ВЁЛЕР
(Wöhler) Фрыдрых (31.7.1800, Эшэрсгайм, каля г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 23.9.1882),
нямецкі хімік. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1853). Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1823). З 1836 праф. у Гётынгенскім ун-це. Навук. працы па арган. і неарган. хіміі. Ажыццявіў перагрупоўку цыянату амонію ў мачавіну (рэакцыя Вёлера, 1828) — першы сінтэз прыроднага арган. рэчыва з неарган., здзейснены па-за жывым арганізмам. Даследаванні Вёлера паставілі пад сумненне правільнасць уяўлення аб «жыццёвай сіле» (гл. Віталізм). Вызначыў формулу бензойнай к-ты, пры даследаванні яе вытворных адкрыў радыкал бензаіл, што пацвердзіла тэорыю радыкалаў (разам з Ю.Лібіхам, 1832). Атрымаў метал. алюміній, берылій, ітрый, карбід кальцыю і з яго ацэтылен.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.
т. 4, с. 135
ВЁЛЬФЛІН
(Wölfflin) Генрых (21.6.1864, г. Вінтэртур, Швейцарыя — 19.7.1945),
швейцарскі мастацтвазнавец. Праф. ун-таў у Базелі (1893), Берліне (1901), Мюнхене (1912), Цюрыху (1924). Распрацаваў методыку аналізу маст. стылю, якая ў ранніх працах Вёльфліна служыла для даследавання «псіхалогіі эпохі» («Рэнесанс і барока», 1888; «Класічнае мастацтва», 1899). Пазней усё больш звужаў задачы аналізу твораў маст. азначэннем «метадаў бачання», набліжаючы да іх характарыстыку мастацтва розных эпох і народаў («Асноўныя паняцці гісторыі мастацтва», 1915; «Італія і нямецкае адчуванне формы», 1931).
В.Я.Буйвал.
т. 4, с. 135