Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЫ́САЯ ГАРА́,

стаянка эпохі неаліту, гл. ў арт. Кругліца.

т. 9, с. 384

ЛЫ́САЯ ГАРА́,

другі па вышыні пункт Беларусі ў Мінскім р-не, за 21 км на Пн ад Мінска; выш. 342 м. Займае цэнтр. буйнаўзгорыстую ч. Лагойскага ўзвышша. Складзена з марэнных суглінкаў. Глебы змытыя ў выніку эрозіі. На гары сухадольныя лугі і ўчасткі дрэвава-хмызняковай расліннасці.

т. 9, с. 384

ЛЫСЕ́НКА (Аляксандр Паўлавіч) (н. 13.4.1952, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1994). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1974). З 1993 вучоны сакратар аддз. жывёлагадоўлі і вет. медыцыны Акадэміі агр. навук Беларусі, з 1994 заг. лабараторыі і нам. дырэктара Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі. Навук. працы па антыгенным складзе ўзбуджальніка туберкулёзу і атыпічных мікабактэрый, выдзяленні і ачышчэнні антыгенаў мікабактэрый, сродках і метадах дыягностыкі і прафілактыкі туберкулёзу чалавека і жывёл.

Тв.:

Выявление антигенов Mycobacterium bovis // Ветеринария. 1991. № 1;

Исследование сыворотки крови здоровых коров, больных туберкулезом и инфицированных атипичными микобактериями в перекрестном иммуно-электрофорезе и иммуноферментном анализе (у сааўт.) // Ветеринарная наука — производству: Науч. тр. Бел. НИИ эксперим. ветеринарии. 1998. Вып. 33.

т. 9, с. 384

ЛЫСЕ́НКА (Антаніна Фёдараўна) (н. 14.9.1930, в. Зарачаны Полацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. літ.-знавец і крытык. Канд. філал. н. (1965). Сястра П.Ф.Лысенкі. Скончыла Гомельскі пед. ін-т (1955). Настаўнічала. З 1964 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі. Друкуецца з 1962. Даследуе пераважна публіцыстыку, творчую індывідуальнасць пісьменнікаў (З.Бядуля, Я.Сіпакоў, І.Шамякін, Х.Шынклер і інш.). Сааўтар кніг «Беларуская савецкая проза: Апавяданне, нарыс» (1971), «Стыль пісьменніка» (1974), «Беларуская літаратура: Дзень сённяшні» (1980), «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (ч. 1—2, 1981—82) і інш.

Тв.:

Сучасны беларускі нарыс. Мн., 1978;

Лінія гарызонта: Нарыс творчасці Я.Сіпакова. Мн., 1986;

3 трывогай і надзеяй: Бел. публіцыстыка 80-х гт. Мн., 1991.

т. 9, с. 384

ЛЫСЕ́НКА (Ірына Міхайлаўна) (н. 29.8.1954, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1997). Скончыла Віцебскі мед. ін-т (1977) і працуе ў ім. Навук. працы па паталогіі гіпафізарна-тырэоіднай сістэмы дзяцей, рэабілітацыі аслабленых дзяцей бязлекавымі сродкамі (рэфлексатэрапія, фітатэрапія, масаж і інш.).

Тв.:

Сборник вопросов и ответов по клинической медицине. Витебск, 1998 (у сааўт.).

т. 9, с. 384

ЛЫ́СЕНКА (Мікалай Віталевіч) (22.3. 1842, с. Грынькі Глобінскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 6.11.1912),

украінскі кампазітар, піяніст, хар. дырыжор, муз. фалькларыст, педагог; заснавальнік нац. кампазітарскай школы. Скончыў Кіеўскі ун-т (1865), вучыўся ў Лейпцыгскай (1867—69) і Пецярбургскай (1874—76, клас М.Рымскага-Корсакава) кансерваторыях. Арганізаваў хор Кіеўскага ун-та (1864), укр. хор у Пецярбургу (1874), муз.-драм. школу (1904; з 1918 Муз.-драм. ін-т імя Л.) у Кіеве і інш. Яго музыка адметная яскравым нац. каларытам, арганічным развіццём асноў нар.-песеннай культуры, дэмакр. ідэямі. Садзейнічаў станаўленню ўкр. оперы, узбагаціў муз.-сцэн. і вак. жанры, паклаў пачатак многім інструментальным жанрам у нац. музыцы. Збіраў і вывучаў фальклор, стварыў класічныя ўзоры апрацовак нар. песень. Сярод твораў: 9 опер, у т.л. «Тапельніца» (паст. 1885), дзіцячая «Каза-дзераза» (паст. 1888), «Наталка Палтаўка» (паст. 1889), «Тарас Бульба» (паст. 1890), «Энеіда» (паст. 1911); аперэта «Чарнаморцы» (паст. 1872); цыкл «Музыка да «Кабзара» Т.Шаўчэнкі» (больш за 80 вак. твораў розных жанраў, у т.л. песні, ансамблі, хары, кантаты, 1868—1901); сімф. фантазія «Украінскі казак-шумка», «Украінская сюіта», «Гераічнае скерца» і 2 укр. рапсодыі для фп.; вак. кампазіцыі на тэксты І.Франко, С.Руданскага, Лесі Украінкі; апрацоўкі нар. песень для голасу з фп. (каля 300), для хору (больш за 200) і інш. Аўтар шэрагу муз.-фалькларыстычных прац. Імя Л. прысвоена Харкаўскаму т-ру оперы і балета, Львоўскай кансерваторыі і інш. У Кіеве музей Л. У 1982 устаноўлена Рэсп. прэмія Украіны імя Л.

