Про́тар1 ’востры металічны пруток або іголка са зламаным вушкам, швайка’ (ТСБМ, Нас., Шат.; слонім., Арх. Бяльк.), ’кавалак хлеба ці мяса з іголкай у сярэдзіне (даецца сабаку, каб загубіць яго)’ (кір., Нар. сл.), про́тор, про́торг, про́тур ’швайка, іголка са зламаным вушкам; вялікая іголка’ (Шатал., Клім., Сл. Брэс., Выг., ТС, Сл. ПЗБ, Нар. лекс.), про́тыр, про́тырч ’іголка без вушка’ (навагр., Нар. сл.). Укр. про́тір ’іголка без вушка’, про́торг ’тс’. Аддзеяслоўные дэрываты ад праце́рці < прасл. *terti, *toriti (Патабня, РФВ, 3, 180; Праабражэнскі, 2, 136; Фасмер, 3, 384), гл. це́рці, то́рыць, інакш ЕСУМ, 4, 611: звязваецца са ст.-рус. протъргнути ся ’прарвацца, разарвацца’, што ад търгати ’біцца, дрыжаць’, параўн. то́ргацца (гл.). Не выключана, што гэта другаснае збліжэнне.

Про́тар2 ’страта’ (Нас.), мн. л. про́тары ’выдаткі; расходы (звычайна па судовых справах)’ (ТСБМ, Чач., Нас.). Рус. про́тар, прото́ра, про́торь ’тс’, ст.-рус. проторъ ’расходы; страты’; відаць, сюды ж польск. przetór ’праход, прарыў’. Этымалагічна тое ж, што і про́тар1 (Фасмер, 3, 384). Спецыяльна аб гэтым слове гл. Варбат, Этимология–1971, 17. Да семантыкі параўн. запрато́рыць ’закінуць, захаваць; згубіць’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)