Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Зверава Эліна Аляксандраўна

т. 18, кн. 1, с. 391

ЗВЕРАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі па развядзенні (пераважна ў клетках) каштоўных пушных звяроў для атрымання шкурак (пушніны). Узнікла ў канцы 19 ст. ў Канадзе, дзе Ч.Долтан першым пачаў прамысл. клетачнае развядзенне дзікіх серабрыста-чорных лісоў. Клетачная З. ў ЗША і скандынаўскіх краінах пачала спецыялізавацца на развядзенні норкі. У Расіі першыя зверагадоўчыя гаспадаркі створаны ў 1928—29, гадуюць норак, пясцоў і інш. З. найб. развіта ў Расіі, ЗША, Даніі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Канадзе, дзе ў суровых зімовых умовах футра звяроў набывае лепшую якасць. Аб’екты З.: норка, блакітны пясец, серабрыста-чорны ліс, нутрыя, собаль; асвойваецца развядзенне рачнога бабра, янотападобнага сабакі, тхара, каляровых лісоў, андатры і інш. На Беларусі першая зверагадоўчая гаспадарка створана ў 1939, прамысл. З. развіваецца з 1950-х г. На пач. 1997 г. вырошчваннем пушнінна-футравых жывёл займаліся каля 60 калгасаў і саўгасаў, 7 гаспадарак Белкаапсаюза і некалькі зверагаспадарак акцыянернага тыпу. Невял. колькасць (пераважна нутрыі) вырошчваюць аматары ў асабістых гаспадарках. З. Беларусі спецыялізуецца пераважна на гадоўлі норак (214 тыс. гал. на пач. 1997, больш за 90% пагалоўя пушных звяроў гаспадарак): цёмна-карычневых, пастэльных, серабрыста-блакітных, тапазавых, жамчужных, белых. Гадуюць таксама нарвежскіх вуалевых пясцоў, серабрыста-чорных лісоў, нутрый, шыншыл, янотаў, андатраў і інш. Найб. пашыраная клетачная форма З., існуе таксама паўвольнае развядзенне асобных відаў (нутрыя). Кормяць звяроў мяса-рыбнай сумессю (60—70% ад каларыйнасці рацыёну) з дабаўкай зерневых кармоў, малочнага і рыбнага тлушчу, агародніны. Селекцыйная работа накіравана на паляпшэнне якасці апушэння, колеру і структуры футра (гушчыня, даўжыня, мяккасць), павелічэнне памераў, павышэнне плоднасці і жыццяздольнасці звяроў. Удз. вага пушніны, якую дае З. (у вартасным выражэнні), складае больш за 95% усяго аб’ёму нарыхтовак пушніны ў рэспубліцы. Найб. гаспадарка — зверасаўгас «Беларускі» Вілейскага р-на, Баранавіцкая, Маладзечанская, Пінская зверагаспадаркі.

Н.І.Жураўская.

Да арт. Зверагадоўля. Пушныя звяры: 1 — норка амерыканская; 2 — ліс серабрыста-чорны; 3 — нутрыя.

т. 7, с. 38

ЗВЕРАПАДО́БНЫЯ, сінапсіды,

тэраморфы (Synapsida, Theromopha),

падклас вымерлых паўзуноў. 2 атр.: пеліказаўры і тэрапсіды (Therapsida), 60 сям., каля 1 тыс. відаў. Рэшткі вядомы на ўсіх мацерыках, акрамя Аўстраліі, ад познакаменнавугальнай эпохі да сярэдзіны юрскага перыяду (росквіт у пярмі). Адасобіліся ад прымітыўных катылазаўраў. У верхнім карбоне і пярмі пераважалі прымітыўныя З., якіх аб’ядноўваюць у атр. пеліказаўраў (4 падатр.; 85—90 відаў, даўж. да 300 см). Афіякадонты і сфенакадонты — драпежнікі, казеазаўры — малюскаеды, эдафазаўры — расліннаедныя. З верхняй пярмі да сярэдняй юры былі пашыраны тэрапсіды (З падатр.: анамадонты, дэйнацэфалы, тэрыядонты; каля 450 відаў, даўж. да 600 см). Усе З. мелі добра развітыя іклы, зубы паднябення. З. — пераходныя жывёлы ад прымітыўных паўзуноў да млекакормячых, тыповыя прыкметы якіх з’явіліся ў тэрыядонтаў. Па рэштках З. вызначаюць узрост кантынентальных адкладаў.

Да арт. Зверападобныя. 1 — эдафазаўр; 2 — шкілет тытанафонеуса з атрада тэрапсід.

