Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЫ́ШЧА,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Вісліца, на аўтадарозе Лагішын—Ганцавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на Пн ад горада і чыг. ст. Пінск, 215 км ад Брэста. 520 ж., 248 двароў (1999). Станцыя тэхн. абслугоўвання аўтамабіляў акц. т-ва «Прыпяць—Лада». Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Свята-Аляксандра Неўскага царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 386

ЛЫШЧЫ́НСКІ (Казімір) (4.3.1634, маёнтак Лышчыцы Брэсцкага р-на — 30.3.1689),

бел. мысліцель, грамадскі дзеяч і педагог. Скончыў Брэсцкі езуіцкі калегіум (1648), працягваў адукацыю ў Кракаве, Калішы. Працаваў выкладчыкам у Львове, памочнікам рэктара Брэсцкага езуіцкага калегіума, настаўнічаў у школе, якую заснаваў у родным маёнтку Лышчыцы. У 1682 прызначаны падсудкам брэсцкага земскага суда. Выбіраўся паслом на сейм (1669—74). 30.8.1686 Л. быў адлучаны ад царквы, а ў 1688 частка яго рукапіснага трактата «Аб неіснаванні Бога» была выкрадзена і перададзена ў суд, што паслужыла падставай для прызнання Л. атэістам і яго зняволення. Паводле прыгавору сеймавага суда ён быў абезгалоўлены і спалены на кастры на пл. Старога Рынку ў Варшаве. Светапогляд Л. сфарміраваўся пад уплывам гуманіст. традыцый мысліцеляў антычнасці, Адраджэння і рацыяналізму радыкальнай плыні ідэолагаў Рэфармацыі. Атэістычныя погляды Л. ўтвараюць цэласную сістэму, якая пабудавана на строгіх лагічных доказах. Адмаўляючы Бога як стваральніка свету, лічыў, што прырода развіваецца па ўласных законах. Усе вучэнні пра Бога разглядаў як ілжывыя, а Стары і Новы запаветы як выдумкі Майсея і Хрыста. Лічыў Бога стварэннем чалавечага розуму, адмаўляў тройцу, бессмяротнасць душы, замагільны свет, уваскрэсенне з мёртвых. Упершыню ў айч. філас. думцы ўказаў на гнасеалагічныя, псіхал. і сац. прычыны ўзнікнення рэліг. вераванняў. Падзяляў некаторыя ідэі утапічнага сацыялізму, у т.л. аб сац. роўнасці, жадаў бачыць «свет без улады, гарады без начальнікаў, народы без гаспадароў», адстойваў вяршэнства грамадзянскага шлюбу перад царкоўным.

Літ.:

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Прокошина Е.С., Шалькевич В.Ф. Казимир Лыщинский. Мн., 1986;

Nowicki A. Kazimierz Luszczyński, 1634—1689. Lódź, 1989.

С.А.Яцкевіч.

К.Лышчынскі. Мастак С.Свістуновіч.

т. 9, с. 386

ЛЫ́ШЧЫЦЫ,

вёска ў Брэсцкім р-не; чыг. станцыя на лініі Брэст—Беласток. Цэнтр сельсавета. За 25 км на Пн ад Брэста. 904 ж., 336 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Радзіма К.Лышчынскага. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму.

т. 9, с. 387

ЛЫШЧЭ́НЯ (Захар Рыгоравіч) (1917, в. Пласток Любанскага р-на Мінскай вобл. — 8.2.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну з вер. 1941 на 1-м Укр. фронце. Камандзір аддзялення разведкі старшына Л. вызначыўся 8.2.1945 ва Усх. Прусіі: у час разведкі ў тыле ворага з напарнікам захапілі ў палон 2 афіцэраў з важнымі дакументамі; трапіўшы ў акружэнне, Л. прыкрываў адыход напарніка з дакументамі, цяжка паранены захоплены ў палон і закатаваны. На радзіме помнік.

З.Р.Лышчэня.

т. 9, с. 387