ВРХЛІ́ЦКІ
(Vrchlický) Яраслаў [сапр. Фрыда (Frida) Эміль; 17.2.1853, г. Лоўні, Чэхія — 9.9.1912], чэшскі паэт, драматург, перакладчык. Скончыў Пражскі ун-т; з 1893 праф. гэтага ун-та. Чл. Чэшскай акадэміі навук і мастацтваў (1890). Яго творчасць фарміравалася на традыцыях рамантызму і пад уплывам франц. парнасцаў. Дэбютны зб. лірыкі «З глыбінь» (1875) прасякнуты песімістычнымі матывамі. У зб-ках «Эклогі і песні» (1880),
«Паломніцтва да Эльдарада» (1882) сцвярджаў сенсуалістычнае ўспрыняцце жыцця. Цэнтр. месца ў творчасці Врхліцкага займаюць цыкл паэт. зб-каў пад агульнай назвай «Эпапея чалавецтва» («Дух і свет», 1878; «Міфы», т. 1—2, 1879—80; «Абломкі эпапеі», 1886; «Новыя абломкі эпапеі», 1894; «Багі і людзі», 1899, і інш.), а таксама паэмы «Іларыён» (1882), «Твардоўскі» (1885), «Бар Кохба» (1897), у якіх, звяртаючыся да знакамітых постацей (Дж.Бруна, Г.Галілей, Я.Гус, Я.Жыжка) і падзей мінуўшчыны (франц. рэвалюцыя 1789—99), імкнуўся асэнсаваць ход гіст. развіцця чалавецтва. Грамадзянскімі матывамі насычаны зб-кі «Сялянскія балады» (1885) і «Мая радзіма» (1903). Аўтар зб-каў «Санеты самотніка» і «Галасы ў пустыні» (абодва 1900). Узбагаціў чэш. паэзію новымі паэт. формамі і вершаванымі памерамі. Пісаў апавяданні, эсэ, п’есы («Ноч на Карлштэйне», 1884; трылогія «Іпадамія», т. 1—3, 1883—90, у 1891 нап. музыка З.Фібіхам). Перакладаў на чэш. мову Дантэ, Т.Таса, Л.Арыёста, Дж.Байрана, Ф.Шылера, І.В.Гётэ, А.Міцкевіча і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Стихи. М., 1980.
Н.К.Мазоўка.
т. 4, с. 283