Пло́скі ’які не мае упадзін, узвышшаў, роўны, без пад’ёмаў і спускаў’ (ТСБМ, Сцяшк. МГ), ’слаба, някрута спрадзены’ (Уладз.; баран., Сл. ПЗБ; гродз., Сцяшк. Сл.: рас., талач., Шатал.), ’палогі (пра бераг ракі, возера)’ (карм., ветк., чач., ЛА, 2; ТС), ’худы (конь, карова)’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), ’шырокі (пра капыт)’ (карэліц., Нар. словатв.). Укр. пло́ский, рус. пло́ский, пло́сок, польск. ст.-мазав. płoski, чэш., славац. ploský, славен. plòsk ’плоскі’, plóska ’паверхня, раўніна’, серб.-харв. пло̏сан, макед. плосок, балг. плосък, ст.-слав. плоскъ. Прасл. *ploskъ, звязанае чаргаваннем галосных кораня з *plask‑, *plesk‑, *plěsk‑, якія з і.-е. *plok‑sko‑ ці *plək‑sko; роднаснае лат. plakans ’плоскі’, лац. placidus ’роўны, гладкі’, ’прыемны’, ст.-грэч. πλάξ ’раўніна’ (Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 113; Траўтман, 222; Фрэнкель, 602; Бязлай, 3, 61). Аднак Мее (Études, 332), Младэнаў (430), Фасмер (3, 285) дапускаюць магчымасць вывядзення лексемы плоскі з *plot‑sko і супастаўляюць апошнюю са ст.-інд. práthas ’шырыня’, авест. fraϑah‑, ст.-грэч. πλατύς ’шырокі, плоскі’. Гэтаксама Махэк₂ (462), які дапускае прасл. форму *plotъ (ŭ‑аснова), што ў чыстым выглядзе не захавалася, але ад яе утварылася плотва, плотка (гл.). Борысь, Папоўска–Таборска (ZPSS, 10, 27) на падставе славін. plos ’клоп’ рэканструююць рэліктавую форму *plosъ ’плоскі’, якая мае адпаведнікі на славянскім Поўдні. Абаеў (Этимология–1984, 21) мяркуе, што рус. плоский з’яўляецца роднасным рус. плохой.