Галёнка ’галёнка’ (БРС, Шат., Касп., Нас.). Рус. го́лень, укр. голі́нка, польск. goleń, чэш. holeň, балг. го́лен, серб.-харв. го̏лијен і г. д. Слова засведчана ўжо ў ст.-слав. мове (голѣнь). Думаюць, што гэта ўтварэнне ад прыметніка *golъ ’голы’ суфіксам *‑ěnь (першапачатковае значэнне ’голая косць’). Брукнер, 149; Міклашыч, 70 і наст. Іншая версія (роднаснасць з грэч. γυῖον ’рука, нага’, γύαλον ’дупло, упадзіна’) пераконвае менш. Гл. Фасмер, 1, 428; Шанскі, 1, Г, 117. Вельмі падрабязна Слаўскі, 1, 311–312.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)