«ЗВОН»,

штодзённая паліт.-эканам. і літ. газета. Выдавалася з 25 жн. да 19 кастр. 1919 у Мінску на бел. мове. Рэдактар Я. (Ядвіга, Іадвіга) Луцэвіч. [Подпіс «Рэдактар-выдавец І.​Луцэвіч» даў падставу некаторым даследчыкам (А.​Лойка, Ю.​Туронак) сцвярджаць, што рэдактарам газеты быў Я.​Купала (І.​Луцэвіч)]. Фактычна газетай кіраваў «кансорцыум» у складзе Я.​Лёсіка, Ю.​Фарботкі, А.​Прушынскага (А.​Гаруна), М.​Касцевіча (М.​Краўцова). Змяшчала хроніку жыцця ва ўмовах польскай акупацыі. Выступала за адбудову бел. дзяржаўнасці, адраджэнне яе гаспадаркі і культуры, прапаноўвала канкрэтную праграму дзярж. буд-ва і ўзаемаадносін з суседнімі краінамі (Польшчай, Расіяй і інш.). Асвятляла дзейнасць па стварэнні нац. школы, выказвала пратэст супраць захопу польскімі ўладамі памяшканняў бел. навуч. устаноў у Мінску. Мела рубрыкі «Беларуская хроніка», «Мінскія навіны», «Беларускі тэатр» і інш. Публікавала маст. творы Я.​Купалы, З.​Бядулі, Лёсіка, С.​Рак-Міхайлоўскага, М.​Чарота і інш.

В.​У.​Скалабан.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)