Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ЗГО́ДА»,

грамадска-палітычная газета. Выходзіць з 1992 у Мінску на бел. (часткова на рус.) мове 2 разы ў месяц. Засн. як орган Партыі нар. згоды, з 1995 незалежная газета. Мае падзагаловак «Палітыка». Асвятляе праблемы ўнутр. і знешняй палітыкі, паліталогіі, паліт. культуры, нац. эканомікі і прыватнай гаспадаркі, бел. адраджэння і патрэб нац. меншасцей. Выступае за дэмакр. рэформы, прапагандуе ідэі міжнац. згоды, публікуе меркаванні шырокай грамадскасці, розных паліт. партый, рухаў і грамадскіх арг-цый.

А.С.Караль.

т. 7, с. 45

ЗГО́ННА-НАГО́ННЫЯ З’Я́ВЫ,

перамяшчэнне водных мас пад уздзеяннем ветру з адной часткі мора, возера, вадасховішча, ракі ў другую і адпаведнае паніжэнне ўзроўню вады (згон) у падветранай частцы і павышэнне (нагон) — у наветранай. Найб. праяўляюцца ў вусцях некаторых рэк, мелкаводных морах і залівах, дзе ваганні ўзроўню дасягаюць 5 м і выклікаюць катастрафічныя паводкі (напр., у вусці р. Нява, на нізінных узбярэжжах Нідэрландаў, Бельгіі, Вялікабрытаніі).

т. 7, с. 45

ЗГО́НЫ, гвалты,

адработачная феад. павіннасць сялян, часткова мяшчан у ВКЛ у 15—18 ст.; найб. ранняя форма працоўнай павіннасці. З устанаўленнем у 16 ст. штотыднёвай паншчыны З. праводзіліся для тэрміновых с.-г. работ звыш цягла. Падзяляліся на вялікія (зганялі ўсіх працаздольных) і малыя (1—2 работнікі з гаспадаркі на ворыва і сяўбу), на конныя і пешыя. У адрозненне ад паншчыны на З. прымушаліся працаздольныя з кожнай сям’і, нават кутнікі, якія не мелі зямлі і двара. Колькасць З. залежала ад плошчы панскай ворнай зямлі і патрэб у дадатковай рабочай сіле. З часам колькасць іх павялічвалася. У 2-й пал. 18 ст. найчасцей праводзілася 12 З. у год. У залежнасці ад відаў работ З. мелі назву шарваркі, талокі, работы з разавым пачастункам — абжынкі. У балансе рабочай сілы фальварковай гаспадаркі З. мелі значную ўдзельную вагу.

П.Р.Казлоўскі.

т. 7, с. 45