Т’Е́РА КАЛЬЕ́НТЭ (ісп. tierra caliente гарачая зямля),
ніжні вышынны ландшафтны пояс у гарах Цэнтр. Амерыкі і нізкіх шыротах Паўд. Амерыкі. Размешчаны адпаведна на выш. да 800 м і 1000—1500 м. Пераважаюць пакатыя схілы, перадгорныя ўзгоркі і хрыбты, конусы вынасу. Клімат гарачы, вільготны. Сярэднямесячныя т-ры 22—27 °C. На наветраных схілах ападкаў больш за 2000 мм за год, расліннасць — горная гілея; на падветраных схілах ападкаў да 500 мм за год і меней, лістападна-вечназялёныя лясы, ксерафітныя рэдкалессі і хмызнякі. Плантацыі какавы, бананаў, цукр. трыснягу, у засушлівых раёнах — кава, тытунь, бавоўнік.
т. 15, с. 469
Т’Е́РА ТЭМПЛА́ДА (ісп. tierra templada умераная зямля),
сярэдні вышынны ландшафтны пояс у гарах Цэнтр. Амерыкі і нізкіх шырот Паўд. Амерыкі. Размешчаны адпаведна на выш. 800—1700 м і 1000—2800 м. Характэрны стромкія схілы, вузкія цясніны. Клімат умерана цёплы. Сярэднямесячныя т-ры 17—24 °C. Значныя сутачныя ваганні т-р. На наветраных схілах ападкаў больш за 3000 мм за год, вечназялёныя лясы з папараццю, бамбукам, эпіфітамі; на падветраных схілах — лістападна-вечназялёныя лясы. У Т.т. асн. маса насельніцтва Калумбіі, Венесуэлы, Эквадора. Плантацыі кавы, кукурузы.
т. 15, с. 470
Т’Е́РА ФРЫ́Я (ісп. tierra fria халодная зямля),
верхні вышынны ландшафтны пояс у гарах Цэнтр. Амерыкі і нізкіх шырот Паўд. Амерыкі. Размешчаны адпаведна на выш. 1700—3000 м і 2200—3500 м. Пераважаюць стромкія схілы. Клімат умерана халодны. Сярэднямесячныя т-ры 11—18 °C. Ападкаў 700—800 мм на падветраных схілах, 1500—2000 мм за год на наветраных схілах. Вільготныя высакагорныя мяшаныя лясы з папараццю, бамбукам, эпіфітамі. З выш. 3000 м — нефелагілея. Т.ф. — гал. раён вырошчвання зернебабовых культур і бульбы; лугавыя пашы.
т. 15, с. 470