Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗГУРТАВА́ННЕ ў біялогіі,

сукупнасць арганізмаў розных відаў, якія сумесна жывуць і ўяўляюць сабой вызначанае экалагічнае адзінства (напр., фітапланктон якога-н. возера, глебавыя жывёлы ўчастка лесу). Часам вызначаецца як сукупнасць усіх арганізмаў (раслін, жывёл і мікраарганізмаў), якія насяляюць участак сушы або вадаёма, і трактуецца як сінонім тэрміна біяцэноз. Вылучаюць таксама З. раслін (фітацэноз) і жывёл (зоацэноз). З. — сістэма вызначанага ўзроўню арганізацыі жывой матэрыі. Элементы З. — папуляцыі розных відаў, а само З. з’яўляецца элементам экасістэмы (біягеацэнозу).

т. 7, с. 46

ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́САЎ ВЯЛІКАБРЫТА́НІІ

(ЗБВБ),

бел. арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1946, статут прыняты на 1-м агульным з’ездзе (18—19.1.1947), працай кіруе Гал. ўправа. Дзейнічаюць аддзелы ў Лондане (з 1947), Брадфардзе (з 1948), Манчэстэры (з 1948), Бірмінгеме (з 1952). Асн. кірункі дзейнасці — нац.-культ., грамадска-арганізац., інфарм.-выдавецкая праца, прадстаўніцтва беларусаў і дапамога ім у Вялікабрытаніі і інш. краінах. Выдавала час. «На шляху» (1946—51), «Беларус на чужыне», выпусціла шэраг брашур, у т.л. «Беларусь пад расійскай акупацыяй» В.Жук-Грышкевіча (1949), «Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі 25 сакавіка 1918 г.» (1978). Гал. ўправа выдае «Камунікат ЗБВБ» (з 1946). У розны час старшынямі ЗБВБ былі В.Жук-Грышкевіч (1947—48), Ф.Бартуль (1949), А.Надсон (1951—52), П.Асіповіч (1953, 1955), П.Навара (1954, 1957, 1966—70), У.Бутрымовіч (1958, 1960—65), Я.Міхалюк (1971—95), А.Здановіч (1995—96), В.Еўдакімаў (з 1996), Л.Міхалюк (з 1997) і інш.

А.С.Ляднёва.

т. 7, с. 46

ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́САЎ КАНА́ДЫ

(ЗБК),

бел. арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1948 у г. Таронта, першы старшыня — К.Акула. Працай кіруе Гал. ўправа, існуюць таксама Наглядная рада і Сяброўскі суд. Дзейнічаюць аддзелы ў Гамільтане (з 1949), Манрэалі (з 1951, цяпер Згуртаванне беларусаў прав. Квебек), Лондане (1956), Садбуры (1957), Атаве. Асн. кірункі дзейнасці — захаванне і прапаганда бел. нац. і культ. спадчыны, дапамога членам ЗБК. У выніку расколу ЗБК (1952) засн. Беларускае нацыянальнае аб’яднанне. Пасля стварэння групы «Авангард Беларусі» (1952) удалося пераадолець крызіс і ажывіць работу згуртавання. Пры ЗБК працуе Згуртаванне беларускіх жанчын Канады (з 1965) і інш. ЗБК — чл. Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады (з 1966), Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Таронта (з 1967), Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» (з 1990), удзельнік сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (з 1952). ЗБК правяло святкаванні 450-годдзя бел. друку (1967), 1000-годдзя хрысціянства на Беларусі (1988), арганізоўвае выстаўкі выяўл. і нар. мастацтва, удзельнічае ў міжнац. фестывалях. Выдавала газ. «Беларускі эмігрант», з 1995 выдае квартальнік «Інфа ЗБК». У 1963—68 у газ. «Беларус (Нью-Йорк) змяшчала старонку «Весткі з Канады».

А.С.Ляднёва.

Да арт. Згуртаванне беларусаў Канады. Беларускі грамадскі цэнтр у г. Таронта.

т. 7, с. 46

ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІХ ВЕТЭРАНАЎ.

Засн. ў 1973 у штаце Нью-Джэрсі (ЗША). Дзейнічае ў цеснай сувязі з Беларуска-амерыканскім аб’яднаннем. Члены згуртавання — былыя вайскоўцы-беларусы, якія да 2-й сусв. вайны служылі ў арміях CCCP і Польшчы, у вайну — у войсках Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Андэрса арміі і інш. Пазней да іх далучыліся беларусы, якія служылі ў В’етнаме, Карэі, Панаме, Германіі. Выступаюць у абарону ідэі незалежнасці бел. дзяржавы, захаванне бел. спадчыны, дапамагаюць ажыццяўляць бел. культ. праграмы, чытаюць лекцыі па бел. ваен. гісторыі, удзельнічаюць у мерапрыемствах амер. ветэранскіх арг-цый, святкуюць Дзень бел. жаўнера (4 ліп.) і інш.

А.С.Ляднёва.

