Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пасле́днік ’паслядоўнік’ (Нас.). Утворана ад выразу (ісці) па слядах. Польск. poślednik ’патомак’ мае іншую семантыку.

Пасле́й ’пасля’ (паст., Сл. ПЗБ), дзятл. посляй ’тс’ (Сцяшк. Сл.). Да пасля (гл.). Канчатак ‑ей (‑яй) — гэта суфікс параўнальнай ступені прыслоўяў, параўн. пазней, даўжэй.

Паслён ’травяністая або кустовая расліна сямейства паслёнавых, Solanum nigrum L.’ (ТСБМ). Укр. пасли́н, пасле́н, пасло́н, пасьлі́н, песли́на, рус. паслён. Паводле Фасмера (3, 212), першапачатковай формай была па‑сльнъ або паслѣнъ (< pa‑ і slina ’сліна’) — ’слізістая расліна’.

Пасліжава́ць ’пашліфаваць’ (віл., Сл. ПЗБ). Утворана ад па‑ і сліж(ак) ’лагі’ (гл.) пры ад’ідэацыі ’слізкі’. Магчыма, у арыгінале не зусім дакладна пададзена значэнне слова (дзерава пасліжаваць трэба).

Паслізну́цца ’ацяліцца раней тэрміну’ (шальч., Сл. ПЗБ). Табуістычная назва. Да слі́зкі (гл.).

Пасло́енка ’ягады, перацёртыя з цукрам’ (Ян.). Да слой (гл.). Першапачаткова ’ягады, перасыпаныя цукрам паспешна’.

Паслу́га ’слугі’, ’дзеянне, учынак, якія прыносяць карысць, дапамогу каму-н.’, паслу́гі ’аплачваемая работа для задавальнення чыіх-небудзь патрэб’ (ТСБМ, Нік. Очерки; Нас.). Укр. послу́га ’паслуга’, ’слуга’, рус. послу́га ’паслуга, служба на каго-н.’, ’заслуга’, ’выкананне прыгонных работ, шарварак’, польск. posługa ’выкананне работы заказчыка, гаспадара’, posługi ’нясталая, часовая работа’, ’прыслуга’, чэш. posluha ’паслугі’, ’служанка’, ’пасыльны’, славац. posluha ’праца прыслугі’, серб.-харв. по̏слуга ’прыслуга, абслугоўваючы персанал’, ’абслугоўванне’, ’пракат’, макед. послуга ’абслугоўванне’, ’пракат’. Утворана ад дзеяслова poslužiti < služiti < sluga. Магчыма, самастойнае ўтварэнне ў паасобных славянскіх мовах. Сюды ж паслу́жка ’паслуга’ (Бяльк.).

Паслуга́ч ’слуга’, ’саўдзельнік, памочнік у дрэннай справе’ (ТСБМ, Др.-Падб., Нас.), паслуга́ч і паслуга́чы ’хлопец, які памагае святару пры набажэнствах’ (КЭС, лаг.; астрав., Сл. ПЗБ). Польск. posługacz ’служыцель’, ’слуга’, ’прыбіральшчык’. Да паслужыць < служы́ць (гл.). Аб суфіксе ‑ач са значэннем ’характарыстыка асобы па яе схільнасці да пэўнага дзеяння, з асуджэннем’ гл. Сцяцко, Афікс. наз., 31.

Паслу́жнік, паслу́жніца ’слуга’ (Нас.), рус. послу́жник, послу́жница ’хто паслужвае некаму, не будучы яго непасрэдным слугой’, польск. posłużnik ’тс’, ’памагаты’, серб.-харв. poslužnik ’той, хто прыслужвае’. Не выглядае на прасл. утварэнне. Магчыма, былі ўтвораны пазней у раннім сярэдневякоўі асобна ў кожнай з груп моў. Да паслужыць < служы́ць (гл.).

Паслу́хаць ’выканаць просьбу ці загад’ (КЭС, лаг.), драг. послу́хатысь ’выканаць тое, што просяць, асабліва ў талацэ’ (Лучыц-Федарэц). Да слу́хаць (гл.). Аднак гэтыя лексемы маюць спецыфічна бел. семантыку, выражаную яскрава ў кантамінаванай лексеме пыслухме́нства (< паслухмя́ны + паслушэнства) ’дапамаганне ў сельскагаспадарчых работах і ў бядзе за «дзякню», г. зн. «дзякуй» (Нік. Очерки); сюды ж паслухмянства ’паслушэнства’ (ТСБМ).