Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЁРА́ ((Seurat) Жорж П’ер) (2.12.1859, Парыж — 29.3.1891),

французскі жывапісец; заснавальнік неаімпрэсіянізму. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1878—79). Працаваў пераважна ў Парыжы. Сюжэты ранніх твораў блізкія традыцыям барбізонскай школы: сельскія віды і сяляне за працай. Пазней пад уплывам імпрэсіяністаў запазычыў у іх тэхніку і тэмы. Першы значны твор — «Купанне ў Аньеры» (1884). У карціне «Нядзеля пасля паўдня на востраве Гранд-Жат» (1886) упершыню выкарыстаў тэхніку пуантылізму. У творах імкнуўся стварыць «лагічную навуковую і жывапісную» сістэму, з дапамогай якой імкнуўся надаць карціне гармонію і ўзгодненасць колеру: «Парад» (1888), «Канкан» (1890), «Цырк» (1891). Пераважную большасць яго работ складаюць пейзажы, марскія віды, у якіх дакладныя натурныя назіранні спалучаюцца з рытмічнай кампазіцыяй: пейзажы Порт-ан-Бесена (1888), Кратуа (1889), Граўліна (1890). Яго маст. канцэпцыі паўплывалі на фавістаў, кубістаў, ням. экспрэсіяністаў і італьян. футурыстаў і інш.

Літ.:

Ж.​Сёра. П.​Синьяк. Письма. Дневники..: Пер. с фр. М., 1976;

Перрюшо А. Жизнь Сёра: Пер. с фр. М., 1992.

Я.​Ф.​Шунейка.

Ж.Сёра. Нядзеля пасля паўдня на востраве Гранд-Жат. 1886.

т. 14, с. 361

СЁРФІНГ (англ. surfing слізганне па хвалях),

спаборніцтвы на скорасць, далёкасць перамяшчэння па вял. прыбойных хвалях на спец. коркавай або пенапластавай дошцы стоячы, без мацаванняў; адзін з водных відаў спорту.

Дошку робяць паводле індывідуальнага заказу, звычайна даўж. 1,8—2,3 м, масай 10—12,5 кг. Заплывы працягваюцца 15—25 мінут, фінальны — 30—45 мінут. Ацэнкі бальныя (ад 0,1 да 10). Пашыраны пераважна ў Аўстраліі, Новай Зеландыі, на Гавайскіх а-вах і ў прыморскіх раёнах ЗША, Інданезіі, Кітая і інш.

т. 14, с. 361