Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Малёдзія ’гудзенне (аб шэршні)’ (шальч., Сл. ПЗБ). З польск. melodia ’мелодыя’.

Малёдны ’ветлівы, мяккі характарам’, іўеў. (Сцяшк. Сл.), малёдненька ’памалу, павольна’ (там жа). Няясна. Відавочна, балтызм. Параўн. літ. malóninis ’пяшчотны’, у якім у групе ‑nin‑ пасля адбылося распадабненне: ‑нн‑ > ‑дн‑.

Малёк1 ’назва моладзі рыб’ (Сцяшк., ТСБМ), укр. мальо́к, рус. малёк. Відавочна, з рус. мовы як навуковы тэрмін. Да малы́ (гл.). Утворана пры дапамозе суфікса ‑ьkъ.

Малёк2 ’лубок, лубковае мастацтва’, мальковы ’лубковы’ (паўн.-зах., КЭС) — няўдалы наватвор ад маляваць з суфіксам ‑ок (як лубок).

Малён1 ’дыня’ (Шпіл.), малёнік ’гарбузовая каша’ (паўн.-усх., КЭС). З польск. (ці са ст.-польск.) malon, malun, суч. melon ’дыня’, ’кавун’, якія з лац. mēlo (indicus) < ст.-грэч. μῆλον ’яблык’ (Брукнер, 328).

Малён2 ’хмель, Humulus lupulus L.’ (Сцяшк. Сл.). Да малён1 (гл.). Названа паводле падабенства сцёблаў раслін, якія рассцілаюцца па зямлі і ўюцца вертыкальна.

*Малёнак, малёнък, малёнъчък ’няўмелы, ні да чаго не прыдатны ў рабоце’ (міёр., З нар. сл.), рус. свярдл. малёнка ’малое дзіця, малыш’. Да малы́ (гл.). Утворана пры дапамозе суфікса ‑ёнак (‑онак) для назваў маладых істот. Параўн. таксама маленя́.

Малёўка ’каляровы аловак’ (ТС), ’фарба’ (швянч., Сл. ПЗБ), малёўкі, маляўнікі ’рознакаляровыя алоўкі’ (Сцяшк. Сл.; Сл. Брэс.). Утворана ад маляваць (гл.) і суфікса ‑ʼоўка са значэннем прадмета дзеяння (Сцяцко, Афікс. наз., 62).

Малёўнічак ’маленькі гаршчок для малака’ (шкл., Мат. Маг.). Відавочна, з раз‑маляваны малакоўнік (‑оўнінак).

Малёханькі, малёхтанечкі(й), малёхтанькій ’вельмі маленькі’ (КЭС, лаг.; мсцісл., Нар. словатв.). Вузкі рэгіяналізм са складаным суфіксам ‑ох‑та‑н‑ечк‑і, асобныя варыянты якога сустракаюцца ў іншых слав. мовах: рус. наўг. малеха́нненький, смал. малехо́тенный ’тс’, чэш., славац. malicherný ’дробязны’, ’нязначны’, ст.-чэш. malechno ’ў вельмі кароткі час’, ст.-серб.-харв. ма̏лахая, ма̏лахат, ма̀лехан, maljahan ’маленькі’. Да малы́ (гл.).

Малжэнскі ’шлюбны’, ’сямейны’, малжэнства ’шлюб’, ’сям’я’ (Нас.). Насовіч (278) мяркуе, што яны запазычаны з польскай мовы. Жураўскі (Гіст. лекс., 94), Булыка (Лекс. запазыч., 125) ст.-бел. малжонокъ ’муж’, малжонка, малженка ’жонка’ (XV ст.) таксама адносяць да паланізмаў. Філін (Происх., 584) тлумачыць польскім уплывам існаванне рус. малжонки ’муж і жонка’ і ст.-рус. малъжена (н. скл. парнага ліку). Аднак харв. malžena (в. скл. парнага ліку), якое Скок (2, 364) лічыць багемізмам, ст.-чэш., валаш. malžen, чэш., славац. manžel ’муж’, manželé ’муж і жонка’, в.-луж. mandźelska ’жонка’, н.-луж. manźelska ’тс’, manźelski ’муж’, ст.-польск. manżel, manżenka, суч. małżonek, małżonka, małżeństwo ’муж і жонка’ значна пашыраюць распаўсюджанне лексемы. Міклашыч (36), Бернекер (2, 13), Варш. сл. (2, 867) і інш. тлумачаць паходжанне лексемы як частковую кальку ст.-в.-ням. mâlwîp або mâlkona ’жонка’; першая частка mâl, ‑mahal ’шлюбная ўмова’, ст.-в.-ням. gimahalo > новав.-ням. Gemahl (Gemahlin) ’жаніх’ (’невеста’), другая — пераклад žena, з гэтай формы malъžena пазней утварылася malъženъ ’муж’ (Фасмер, 2, 562). Ваян (RÉS, 19, 102) прапанаваў замест ням. mâl зыходным лічыць слав. mǫžь (тады разам mǫžьžena) як ст.-слав. братъсестра ’брат і сястра’. Махэк₂ (351), выходзячы са славац. mladoženstvo з mladoženka ’нявеста’ і mladoženník (mladoženich), меркаваў, што ўжо ў дагістарычны перыяд чэшскай мовы існавала зах.-слав. *maldo‑żenьstvo (< прасл. moldo‑), у якім пасля выпаў склад ‑do‑. Так узнікла malženstvo, malzenstvie, а ад іх — malžen і malženka, у якіх пазней адбылася перастаноўка l — n > n — l. Скок (2, 364) дапускае магчымасць словаскладання mǫžь + žena, прыводзячы аналагічныя прыклады: вагульск. nēχum ’жонка і муж’, баскск. aitamek ’бацька-маці’ > ’бацькі’. Гэтак жа і Атрэмбскі (Gr., 2, 8) адносна літ. vyr‑moteriai. Шаўр (Slavia, 56, 4, 372–374) не згаджаецца з тым, што асновай для першай часткі слав. malъžena з’яўляецца ст.-в.-ням. ‑mahal‑, таму што яшчэ доўга пасля XI ст. інтэрвакальнае ‑h‑ жыве ў герм. словах гэтага кораня, а ў Рыльскіх глагалічных лістках ужо сустракаецца форма Д. скл. парнага ліку malъženoma, тым больш што mâl ’умова’ вядома на поўначы герм. тэрыторыі. Ён прапануе ўзяць крыніцай запазычання ст.-в.-ням. mȃ̃l ’імгненне’, ’хвіліна’, вырашальныя для ўзнікнення шлюбу (да прыняцця хрысціянства ў славян шлюбы не заключаліся, было пашырана выкраданне нявест і палігамія — паліандрыя), параўн. і mâlôn ’абазначаць, намеціць’. Запазычанне адбылося на Мараве ў IX ст.

Малібдэн ’хімічны элемент, Mo’ (ТСБМ). З рус. молибден ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 89), дзе з новалац. molybdenum < лац. molybdaena ’руда, свінцовы бляск’ < ст.-грэч. μολύβδαινα ’кавалачак свінца, які чапляўся да вудачкі’ < μόλυβδος ’свінец’ (Голуб-Ліер, 320).