Малжэнскі ’шлюбны’, ’сямейны’, малжэнства ’шлюб’, ’сям’я’ (Нас.). Насовіч (278) мяркуе, што яны запазычаны з польскай мовы. Жураўскі (Гіст. лекс., 94), Булыка (Лекс. запазыч., 125) ст.-бел. малжонокъ ’муж’, малжонка, малженка ’жонка’ (XV ст.) таксама адносяць да паланізмаў. Філін (Происх., 584) тлумачыць польскім уплывам існаванне рус. малжонки ’муж і жонка’ і ст.-рус. малъжена (н. скл. парнага ліку). Аднак харв. malžena (в. скл. парнага ліку), якое Скок (2, 364) лічыць багемізмам, ст.-чэш., валаш. malžen, чэш., славац. manžel ’муж’, manželé ’муж і жонка’, в.-луж. mandźelska ’жонка’, н.-луж. manźelska ’тс’, manźelski ’муж’, ст.-польск. manżel, manżenka, суч. małżonek, małżonka, małżeństwo ’муж і жонка’ значна пашыраюць распаўсюджанне лексемы. Міклашыч (36), Бернекер (2, 13), Варш. сл. (2, 867) і інш. тлумачаць паходжанне лексемы як частковую кальку ст.-в.-ням. mâlwîp або mâlkona ’жонка’; першая частка mâl, ‑mahal ’шлюбная ўмова’, ст.-в.-ням. gimahalo > новав.-ням. Gemahl (Gemahlin) ’жаніх’ (’невеста’), другая — пераклад žena, з гэтай формы malъžena пазней утварылася malъženъ ’муж’ (Фасмер, 2, 562). Ваян (RÉS, 19, 102) прапанаваў замест ням. mâl зыходным лічыць слав. mǫžь (тады разам mǫžьžena) як ст.-слав. братъсестра ’брат і сястра’. Махэк₂ (351), выходзячы са славац. mladoženstvo з mladoženka ’нявеста’ і mladoženník (mladoženich), меркаваў, што ўжо ў дагістарычны перыяд чэшскай мовы існавала зах.-слав. *maldo‑żenьstvo (< прасл. moldo‑), у якім пасля выпаў склад ‑do‑. Так узнікла malženstvo, malzenstvie, а ад іх — malžen і malženka, у якіх пазней адбылася перастаноўка l — n > n — l. Скок (2, 364) дапускае магчымасць словаскладання mǫžь + žena, прыводзячы аналагічныя прыклады: вагульск. nēχum ’жонка і муж’, баскск. aitamek ’бацька-маці’ > ’бацькі’. Гэтак жа і Атрэмбскі (Gr., 2, 8) адносна літ. vyr‑moteriai. Шаўр (Slavia, 56, 4, 372–374) не згаджаецца з тым, што асновай для першай часткі слав. malъžena з’яўляецца ст.-в.-ням. ‑mahal‑, таму што яшчэ доўга пасля XI ст. інтэрвакальнае ‑h‑ жыве ў герм. словах гэтага кораня, а ў Рыльскіх глагалічных лістках ужо сустракаецца форма Д. скл. парнага ліку malъženoma, тым больш што mâl ’умова’ вядома на поўначы герм. тэрыторыі. Ён прапануе ўзяць крыніцай запазычання ст.-в.-ням. mȃ̃l ’імгненне’, ’хвіліна’, вырашальныя для ўзнікнення шлюбу (да прыняцця хрысціянства ў славян шлюбы не заключаліся, было пашырана выкраданне нявест і палігамія — паліандрыя), параўн. і mâlôn ’абазначаць, намеціць’. Запазычанне адбылося на Мараве ў IX ст.