ЗВЕРАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі па развядзенні (пераважна ў клетках) каштоўных пушных звяроў для атрымання шкурак (пушніны). Узнікла ў канцы 19 ст. ў Канадзе, дзе Ч.Долтан першым пачаў прамысл. клетачнае развядзенне дзікіх серабрыста-чорных лісоў. Клетачная З. ў ЗША і скандынаўскіх краінах пачала спецыялізавацца на развядзенні норкі. У Расіі першыя зверагадоўчыя гаспадаркі створаны ў 1928—29, гадуюць норак, пясцоў і інш. З. найб. развіта ў Расіі, ЗША, Даніі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Канадзе, дзе ў суровых зімовых умовах футра звяроў набывае лепшую якасць. Аб’екты З.: норка, блакітны пясец, серабрыста-чорны ліс, нутрыя, собаль; асвойваецца развядзенне рачнога бабра, янотападобнага сабакі, тхара, каляровых лісоў, андатры і інш. На Беларусі першая зверагадоўчая гаспадарка створана ў 1939, прамысл. З. развіваецца з 1950-х г. На пач. 1997 г. вырошчваннем пушнінна-футравых жывёл займаліся каля 60 калгасаў і саўгасаў, 7 гаспадарак Белкаапсаюза і некалькі зверагаспадарак акцыянернага тыпу. Невял. колькасць (пераважна нутрыі) вырошчваюць аматары ў асабістых гаспадарках. З. Беларусі спецыялізуецца пераважна на гадоўлі норак (214 тыс. гал. на пач. 1997, больш за 90% пагалоўя пушных звяроў гаспадарак): цёмна-карычневых, пастэльных, серабрыста-блакітных, тапазавых, жамчужных, белых. Гадуюць таксама нарвежскіх вуалевых пясцоў, серабрыста-чорных лісоў, нутрый, шыншыл, янотаў, андатраў і інш. Найб. пашыраная клетачная форма З., існуе таксама паўвольнае развядзенне асобных відаў (нутрыя). Кормяць звяроў мяса-рыбнай сумессю (60—70% ад каларыйнасці рацыёну) з дабаўкай зерневых кармоў, малочнага і рыбнага тлушчу, агародніны. Селекцыйная работа накіравана на паляпшэнне якасці апушэння, колеру і структуры футра (гушчыня, даўжыня, мяккасць), павелічэнне памераў, павышэнне плоднасці і жыццяздольнасці звяроў. Удз. вага пушніны, якую дае З. (у вартасным выражэнні), складае больш за 95% усяго аб’ёму нарыхтовак пушніны ў рэспубліцы. Найб. гаспадарка — зверасаўгас «Беларускі» Вілейскага р-на, Баранавіцкая, Маладзечанская, Пінская зверагаспадаркі.

Н.І.Жураўская.

Да арт. Зверагадоўля. Пушныя звяры: 1 — норка амерыканская; 2 — ліс серабрыста-чорны; 3 — нутрыя.

т. 7, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)