраспе́р ’тс’ (Лекс. ландш., 110), параўн. польск. rozpiór ’тс’. Гл. жэрах.
Распіры́ндзіць ’разбалбатаць’ (віл., Жыв. сл.), распі́рындаваць ’прастарэкаваць’ (Сл. рэг. лекс.), распіры́нджываць экспр. ’разважаць пра нешта’ (полац., Нар. лекс.), распіры́нджвацца ’распараджацца’ (лаг., Гіл.). Гл. пірындзіць.
Расплата́ць ’разарваць’ (іўеў., Сл. ПЗБ), росплата́ць ’распластаць, разгарнуць, разрэзаўшы ўздоўж’ (ТС), расплата́цца ’паваліцца і выцягнуцца’ (Варл.), ’расцягнуцца’ (люб., ЖНС). Гл. плата́ць 2.
Расплаша́цца ’распасцерціся, распластацца’ (Ян.). Відаць, да плоскі (гл.).
Расплі́кнуць ’расшпіліць (аплік, гузік, запанку)’ (ТСБМ), расплі́кнуцца ’расшпіліцца’ (віл., Сл. ПЗБ). Гл. плік, плікнуць, параўн. заплікнуць ’зашпіліць’. Няяснымі застаюцца адносіны да літ. pliknė́ti ’хадзіць расхрыстаным’, літ. plikà, plikóji ’голая’, з якім аўтары апошняга слоўніка параўноўваюць слова. Гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 90.
Расплінтава́ць ’разраўняць, ачысціць паверхню зямлі, балота і пад.’ (ТСБМ). Да плінтаваць, плянтаваць (гл.).
Расплыта́ць ’распластаць’, ’расцягнуць’, ’распляскаць, распляжыць, расцягнуць у бакі’ (Байк. і Некр.). Сюды ж расплыту́ха ’тоўстая, сытая жанчына’ (Сцяц., Сцяшк. Сл.) і, магчыма, расплуту́хацца ’распластацца’ (Нас., Юрч.). Ад плытаць, гл. плытанка. Параўн. літ. plytė́ti ’рассцілацца, разлягацца’.