т. 7, с. 46

ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́СКІХ ЖАНЧЫ́Н КАНАДЫ,

бел. арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1965 пры Згуртаванні беларусаў Канады, першы старшыня — Р.Жук-Грышкевіч. Асн. напрамкі дзейнасці — прыцягненне жанчын да ўдзелу ў нац.-грамадскім і культ. жыцці, прапаганда бел. культ. спадчыны, праца з дзецьмі. У 1967 створаны Фонд 450-й гадавіны бел. друку. Арганізуе выстаўкі выяўл. мастацтва ў Канадзе (1969, 1975), святкаванні нац., літ. і рэліг. угодкаў, адзначае юбілеі (А.Пашксвіч, 1966; К.Буйло, 1968; Л.Геніюш, 1970; Н.Арсенневай, Дзень Прадславы Полацкай, 1978) і інш. На заканчэнне Міжнар. 10-годдзя жанчын (1975) арганізавала канферэнцыю, выстаўкі кніг бел. жанчын і абразоў І.Шыманец-Сурвілы. З 1992 удзельнічае ў мерапрыемствах штогадовага «Месяца гісторыі жанчын», які праводзіцца ў Канадзе.

А.С.Ляднёва.

т. 7, с. 46

ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́СКІХ МАСТАКО́Ў І ЎМЕ́ЛЬЦАЎ,

бел. арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1978 у г. Саўт-Рывер (ЗША). Арганізоўвае маст. выстаўкі з удзелам бел. мастакоў і ўмельцаў з розных краін свету, каардынуе культ. праграмы, супрацоўнічае з каледжамі і універсітэтамі штатаў Нью-Джэрсі, Пенсільванія. У кіраўніцтва ўваходзяць Н.Кудасава, Г.Русак, Л.Махнюк і інш.

А.С.Ляднёва.

т. 7, с. 46

ЗГУРЫ́ДЫ Аляксандр Міхайлавіч

(н. 23.2.1904, г. Саратаў, Расія),

кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1969), Герой Сац. Працы (1990). З 1932 рэжысёр «Саюзтэхфільма», потым «Мастэхфільма» («Цэнтрнавукфільм»). Праф. Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфістаў (э 1966). Многія навук.-папулярныя фільмы заснаваны на навук. назіраннях за прыродай і пабудаваны ў форме аповесцей, казак: «У пясках Сярэдняй Азіі» (1943), «Лясная быль» (1950), «У льдах акіяна» (1953), «Сцежкай джунгляў» (1959), «Зачараваныя астравы» (1965), «Лясная сімфонія» (1967), «Здаравяка» (1982, разам з М.Клдыяшвілі) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1950, Дзярж. прэмія Расіі 1969. Прэміі Міжнар. кінафестываляў у Венецыі (1946, 1962, 1965), Карлавых Варах (1950) і інш.

т. 7, с. 46

ЗГУСА́ННЕ КРЫВІ,

ахоўная рэакцыя арганізма, накіраваная на прадухіленне і спыненне крывацёку, праяўляецца ўтварэннем крывянога згустка. Адбываецца пры ўзаемадзеянні фактараў, наяўных у плазме і форменных фактарах (пераважна ў трамбацытах) крыві і тканак. Выдзелена 13 фактараў З.к. (абазначаюцца рымскімі лічбамі). Асн. фазы З.к.: утварэнне актыўнага трамбапласта, ператварэнне пратрамбіну ў трамбін; ператварэнне фібрынагену ў фібрын; стабілізацыя фібрыну. Кроў чалавека ў норме загусае за 5—12 мін. Парушэнні З.к. бываюць пры анамаліях трамбацытаў, сасудзістай сценкі, фактараў згусальнай і супрацьзгусальнай сістэм ці іх спалучэнні. Адрозніваюць колькасныя і якасныя змены (дэфіцыт ці лішак аднаго з фактараў, парушэнне яго актыўнасці або струк гуры і інш.), набытыя (дзеянне таксічных і лек. рэчываў, інфекцыі, анкалагічныя хваробы, парушэнні бялковага і ліпіднага абмену і інш.) і прыроджаныя. Вынікі парушэння: запаволенае З.к. і крывацёкі (дыятэз гемарагічны), паскоранае З.к. і лакальнае (трамбоз) ці генералізаванае ўнутрысасудзістае З.к.

Літ.:

Кудряшев Б.А Биологические проблемы регуляции жидкого состояния крови и ее свертывания. М., 1975;

Фермилен Ж., Ферстате М. Гемостаз: Пер. с фр. М., 1984.

А.В.Лявонава.

т. 7, с. 46

ЗГУШЧА́ЛЬНІКІ,

апараты, у якіх адбываецца аддзяленне цвёрдых часцінак рэчыва ад вадкасці. Бываюць гравітацыйныя (часцінкі ападаюць пад дзеяннем сілы цяжару), інерцыйныя (выдаленне часцінак адбываецца за кошт узнікнення сіл інерцыі пры вярчэнні) і фільтрацыйныя (згушчэнне суспензіі адбываецца пры выдаленні часткі вадкасці). Выкарыстоўваюцца пры здабычы карысных выкапняў і высакародных металаў, у вытворчасці паперы і цэлюлозы.

т. 7, с. 47