Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РУ́СКА-РУМЫ́НСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1914 Аб дружалюбным нейтралітэце Румыніі ў адносінах да Расіі ў 1-ю сусветную вайну і пашырэнні тэрыторыі Румыніі.

Аформлена шляхам абмену нотамі 1 кастр. паміж міністрам замежных спраў Расіі С.​Дз.​Сазонавым і рум. пасланнікам у Расіі К.​Дыямандзі. Расія абавязвалася процідзейнічаць спробам парушэння тэр. цэласнасці Румыніі, прызнала за ёй «права далучыць населеныя румынамі вобласці Аўстра-Венгерскай манархіі». У Букавіне «Прынцып большасці насельніцтва» павінен быў «служыць падставай для размежавання тэрыторый, што павінны быць далучаны або да Расіі, або да Румыніі». Румынія абавязвалася захоўваць дружалюбны нейтралітэт у адносінах да Расіі.

т. 13, с. 461

РУ́СКА-ТУРЭ́ЦКАЯ ВАЙНА́ 1877—78,

гл. ў арт. Руска-турэцкія войны 17—19 ст.

т. 13, с. 461

РУ́СКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 17—19 ст.,

войны паміж Расіяй і Турцыяй за панаванне на Чорным м. і ў раёнах, што прылягаюць да яго; працяг барацьбы Расіі супраць Асманскай імперыі і яе васала — Крымскага ханства. Вайна 1676—81 выклікана агрэсіўнымі дзеяннямі Турцыі ў 2-й пал. 17 ст. У выніку вайны з Рэччу Паспалітай 1672—76 (гл. Польска-турэцкія войны 17 ст.) Турцыя захапіла Падолію і планавала падпарадкаваць Правабярэжную Украіну. Баявыя дзеянні праходзілі з пераменным поспехам і завяршыліся Бахчысарайскім перамір’ем 1681. Вайна 1686—1700 пачалася ў выніку далучэння Расіі ў 1686 да антытурэцкай «Свяшчэннай лігі» (Аўстрыя, Рэч Паспалітая, Венецыя). У 1687 і 1689 рас. армія ажыццявіла Крымскія, у 1695—96 Азоўскія паходы. У сувязі з падрыхтоўкай Расіі да вайны супраць Швецыі і заключэннем інш. дзяржавамі на Карлавіцкім кангрэсе 1698—99 міру з Турцыяй рас. ўрад таксама заключыў з ёю Канстанцінопальскі мірны дагавор 1700, паводле якога ч. ўзбярэжжа Азоўскага м. і г. Азоў адышлі да Расіі. Вайна 1710—13 адбывалася ў час Паўночнай вайны 1700—21. Турцыя запатрабавала вярнуць Азоў. Пруцкі паход 1711 скончыўся няўдачай для Расіі (страчаны Азоў з прылеглымі раёнамі). Вайна 1735—39 з’явілася вынікам рас.-тур. супярэчнасцей, якія абвастрыліся ў сувязі з рус.-польск. вайной 1733—35 (гл. Польская спадчына). Зачэпкай да ваен. дзеянняў паслужылі набегі крымскіх татар на ўкр. землі і паход крымскага хана на Каўказ. Рас. армія двойчы (май—чэрв. 1736 і май 1737) уваходзіла ў Крым, але адступала з-за эпідэмій і недахопу харчавання. У 1737 на баку Расіі выступіла Аўстрыя, аднак яе войскі пацярпелі шэраг паражэнняў і ў вер. 1739 Аўстрыя заключыла сепаратны мір. Рас. войскі занялі Хацін і Ясы, але пагроза нападу Швецыі прымусіла заключыць з Турцыяй Бялградскі мірны дагавор 1739, паводле якога Расія зноў вярнула сабе Азоў. Вайна 1768—74 была працягам барацьбы Расіі за выхад да Чорнага м. Асманская імперыя імкнулася пашырыць свае ўладанні на Каўказе і Прычарнамор’і і захапіць Астрахань; яна выступала таксама супраць узмацнення рас. ўплыву ў Польшчы, дзе ў 1764 каралеўскі пасад заняў стаўленік Расіі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Зачэпкай да вайны паслужыла адхіленне Расіяй тур. ультыматуму аб вывадзе рас. войск з Польшчы, дзе яны з 1768 вялі ваен. дзеянні супраць Барскай канфедэрацыі. У гэтай вайне больш удала дзейнічалі рас. армія і флот, поспехі якіх прымусілі Турцыю заключыць Кючук-Кайнарджыйскі мір 1774, паводле якога Расія атрымала Кінбурн, Керч, Енікале — выхад да Чорнага м. Вайна 1787—91 абвешчана Турцыяй у адказ на далучэнне да Расіі Крыма і пераход пад яе апеку Грузіі (гл. Георгіеўскі трактат 1783). З 1788 на баку Расіі ваявала Аўстрыя.

