СЁДЭРБЛУМ ((Söderblom) Натан) (сапр. імя Ларс Олаф Іонатан; 15.1.1866, Трэнэ, Швецыя — 12.6.1931),
шведскі рэлігійны і грамадскі дзеяч; стваральнік швед. школы рэлігіязнаўства. Доктар тэалогіі (1894). Чл. Шведскай акадэміі (з 1921). Скончыў Упсальскі ун-т (Швецыя). З 1892 пастар у лютэранскай царкве ў Парыжы. З 1901 заг. кафедры тэалогіі Упсальскага ун-та, у 1912—14 праф. гісторыі рэлігіі Лейпцыгскага ун-та. У 1914—31 архіепіскап Швецыі. У 1919 выступіў з ініцыятывай стварэння Сусветнага савета цэркваў. Арганізатар усеагульнай хрысц. канферэнцыі ў Стакгольме (1925), што аб’яднала лідэраў розных кірункаў хрысціянства і дало пачатак «практычнаму» хрысціянству, якое набыло арганізац. афармленне ў руху «Жыццё і дзейнасць». Нобелеўская прэмія міру 1930.
т. 14, с. 359
СЁДЭРСТРЭ́М ((Söderström) Элізабет) (н. 7.5.1927, Стакгольм),
шведская спявачка (сапрана). З 1947 выступала ў Стакгольме ў зінгшпілях і аперэтах. З 1950 салістка Швед. каралеўскай оперы, у 1959—64 — «Метраполітэн-опера». З 1960-х г. выступала ў Вялікабрытаніі, у т. л. з 1967 у т-ры «Ковент-Гардэн». Выканаўца вядучых партый у операх В.А.Моцарта, Р.Штрауса, Дж.Пучыні, П.Чайкоўскага. У камерным рэпертуары значнае месца займае рус. вак. музыка, у т. л. рамансы С.Рахманінава. Аўтар кніг «У маім выкананні» (1978), «Песня ад Элізабет» (1986).
т. 14, с. 359