ВШІНЯВЕ́ЦКАЯ ЦАРКВА́ ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік архітэктуры барока. Пабудавана ў 1742 у в. Вішнявец (Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл.) як уніяцкая, перабудавана ў 1852 у праваслаўную. Мураваная 3-нефавая базіліка з паўцыркульнай апсідай і 2-вежавым гал. фасадам, вырашаным як самаст. аб’ём. Кампазіцыйная вось гал. фасада вылучана какошнікам. Па баках будынак вянчаюць цыбулепадобныя купалкі на высокіх цыліндрычных барабанах. Сцены ўнутры і звонку расчлянёны пілястрамі, завершаны развітымі прафіляванымі карнізамі. Аконныя праёмы з лучковым, на гал. фасадзе з паўцыркульнымі завяршэннямі.
А. А.Ярашэвіч.
т. 4, с. 241