Тв.:

Зібрання творів. Т. 1—20. Київ, 1950—59;

Листи. Київ, 1964.

Літ.:

Лысенко О. Микола Лысенко: Воспоминания сына. М., 1960;

Архімович Л., Гордійчук М. М.В.Лисенко. 2 вид. Київ, 1963;

М.В.Лисенко у спогадах сучасників. Київ, 1968;

Курковський Г.В. М.В.Лисенко — піаніст-виконавець. Київ, 1973;

Булат Т.П. М.Лисенко. Київ, 1973.

М.В.Лысенка.

т. 9, с. 384

ЛЫ́СЕНКА (Міхаіл Рыгоравіч) (29.10. 1906, с. Шпілёўка Сумскай вобл., Украіна — 8.5.1972),

украінскі скульптар. Нар. маст. СССР (1963). Акад. АМ СССР (1970). Скончыў Харкаўскі маст. ін-т (1931). З 1944 выкладаў у Кіеўскім маст. ін-це (з 1947 праф.). Сярод твораў помнікі М.Шчорсу ў Кіеве (1954), У.Леніну ў Запарожжы, Т.Шаўчэнку ў Роўне (абодва 1964) і Парыжы (1973; усе ў сааўт.), партрэты акцёра І.Мар’яненкі (1962), П.Вяршыгары (1971), скульптурныя групы: для сав. павільёна на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку (1938, з Л.Муравіным), «Узгорак Славы» ў Львове (1947), «Алека Дундзіч» (1949), «Пад ярмом акупантаў» (1959).

М.Лысенка. Партрэт народнага артыста СССР І.Мар’яненкі. 1962.

т. 9, с. 384

ЛЫСЕ́НКА (Пётр Фёдаравіч) (н. 16.9.1931, в. Зарачаны Полацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. археолаг. Д-р гіст. н. (1988), праф. (1993). Брат А.Ф.Лысенка. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1953). З 1964 у Ін-це гісторыі Hau. АН Беларусі: навук. супрацоўнік, заг. сектара, з 1988 заг. аддзела сярэдневяковай археалогіі. Даследаваў курганы 11—12 ст., стараж. гарады Тураў, Брэст, Пінск, Слуцк, Давыд-Гарадок, Клецк, Рагачоў, Мазыр. Вывучае абарончыя ўмацаванні, планіроўку, забудову, рамёствы, гандаль, структуру гаспадаркі, культ. сувязі стараж. гарадоў Беларусі. Рэканструяваў даследаваныя часткі стараж. Турава, Брэста 13 ст., Пінска 15 ст. Вынікам шматгадовых доследаў у Брэсце стала стварэнне археал. музея «Бярэсце».

Тв.:

Города Туровской земли. Мн., 1974;

Берестье. Мн., 1985;

Открытие Берестья. Мн., 1989;

Дреговичи, Мн., 1991;

Древний Пинск, XI—XIII вв. Мн., 1997;

Туровская земля XI—XIII вв. Мн., 1999.

т. 9, с. 384

ЛЫСЕ́НКА (Соф’я Аляксееўна) (н. 12.7.1922, с. Валява Кіеўскай вобл.),

бел. крытык і літ.-знавец. Д-р філал. н. (1990), праф. (1992). Скончыла Львоўскі ун-т (1949). Настаўнічала. З 1958 выкладае ў БДУ. Даследуе рус. гіст. прозу і драматургію 20 ст. Аўтар кн. «Рамантыка барацьбы і стварэння» (1982), вучэбных дапаможнікаў «Маякоўскі і сучаснасць» (1983), «Умоўнагратэскная стылявая плынь у рускай драматургіі 20—30-х гг. XX ст.» (1996) і інш.

т. 9, с. 385

ЛЫСЕ́НКА (Трафім Дзянісавіч) (29.9. 1898, г. Карлаўка Палтаўскай вобл., Украіна —20.11.1976),

савецкі вучоны-аграном. Акад. АН Украіны (1934), УАСГНІЛ (1935), АН СССР (1939). Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Кіеўскі с.-г. ін-т (1925). У 1934—38 дырэктар Усесаюзнага селекцыйна-генет. ін-та, у 1940—65 — Ін-та генетыкі АН СССР. Прэзідэнт УАСГНІЛ у 1938—56 і 1961—62. Стваральнік псеўданавук. канцэпцыі спадчыннасці, зменлівасці і відаўтварэння. Адмаўляў класічную генетыку, сцвярджаў магчымасць наследавання набытых прыкмет. У 1930—64 дзейнасць Л. падтрымлівалася І.В.Сталіным, М.С.Хрушчовым. Вучэнне і практычныя рэкамендацыі Л. былі неабгрунтаваныя і ўкараняліся адміністрацыйна, што нанесла вял. эканам. шкоду. Былі разгромлены навук. генет. школы, рэпрэсіраваны многія вучоныя, што прывяло да дэградацыі с.-г. і біял. адукацыі, прыпынення развіцця біялогіі і сельскай гаспадаркі. Дзярж. прэміі 1941, 1943, 1949.

т. 9, с. 385