Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЛО́ТКАВІЧЫ,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл.; чыг. станцыя на лініі Пінск — Брэст. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на З ад г. Пінск, 163 км ад Брэста. 2419 ж., 698 двароў (1999). Лясніцтва, зверагаспадарка, сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 10, с. 36

МАЛО́ТНЕВА,

другая назва Малочнага возера.

т. 10, с. 36

МАЛО́Х (грэч. Moloch ад фінікійскага уладар),

у рэлігіі стараж. фінікіян і карфагенян бог сонца, якому штогод прыносілі чалавечыя ахвяры — забівалі ці спальвалі дзяцей знатных грамадзян, часам ваеннапалонных. У перан. сэнсе — страшная ненажэрная сіла, якая патрабуе чалавечых ахвяр.

т. 10, с. 36

МАЛО́ЧНАЕ ВО́ЗЕРА, Малотнева,

возера ў Гродзенскім р-не, у бас. р. Пыранка (выцякае з возера), за 30 км на ПнУ ад г. Гродна. Пл. 0,78 км², даўж. каля 2,4 км, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі каля 5,2 км. Схілы катлавіны выш. 4—5 м, пад лесам, участкамі на ПнЗ і ПдЗ разараныя. Берагі высокія, на З і У абразійныя. Дно сапрапелістае.

т. 10, с. 36

МАЛОЧНАКІ́СЛЫЯ БАКТЭ́РЫІ,

узбуджальнікі малочнакіслага браджэння. Развіваюцца на складаным пажыўным асяроддзі. Трапляюцца ў малацэ і малочных прадуктах, на раслінах і раслінных рэштках, у кішэчніку чалавека і жывёл.

Бясспоравыя грамстаноўчыя палачкі і кокі. Факультатыўныя анаэробы. Гомаферментатыўныя М.б. расшчапляюць цукры пераважна да малочнай к-ты і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці кісламалочных прадуктаў, малочнай кіслаты, гетэраферментатыўныя ўтвараюць таксама воцатную к-ту, спірты, эфіры, удзельнічаюць у працэсах сіласавання кармоў, квашанні капусты, выкарыстоўваюцца ў вытв-сці дэкстранаў (для заменнікаў плазмы крыві). Гл. таксама Лактабацылы.

т. 10, с. 36

МАЛО́ЧНАЯ КІСЛАТА́, α-оксіпрапіёнавая кіслата,

CH3CH(OH)COOH, монакарбонавая оксікіслата. Пашырана ў прыродзе, утвараецца з цукрыстых рэчываў пры малочнакіслым браджэнні. У значнай колькасці назапашваецца ў квашанай капусце, саленнях, кіслым малацэ, выспяваючых сырах. Бясколерныя крышталі, добрарастваральныя ў вадзе. Солі М.к. (лактаты) — канчатковыя прадукты анаэробнага распаду глікагену ці глюкозы. Пры фіз. нагрузцы М.к. назапашваецца ў мышцах (мышачная стомленасць) за кошт зніжэння ўзроўню глікагену. Пасля адпачынку М.к. пераўтвараецца ў глікаген і часткова акісляецца. Выкарыстоўваецца ў гарбарнай, харч. і тэкст. прам-сці, медыцыне.

т. 10, с. 36

МАЛО́ЧНАЯ КУ́ХНЯ,

установа, якая забяспечвае дзяцей груднога ўзросту спец. прыгатаванымі харч. прадуктамі: малочнымі сумесямі, стравамі для прыкорму і інш.; падраздзяленне дзіцячых паліклінік і бальніц. Паслугамі М.к. карыстаюцца пры адсутнасці ці недахопе мацярынскага малака, пры хваробах, якія патрабуюць спец. дыеты. Прадукты дзіцячага харчавання гатуюцца і выдаюцца па рэцэпце ўрача-педыятра. М.к. аснашчана абсталяваннем, што забяспечвае ўсе гігіенічныя ўмовы прыгатавання, разліву, захавання і водпуску ежы.

М.В.Шчавелева.

т. 10, с. 37

МАЛО́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

гл. ў арт. Масласыраробная і малочная прамысловасць.

т. 10, с. 37

МАЛО́ЧНІЦА,

захворванне слізістай абалонкі поласці рота і языка. Выклікаецца дрожджападобнымі грыбамі роду Candida. Узнікае найчасцей у нованароджаных і дзяцей груднога ўзросту; у дарослых — у час хвароб са знясіленнем (дызентэрыя, тыф і інш.). Праяўляецца малочна-белымі налётамі на слізістай абалонцы рота, якія зліваюцца ў плеўкі. Пры зняцці налётаў застаецца чырвань ці эрозія. Лячэнне тэрапеўт., вітамінатэрапія.

т. 10, с. 37

МАЛО́ЧНЫЯ ЗАЛО́ЗЫ, млечныя залозы,

парныя скурныя органы млекакормячых жывёл і чалавека. У асобін жаночага полу ў перыяд лактацыі выдзяляюць малако, у асобін мужчынскага на працягу жыцця застаюцца рудыментарныя і не функцыянуюць. Найб. рост і развіццё М.з. адбываецца пры палавым выспяванні, цяжарнасці, лактацыі пад уплывам нерв. сістэмы і эндакрынных залоз. У залежнасці ад віду жывёлы бываюць множныя па ўсёй даўж. брушной паверхні (свінні), або грудныя (сланы), ці похвенныя (коні), мяняецца іх колькасць (2—20) і здольнасць выдзяляць малако пэўнага якаснага складу.

А.С.Леанцюк.

т. 10, с. 37