Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МА́ЛЫШАЎ (Юрый Васілевіч) (27.8. 1941, г. Нікалаеўск Валгаградскай вобл., Расія —8.11.1999),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1980, 1984), лётчык-касманаўт СССР (1980). Скончыў Харкаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1963). З 1967 у атрадзе касманаўтаў. 5—9.6.1980 з У.В.Аксёнавым здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз Т-2» (Як камандзір) і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж Л.І.Папоў і В.В.Румін); 3—11.4.1984 з Г.М.Стракалавым і Р.Шарма — палёт на КК «Саюз Т-11» (як камандзір; пасадка на КК «Саюз Т-10») і арбітальнай станцыі «Салют-7» (асн. экіпаж Л.Дз.Кізім, У.А.Салаўёў, А.Ю.Ацькоў). У космасе правёў 11,8 сут.

У.С.Ларыёнаў.

т. 10, с. 40

МАЛЫ́ШКА (Андрэй Самойлавіч) (15.11. 1912, г. Абухаў Кіеўскай вобл. — 17.2.1970),

украінскі паэт. Скончыў Кіеўскі ін-т нар. адукацыі (1932). Друкаваўся з 1930. Аўтар зб-каў паэзіі «Радзіма» (1936), «Лірыка» (1938), «Жаваранкі» (1940), «Да бою ўставайце!» (1941), «За сінім морам» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Далёкія арбіты» (1962, Дзярж. прэмія Украіны імя Шаўчэнкі 1964), «Дарога пад яварамі» (1964, Дзярж. прэмія Украіны імя Шаўчэнкі 1964, Дзярж. прэмія СЄСР 1969), «Жнівень маёй душы» (1970) і інш., адметных тэматычным багаццем, глыбокім лірызмам, эмацыянальнасцю, патрыятычным гучаннем і філас. насычанасцю. Гісторыі Украіны прысвяціў паэмы «Ярына» (1938), «Кармалюк» (1940), «Дума пра казака Данілу» (1941), «Праметэй» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Тарас Шаўчэнка» (1961). Выступаў як літ. крытык (кн. «Думкі пра паэзію», 1959; «Слова пра паэта», 1960). Прапагандаваў бел. л-ру і культуру. Пераклаў на ўкр. мову кн. выбраных твораў Я.Купалы (зб. «Лірыка», 1967), асобныя творы П.Броўкі, А.Вялюгіна, А.Куляшова, П.Панчанкі, А.Русака, М.Танка. На бел. мову яго творы пераклалі Куляшоў (зб. «Запаветная крыніца», 1962), А.Астрэйка, М.Аўрамчык, А.Бачыла, Г.Бураўкін, Вялюгін, А.Грачанікаў, Л.Дайнека, С.Дзяргай, Х.Жычка, А.Звонак, М.Калачынскі, М.Машара, Р.Няхай, П.Прыходзька, М.Хведаровіч і інш.

Тв.:

Твори. Т. 1—5. Київ, 1986—87;

Бел. пер.Выбр. творы. Мн., 1953;

Рус. пер. — Полдень века. М., 1975.

Літ.:

Костенко А.І. Андрій Малишко. Київ, 1981.

В.А.Чабаненка.

А.С.Малышка.

т. 10, с. 40

МАЛЫ́ШКІ,

гарадзішча 1—4 ст. н.э. штрыхаванай керамікі культуры каля в. Малышкі Вілейскага р-на Мінскай вобл. Пляцоўка паўавальная, умацаваная з трох бакоў падковападобным валам. Выяўлены рэшткі 6 жытлаў зрубнай канструкцыі з 2-схільнымі пакрыццямі, кожнае з якіх складалася з 4 памяшканняў з адкрытымі агнішчамі. Знойдзены абломкі штрыхаваных гаршкоў, слоікавых слабапрафіляваных і глянцаваных пасудзін, прасліцы і грузікі, арнаментаваныя геам. узорам, жал. наканечнікі коп’яў і дроцікаў, сярпы, нажы, позналатэнская і падковападобная з чырв. эмаллю фібулы, падвеска.

т. 10, с. 41

МАЛЫ́ШКІН (Аляксандр Георгіевіч) (21.3.1892, с. Багародскае Макшанскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 3.8.1938),

расійскі пісьменнік. Скончыў Петраградскі ун-т (1916). Удзельнік літ. груп «Кастрычнік», «Перавал». У ранніх апавяданнях (1914—15) паказваў змрочную і ціхую павятовую глухамань. Рамант. аповесць «Падзенне Даіра» (1923) пра грамадз. вайну. Раман «Людзі з глухамані» (1937—38) пра паслярэв. змены ў рас. глыбінцы. Аўтар аповесцей «Вакзалы» (1923), «Севастопаль» (1929—30, поўн. 1931), кн. апавяданняў «Лютаўскі снег» (1928), «Апавяданні» (1931), вершаў, кінасцэнарыяў, артыкулаў і інш. Асобныя творы М. на бел. мову пераклала Г.Шаранговіч.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1978;

Севастополь;

Падение Даира;

Вокзалы. Куйбышев, 1988;

Люди из захолустья. М., 1988.

