Га́льштук (БРС). Непасрэднае запазычанне з польск. halsz tuk ’тс’, якое ўзята з ням. Halstuch ’хустка на шыю’ (аб фанетыцы слова, у прыватнасці аб пераходзе ням. ‑ch > ‑k у польск. мове, гл. Слаўскі, 1, 396). Форма, блізкая да бел., існавала калісьці і ў рус. мове: гальштук (гл. Шанскі, 1, Г, 20). У форме га́лстук, а́лстук гэта слова вядома ў сучасных бел. дыялектах, а таксама ў ст.-бел. мове (гл. Сцяц. Нар., 97–98, са спасылкай на слоўнік Гарбачэўскага). Невядома толькі, ці сучасныя дыялектныя бел. га́лстук, а́лстук працягваюць старыя бел. формы, ці гэта запазычанне новага часу з рус. мовы?
Галяле́ць ’блішчаць (пра ваду на лугах і палях)’ (Янк. III). Няяснае слова. Магчыма, ёсць нейкая сувязь са слав. *galo ’прагаліна і да т. п.’, але такая этымалогія застаецца вельмі гіпатэтычнай (няма дадатковых даных), хоць з семантычнага боку яе можна прыняць (*galo ’прагаліна’ — ’прагаліна, голае месца’ > ’голае месца з вадой, што блішчыць’, нарэшце, самастойны дзеяслоў галяле́ць). Трэба звярнуць увагу на тое, што *galo ў некаторых мовах (дыялектах) значыць проста ’возера’ (напр., укр. га́ло; гл. яшчэ Талстой, Геогр., 104–109).
Галямоўжа ’неахайны чалавек’ (Нас.). Па паходжанню, бясспрэчна, звязана з такімі словамі, як галамоўзы ’бязвусы, без барады’ (Шатал.), галамоўза ’нікчэмны чалавек’ (Сцяшк. МГ). Меркаванні аб этымалогіі гл. пад гэтымі словамі. Семантыка лексемы галямоўжа не патрабуе спецыяльнага тлумачэння.
Галяндэ́рскі ’галандскі’ (Нас.). Параўн. укр. (Грынч.) голе́ндерський ’тс’, голен́дер ’галандзец’ (у Цімчанкі гл. голендерский, алендерскый). Запазычанне з польск. holenderski ’тс’ (аб польск. слове гл. Брукнер, 172). Сюды адносіцца і галяндэ́ршчына ’галандскае палатно’ (Нас.).
Галяні́шча ’халява’ (Шат., Сцяшк. МГ), рус. голени́ще. Вытворнае ад *голень (гл. галёнка) суфіксам ‑išče. Фасмер, 1, 428. Шанскі (1, Г, 117) лічыць гэта слова ўласна рускім (ці не памылкова?). Лексема гэта ўжо дээтымалагізаваная (гл. Шанскі, там жа. са спасылкай на Булахоўскага).
Галя́с ’чарнільны арэшак’ (Нас.). Гэта слова засведчана ўжо ў ст.-бел. помніках з XVII ст. у напісанні кгалясъ, галясъ (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. galas ’тс’. Гл. Слаўскі, 1, 251; Булыка, Запазыч., 117. З польск. запазычана таксама ст.-укр. голясъ ’тс’ (Слаўскі, там жа). Польск. слова ўзята з лац. galla (Слаўскі, там жа; Брукнер, 132, прыводзіць яшчэ і лац. gallast gallacium).
Галя́ць ’бегаць (без занятку)’ (Сцяц. Словаўтв.). Няяснае слова; няма дадатковых даных, роднасных лексем.
Галя́чка ’ігла’ (Нас.). Паколькі, здаецца, няма дадатковых даных аб гэтай лексеме, то магчыма толькі выказаць меркаванне (даволі гіпатэтычнае) аб этымалагічнай сувязі з укр. го́лка ’ігла’. Бел. слова, мусіць, паходзіць з *голячка, дзе ‑ячка з’яўляецца суфіксам (у якой функцыі?), а гол — аснова, што ва ўкр. гол‑ка, рус. игла, іголка. Не выключаецца і сувязь з голы (тады, магчыма, гэта нейкая метафарычная або жартоўная назва).