Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Распарэ́х ’прарэха’ (ганц., Сл. ПЗБ; Ян.) і ’разрэз на адзенні’ (Наша Ніва, 2005, 4 лістап.), ’распорка, дзірка’ (Сцяшк. Сл., Мат. Гом.), роспорэ́х, роспорэ́ха ’разрэз, прарэх’ (ТС). Ад распароць, гл. паро́ць; параўн. серб.-харв. ра́спор ’разрэз’. Незвычайная суфіксацыя прымушае дапусціць кантамінацыю распорак (гл.), прарэх (гл.), параўн. кантамінаваную форму распрарэ́х (ганц., Сл. ПЗБ).

Распаса́жыць ’праматаць, прагуляць’, распасо́жыць ’дарэмна растраціць’ (віл., Нар. сл.), распаса́чыць ’расходаваць’ (Касп.), распаса́дзіць (рыспыса́дзіць) ’растраціць, растранжырыць’ (Юрч.). Няясна; сувязь з пасаг (гл.) невыразная (’растраціць усё, уключна з жончыным пасагам’?). Магчыма, звязана з польск. pasożyt (*pasorzyt) ’паразіт, дармаед’, адносна якога гл. Брукнер, 399, 478.

Распасо́рыць, распашо́рыць ’растраціць’ (Варл.; пух., віл., астрав., Сл. ПЗБ), распасэ́рыцца ’раздурыцца’ (Жд. 2). Гл. пасо́рыць.

Распасце́рціся ’раздацца, раздзьмуцца, раскрыцца, заняць сабой шырокі абшар, шырока сесці або легчы’, ’натапырыцца’ (ТСБМ; шчуч., Сл. ПЗБ; Бяльк.), распасцірацца ’гаварыць многа’ (Растарг.), фіксуецца ў XVI ст. ст.-бел. розъпостри (Карскі, 1, 95). Параўн. польск. rozpostrzeć, rospościerać ’сцяліць’, славен. razprostirati, razprostreti ’тс’, ’распасціраць’. Паводле Брукнера (522), каранёвая частка ў славянскіх мовах часцей за ўсё ў спалучэнні з прыстаўкай *pro‑, параўн. прастора, прасцерці (гл.), з чаргаваннем галосных асновы (< *stre‑, *ster‑, *stor‑, *stъr‑ і інш.), сюды ж распастыры́ць ’распасцерці’ (Сцяц.), распастры́ць ’разаслаць, разгладзіць’ (Сцяшк. Сл.).

Распатвор́ыць ’распусціць пры патуранні, раздурыць’ (Янк. 3., Жд. 1), ’разбэсціць’ (Мат. Гом.), ’распесціць’ (маг., Наша слова, 2002, 16 кастр.), распотворы́ць ’распусціць, даць волю’ (ельск., Жыв. НС). Гл. патвараць, патвор.

Распатла́ны ’раскудлачаны, растрапаны’ (ТСБМ), ’шчыры, самаадданы’ (Сцяшк. Сл.), распэ́тланы ’кудлаты, непрычасаны’ (там жа). Гл. патла́ты. Развіццё значэння ’шчыры’ незразумелае.

Распато́рыць ’патраціць на пустое’ (Сцяшк. Сл.). Звязана з прато́рыць, праце́рці (Ласт.), гл. протар2.

Распаты́рыцца ’пільна паглядзець, угледзецца’ (Сцяшк.). Да па́трыць ’шукаць, выглядаць’ (гл.).

Распаўсю́дзіць ’пашырыць сферу дзеяння на каго-небудзь, што-небудзь’, ’раздаць, прадаць многім’ (ТСБМ), распаўсюджыць ’тс’ (Байк. і Некр.). Гл. паўсюдна.

Распа́х ’разора’ (касцюк., ЛА, 2). Нульсуфіксальнае ўтварэнне ад рэдкага распаха́ць ’узараць’; параўн. распаха́ць, распа́хваць ’абганяць бульбу’ (ЛА, 2), сюды ж распаха́ць ’разарваць’: распахала прарэз у рубашцы (Жд. 3) з метафарычным пераносам. Страхаў (Palaeoslavica, 13, 1, 9) лічыць значэнне ’араць’ у *paxati (гл. пахаць) другасным, узнікшым на базе сакральнага абворвання ў паўночназаходніх рускіх гаворках.