Літ.:

Хватов А.И. Александр Малышкин: Жизн. путь и худож. искания писателя. Л., 1985.

С.Ф.Кузьміна.

т. 10, с. 41

МАЛЫШЭ́ВІЧ (Павел Паўлавіч) (1821, в. Багон Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — ?),

публіцыст і паэт. Вучыўся ў Слонімскім пав. вучылішчы (1833—37). У пач. 1850-х г. пераехаў у фальварак Падгор’е (Мінскі р-н). Працаваў у Мінскім губ. праўленні, з 1860 рэдактар «Минских губернских ведомостей» і адначасова нач. газетнага стала. З 1863 міравы пасрэднік па Навагрудскім пав. Звольнены з пасады і, паводле некаторых звестак, сасланы ў Арэнбург. Аўтар рамант. паэмы «Спеў зорцы» (на польск. мове), артыкулаў і карэспандэнцый аб грамадска-культ. жыцці Мінска. Адзін з першых выступіў у друку ў абарону бел. мовы; даў водзыў на «Гапона» і «Вечарніцы» В.Дуніна-Марцінкевіча («Dziennik Warszawski», «Варшаўскі дзённік», 1855), заклікаў інтэлігенцыю Міншчыны актыўна вывучаць родны край. Сябраваў і перапісваўся з У.Сыракомлем.

У.Л.Мархель.

т. 10, с. 41

МАЛЫШЭ́ЎСКІ (Іван Ігнатавіч) (25.7. 1828, в. Нягневічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 23.1.1897),

пісьменнік, гісторык царквы, славяназнавец. Д-р багаслоўя (1873). Скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, Мінскую духоўную семінарыю (1849) і Кіеўскую духоўную акадэмію (1853). У 1862—97 праф. Кіеўскай духоўнай акадэміі, дзе выкладаў гісторыю Расіі і рус. царквы. Даследаваў пытанні гісторыі царквы ў першыя стагоддзі хрысціянства, гісторыю візант. царквы, царквы зах. і паўд. славян. Быў прыхільнікам агульнаслав. культ. адзінства. Аўтар прац «Творы св. Кірылы Тураўскага з апісаннем яго жыцця» (1878), «Кірыла і Мяфодзій» (1885), «Заходняя Русь у барацьбе за веру і народнасць» (1895) і інш.

т. 10, с. 41

МАЛЫ́Я АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́.

У Карыбскім м., усх. і паўд. часткі архіпелага Антыльскія астравы ў Вест-Індыі. Уключаюць: Віргінскія а-вы, Наветраныя і Падветраныя а-вы, в-аў Барбадас. Агульная пл. каля 14 тыс. км². Нас. каля 3,4 млн. чал. (1990). Для астравоў знешняга ланцуга (частка Віргінскіх а-воў, Антыгуа, Барбуда і інш.), якія абмывае Атлантычны ак., характэрны нізкія вапняковыя плато. Астравы ўнутр. ланцуга, якія акаймоўваюць з У Карыбскае м., складзены пераважна з вулканічных парод (вулканічныя конусы ўздымаюцца да выш. 1467 м; дзеючы вулкан Суфрыер на в-ве Гвадэлупа). Частка астравоў мацерыковага паходжання. Горныя трапічныя лясы, другасныя саванны; на паўд. астравах — ксерафітныя лясы і хмызнякі. Адкрыты Х.Калумбам у канцы 15 ст.

т. 10, с. 41

МАЛЫ́Я АЎЦЮКІ́,

вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., каля вадасх. Аўцюкі, на аўтадарозе Калінкавічы — Гомель. Цэнтр сельсавета. За 12 км на У ад г. Калінкавічы, 110 км ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Галявіцы. 978 ж., 458 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У вёсцы праводзіцца Усебел. фестываль нар. гумару (1 раз у 2 гады).

т. 10, с. 41

МАЛЫ́Я БАРСУКІ́,

пустыня, гл. Барсукі Вялікія і Малыя.

т. 10, с. 41

МАЛЫ́Я ГАРАДЗЯ́ЦІЧЫ,

вёска ў Любанскім р-не Мінскай вобл., каля р. Арэса. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 42 км на ПдУ ад г. Любань, 194 км ад Мінска, 67 км ад чыг. ст. Урэчча. 798 ж., 321 двор (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 41