т. 7, с. 38

ЗВЕ́РАЎ Анатоль Цімафеевіч

(3.11.1931, Масква — 1986),

рускі мастак, прадстаўнік андэграўнду (плыні, альтэрнатыўнай афіц. мастацтву). Скончыў маст.-рамесніцкае вучылішча ў Маскве. У творчасці спалучаў традыцыі рус. авангарду з дасягненнямі сучаснага еўрап. мастацтва. Быў папулярны ў элітарных колах, у 1957 узнагароджаны залатым медалём маст. конкурсу Міжнар. фестывалю моладзі ў Маскве (старшыня конкурсу Д.Сікейрас), але афіц. прызнання не атрымаў. Дыяпазон яго жывапісных прыёмаў вельмі шырокі: ад фавізму да абстрактнага экспрэсіянізму («Кампазіцыя», 1959, «Коні», 1965, «Купалы», 1980-я г., «Нацюрморт з грыбамі», 1980, «Палітра мастака», 1985, «Яблык», 1986, пейзажы). Найб. віртуознасці ў тэхніках алею, акварэлі, гуашы, тушы дасягнуў у партрэтах («Мащ», «Н.Кастакі», абодва 1957, «І.Вульфовіч», 1967, «А.Сасна», 1980, «В.Шумскі», 1981, аўтапартрэты і інш.). Іл. гл. таксама да арт. Гуаш.

Літ.:

Анатолий Зверев: Живопись. Графика: Альбом. М., 1991.

А.Звераў. Партрэт Н.Кастакі. 1957.

т. 7, с. 39

ЗВЕСТАВА́ННЕ,

гл. Дабравешчанне.

т. 7, с. 39

ЗВІНАГРО́ДСКІ Барыс Фёдаравіч

(14.3.1896, г. Артвін, Турцыя — 29.9.1982),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1956). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1917—19). З 1925 у Гомелі; выкладаў малюнак у школах і тэхнікумах (1926—37), выяўл. студыях (1948—57), гал. мастак Дзярж. т-ра лялек Беларусі (1940—48). Ствараў сціплыя, без вонкавых эфектаў, лірычныя пейзажы: «Каля прыстані» (1947), «Баржы на Сажы» (1949), «Сож каля суднарамонтнага завода» (1951), «Сож. Лёд прайшоў» (1960), «Прыцемкі на Прыпяці» (1963), «Мірнае неба» (1964), «Зеляніна. Май» (1967), «Уборка сена» (1972) і інш.

Б.Звінагродскі. Баржы на Сажы. 1949.

т. 7, с. 39

ЗВОЗ,

у Рускай дзяржаве 15—17 ст. вышук і вяртанне збеглых сялян дзярж. органамі і феадаламі ў сувязі з запрыгоньваннем сялянства. Узмацніўся ў 16 ст., набыў сістэм. характар з увядзеннем у 1592—93 поўнай забароны выхаду сялянскага і асабліва пасля прыняцця Саборнага ўлажэння 1649. З гэтага часу З. ажыццяўляўся спец. «вышуковымі» камісіямі, вынікі дзейнасці якіх фіксаваліся ў «звозных» кнігах.

т. 7, с. 40

ЗВОН,

найстаражытнейшы самагучальны ўдарны інструмент. Вядомы ў многіх народаў свету (узоры стараж. бронзавых З. выяўлены на тэр. краін Паўд.-Усх. Азіі, Д.Усходу). Мае форму пустацелай, нібы зрэзанай знізу грушы. Дэталі: галава (асн. частка), палі (пашырэнне ўнізе), язык (біла; метал. булавападобная дэталь усярэдзіне, якая пры разгойдванні б’е аб З.), вушы (дугі, за якія яго падвешваюць). У залежнасці ад прызначэння З. робяць розных памераў і з розных матэрыялаў (пераважна з бронзы), што разам з інш. фактарамі (якасцю ліцця, настройкай) абумоўлівае моц, вышыню і тэмбр гучання.

У краінах хрысц. Еўропы пашыраны з 7 ст. Царк. званы ўстанаўліваюць на спец. збудаваннях — званіцах, а таксама на вежавых гадзінніках, гар. ратушах, уязных брамах. Як сігнальныя інструменты адыгрывалі вял. грамадска-быт. ролю: склікалі на сходы (вечавы З.), апавяшчалі аб нечаканых здарэннях (набатны, асадны З.), адбівалі час, паведамлялі пра пачатак царк. службы, былі неад’емнай прыналежнасцю свят («красны звон»), вянчальнага ці пахавальнага абрадаў; шырока выкарыстоўваліся на чыгунцы. Зняцце З. з гар. ратушы было выключнай з’явай, знакам пакарання горада, пазбаўлення права на самакіраванне. У правасл. царкве З. развіліся ў самабытнае мастацтва.

