Галаснікі́ ’доўгае пер’е ў хвасце пеўня’ (Шатал.). Гэтага слова няма ў іншых слав. мовах, невядома яго гісторыя, матывацыя (унутраная форма).
Галата́ ’беднасць; бедната, галота’ (Шат.). Як і гало́та, утварэнне ад *golъ ’голы; бедны’ (суф. ‑ota). Параўн. рус. го́ло́та́ ’бедната’, укр. голо́та ’тс’. Хістанне ў націску адлюстроўвае дыферэнцыяцыю значэнняў гэтага ўтварэння (у некаторых мовах), ‑otá (для абстрактных назваў), ‑óta (для канкрэтных назваў). Матэрыял з іншых слав. моў (але без рус. мовы) і агляд этымалогій гл. у Слаўскага, 1, 426–427 Фантастычна Фасмер, 1, 431 (да ц.-слав. глота, балг. гло́та ’натоўп, стада’, серб.-харв. гло̏та ’сямейства’ і г. д. < прасл. *gъlota).
Галаўня́ 1 ’спарыння’ (Сцяшк. МГ, Шатал.), галаве́нька ’тс’ (Шатал.). Гэта назва сустракаецца ў радзе слав. моў. Параўн. рус. головня́, укр. голо́вня́, польск. głownia, балг. главня́ ’тс’. Гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 76–79; Трубачоў, Эт. сл., 7, 12–13. У гэтай жа форме, але з іншым значэннем (’галавешка’) *golvьńa сустракаецца ў многіх слав. мовах і дыялектах (агляд гл. Трубачоў, там жа). Гэта значэнне лічыцца зыходным, а ’Ustilago, хвароба зерневых, спарыння’ — другаснае. Гл. Выгонная, там жа; Трубачоў, Эт. сл., 7, 13. Будзішэўска (Słown., 300) меркавала, што значэнне ’Ustilago’ — гэта інавацыя, што, бясспрэчна, няправільна (параўн. геаграфію слова і семантычныя паралелі, якія прыводзіць Выгонная, там жа, с. 77).
Галаўня́ 2 ’верхні вушак у дзвярах’ (Шатал.). Можна меркаваць, што тут, магчыма, захоўваецца адно з архаічных значэнняў слова *golvьńa, менавіта ’штосьці важнае, галоўнае і да т. п.’ Гэта значэнне не зафіксавана ў Трубачова (Эт. сл., 7, 12–13), што, аднак, не сведчыць аб немагчымасці яго існавання ў мінулыя часы. Менш верагодным здаецца вывядзенне «верхняга вушака ў дзвярах» з якога-небудзь вядомага значэння прасл. *golьbńa.
Галашча́чка ’непакрытая карова’ (Сцяц.). Няяснае слова. Сувязь з голы, здаецца, бясспрэчная, але словаўтварэнне вытлумачыць цяжка. Магчыма, складанае слова. Можна асцярожна ставіць пытанне: ці няма тут нейкай сувязі са словам галашчок (гл.)? У аснове такога называння мог ляжаць метафарычны перанос значэння ’непакрыты’: ’непакрытая (снегам) зямля (і таму замёрзлая)’ → ’непакрытая карова’ (гл. меркаванні адносна першаснай семантыкі слова галашчок).
Галашчо́к ’моцны мароз’ (Шат., Яшкін), таксама ’замёрзлая зямля без снегу’ (Шатал.), ’першы лёд на балоце, на рацэ’, ’мёрзлыя рунныя палі, груд з азімымі пасевамі’, ’адкрытае месца, узгорак, дзе вецер здзімае снег; гальнае замёрзлае балота’ (гл. у Яшкіна, там і геаграфія слова). Сустракаецца і форма галашчо́ка (Яшкін). Аналагічныя словы ёсць у іншых усх.-слав. мовах. Параўн. рус. голоще́к ’галалёдзіца; чысты тонкі лёд без снегу’, укр. голощі́к, голощо́к ’галалёдзіца; лёд, непакрыты снегам’. Можна меркаваць, што ў аснове назвы ляжыць вобраз: ’голыя, замёрзлыя шчокі’, ’шчокі непакрытыя, таму замёрзлыя’. Усе іншыя значэнні другасныя, узніклі пры дапамозе метафарызацыі. Гэта асабліва адносіцца да розных назваў рэльефу.
Галгая́нка ’дурнаватая жанчына’ (Жд. 2). Слова невядомага паходжання: не знаходзіцца роднасных або падобных лексем, якія маглі б праясніць этымалогію галгая́нкі.
Галда́ ’галас’ (Сцяшк. МГ, Шат.), галда́ць ’невыразна гаварыць’ (Шат.). Дакладныя адпаведнікі ў рус. мове. Параўн. рус. га́лда́ ’крык, голасныя размовы, лаянка; крыклівы чалавек’, галде́ть ’крычаць, лаяцца, лаяць каго н.; гаварыць, размаўляць; зваць каго-н.; лодарнічаць’, га́лдить (аналагічныя значэнні) і да т. п. Этымалогія не вельмі ясная. Паводле Фасмера, звязана з польск. gałda ’шум, гвалт’ і далей праз *galъda з германскімі формамі (гоц. goljan ’вітаць’, ням. gellen ’голасна гучаць, крычаць’). Падрабязна Брукнер, 48, 209 (гл. яшчэ Брукнер, 140: пад giełda). Гл. яшчэ Шанскі, 1, Г, 14 (які лічыць першапачатковай формай у рус. мове окаючыя го́лда́ і да т. п.). Усё ж такі канчатковай этымалогіі яшчэ няма (мяркуемая суфіксацыя ‑d‑ не можа быць бясспрэчнай). Бел. дзеяслоў галда́ць не мае адпаведнасці ў рус. мове, дзе прадстаўлены толькі марфалагічныя тыпы галде́ть, галди́ть.
Галда́вы ’гугнявы’ (Жд. 2). Бясспрэчна, звязана з галдаць ’невыразна гаварыць’, якое адносіцца да галда́ ’галас’ (гл.).
Галда́ць ’невыразна гаварыць’ (Шат.). Гл. галда́ ’галас’.
Галду́н ’варэнік з мясам або грыбамі’ (Шат.). Шатэрнік (там жа) выводзіць гэта слова з польск. kołdun, kołduny.