На Беларусі вядомы з 11 ст. («Слова пра паход Ігаравы»), З 14 ст. пашыраны З. візантыйска-рус. (разгойдваецца язык пры замацаваным корпусе) і зах.-еўрап. (разгойдваецца корпус) тыпаў. З. невял. памераў адлівалі мясц. майстры-канвісары (Віцебск, Дзісна, Крычаў і інш.). У 2-й пал. 17—18 ст. існавалі цэхі канвісараў у Магілёве, адліўшчыкі З. працавалі ў Слуцку, Клецку, Капылі, Нясвіжы. З 16—18 ст. захаваліся Моладаўскі звон, Дзісенскі звон, Крычаўскі звон. Выкарыстоўваюцца таксама ў сучасным манум. мастацтве (гл. ў арт. Урочышча Гай, Хатынь).

Літ.:

Оловянишников Н.И. История колоколов и колокололитейное искусство. 2 изд. М., 1912;

Воронин Н.Н. Древнее Гродно. М., 1954;

Петриченко А.М. Искусство литья. М., 1975;

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979.

І.Дз.Назіна, А.І.Сямёнаў.

Звон.

т. 7, с. 40

«ЗВОН»,

штодзённая паліт.-эканам. і літ. газета. Выдавалася з 25 жн. да 19 кастр. 1919 у Мінску на бел. мове. Рэдактар Я. (Ядвіга, Іадвіга) Луцэвіч. [Подпіс «Рэдактар-выдавец І.Луцэвіч» даў падставу некаторым даследчыкам (А.Лойка, Ю.Туронак) сцвярджаць, што рэдактарам газеты быў Я.Купала (І.Луцэвіч)]. Фактычна газетай кіраваў «кансорцыум» у складзе Я.Лёсіка, Ю.Фарботкі, А.Прушынскага (А.Гаруна), М.Касцевіча (М.Краўцова). Змяшчала хроніку жыцця ва ўмовах польскай акупацыі. Выступала за адбудову бел. дзяржаўнасці, адраджэнне яе гаспадаркі і культуры, прапаноўвала канкрэтную праграму дзярж. буд-ва і ўзаемаадносін з суседнімі краінамі (Польшчай, Расіяй і інш.). Асвятляла дзейнасць па стварэнні нац. школы, выказвала пратэст супраць захопу польскімі ўладамі памяшканняў бел. навуч. устаноў у Мінску. Мела рубрыкі «Беларуская хроніка», «Мінскія навіны», «Беларускі тэатр» і інш. Публікавала маст. творы Я.Купалы, З.Бядулі, Лёсіка, С.Рак-Міхайлоўскага, М.Чарота і інш.

В.У.Скалабан.

т. 7, с. 40

ЗВО́НАК Алесь

(Пётр Барысавіч; 14.2.1907, Мінск — 2.2.1996),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1931). Узначальваў Полацкую філію «Маладняка». Працаваў на Бел. радыё, у АН Беларусі, рэдакцыі газ. «Літаратура і мастацтва». У 1936 беспадстаўна арыштаваны, асуджаны на 10 гадоў. Пакаранне адбываў у Магаданскай вобл. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1925. Раннія зб-кі паэзіі «Буры ў граніце» (1929), «На лініі агню!» (1932), «Мая Радзіма» (1935), паэмы «Каршун» (1930) і «Загай» (1931) вызначаюцца рамантычнай узнёсласцю, квяцістасцю стылю, імкненнем да абагульненага паказу рэчаіснасці. Асн. матывы кніг «Табе адной» (1957), «Запаветнае» (1961), «Россып» (1967), «Прадчуванне» (1974), «Санеты» (1982), «Ружовая чайка» (1985), «Святлацені» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1992) — паэтызацыя працы і прыроды, філас. роздум пра жыццё, час, каханне і смерць. Выступаў у галіне крытыкі, драматургіі тэатра і кіно. Аўтар кн. артыкулаў і ўспамінаў «Неспакойныя сэрцы» (1973), п’есы «Навальніца будзе» (паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях», пастаўлена Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1959), сцэнарыяў навук.-папулярных фільмаў «Якуб Колас» (1962), «Вобразы і думы» (1965). Пераклаў на бел. мову «Дуэль. Іоныч» А.Чэхава (1931), «Апошні з Удэге» А.Фадзеева (з Хведаровічам, 1935), «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі (з Хведаровічам, 1966) і інш.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1977;

Сябрына: Выбр. тв. Мн., 1987.

А.Звонак.

т. 7, с. 40