Летам 1789 саюзнікі нанеслі тур. войскам шэраг паражэнняў. У снеж. 1790 рас. войскі занялі Ізмаіл, у 1791 — Анапу, у 1791 перамогу пад Каліякрыяй атрымаў рас. флот. Яскі мірны дагавор 1791 пацвердзіў далучэнне да Расіі Крыма, устанавіў рас.-тур. мяжу па Днястры. Вайну 1806—12 ініцыіравала Турцыя, якая пры падтрымцы Напалеона I імкнулася аднавіць панаванне на Чорным м. У ліст. 1806 рас. войскі занялі Бесарабію, Малдову, Валахію. У снеж. 1806 Турцыя абвясціла вайну Расіі. Перамір’е паміж Турцыяй і Расіяй, заключанае ў жн. 1807, доўжылася да сак. 1809, пасля якога рас. войскі атрымалі шэраг буйных перамог. Гэта прымусіла Турцыю заключыць Бухарэсцкі мірны дагавор 1812, які пацвердзіў далучэнне да Расіі Бесарабіі і Зах. Грузіі. Вайна 1828—29 адбылася ў выніку абвастрэння барацьбы еўрап. дзяржаў за падзел уладанняў Асманскай імперыі, яна актывізавалася ў сувязі з грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыяй 1821—29. Саюзны флот Расіі, Англіі і Францыі ў Наварынскай бітве 1827 разграміў тур. флот. Турцыя абвясціла «свяшчэнную вайну» супраць Расіі. У 1828 рас. войскі занялі Валахію і Малдову, крэпасці на Каўказе Ахалцых, Поці, Баязет; у 1829 перайшлі Балканы, занялі Адрыянопаль і выйшлі на подступы да Стамбула. Паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 да Расіі адышло каўказскае ўзбярэжжа Чорнага м. (да Батумі) і раён Ахалцыха; Грэцыя атрымала незалежнасць, а Сербія, Малдова і Валахія — аўтаномію. Вайна 1853—56, гл. Крымская вайна 1853—56. Вайна 1877—78 выклікана ўздымам нац.-вызв. руху на Балканах і абвастрэннем міжнар. адносін на Б. Усходзе (гл. Герцагавінска-Баснійскае паўстанне 1875—78, Красавіцкае паўстанне 1876). Імкнучыся аднавіць страчанае ў Крымскай вайне 1853—56 пануючае становішча на Балканах, Расія пад лозунгам «абароны братоў-славян» выступіла супраць Турцыі. На баку Расіі змагаліся рум. войскі і балг. апалчэнцы, Сербія і Чарнагорыя. Летам 1877 рас. армія фарсіравала Дунай, атрад І.​У.​Гуркі (гл. ў арт. Гуркі) перайшоў Балканы. Пасля гераічнай абароны Шыпкі ў жн. 1877 рас. войскі да студз. 1878 занялі Плеўну, Сафію, узялі ў палон тур. армію (30 тыс. чал.) у раёне Шыпка—Шэйнава і падышлі да Стамбула. На Каўказе рас. армія заняла Карс і выйшла да Эрзурума. У гэтай вайне актыўна ўдзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. 54-ы пях. Мінскі полк адзін з першых фарсіраваў Дунай, вызваліў г. Свіштоў, вызначыўся пад Шыпкай і Шыпкай—Шэйнава. З шэрагу гарадоў Беларусі накіроўваліся добраахвотнікі. Нац.-вызв. рух слав. народаў падтрымалі і бел. рэвалюцыянеры-эмігранты, у т. л. М.К.Судзілоўскі. На карысць балгар і на падтрымку рас. арміі збіралі грошы. Паводле Сан-Стэфанскага міру 1878 (абмежаваны Берлінскім кангрэсам 1878) да Расіі далучаны паўд. Бесарабія, Карс і Батум з акругамі; Румынія, Сербія, Чарнагорыя атрымалі незалежнасць; Балгарыя абвешчана аўтаномным княствам; Боснія і Герцагавіна атрымалі аўтаномію ў межах Турэцкай імперыі. У гонар перамогі на вайск. могілках у Мінску пабудаваны храм-помнік — Мінская царква Аляксандра Неўскага. Ген. М.​Дз.Скобелеў выбраны ганаровым грамадзянінам Мінска.

У час Р.-т.в. 17—19 ст. вызначыліся рас. палкаводцы і флатаводцы: Б.К.Мініх, П.А.Румянцаў, Р.А.Пацёмкін, А.В.Сувораў, М.І.Кутузаў, П.І.Баграціён, Ф.Ф.Ушакоў, П.С.Нахімаў і інш.

Літ.:

Смирнов Н.А. Россия и Турция в XVI—XVII вв. Т. 1. М. 1946;

Петров А.Н. Война России с Турцией и польскими конфедератами, 1769—1874. Т. 1—5. СПб., 1866—74;

Яго ж. Вторая турецкая война в царствование императрицы Екатерины II, 1787—1791 Т. 1—2. СПб., 1880;

Яго ж. Война России с Турцией, 1806—1812. Т. 1—3. СПб., 1885—87;

Мегрелидзе Ш.В. Закавказье в русско-турецкой войне 1877—1878 гг. Тбилиси, 1972;

100-летие освобождения Болгарии от османского ига, 1878—1978. М., 1978;

Морской атлас. Т. 3, ч. 1. [М.]. 1958;

Мельцер Д.Б. Из истории белорусско-болгарских связей // Вопросы истории БССР. Мн., 1969. Вып. 37;

Широкорад А.Б. Русско-турецкие войны, 1676—1918 гг. Мн.;

М. 2000.

т. 13, с. 461

РУ́СКА-ТУРЭ́ЦКІЯ САЮ́ЗНЫЯ ДАГАВО́РЫ.

Дагаворам 1799, падпісаным 3 студз. ў Стамбуле тэрмінам на 8 гадоў, аформлена далучэнне Турцыі да 2-й антыфранц. кааліцыі. Расія ад імя саюзнікаў гарантавала недатыкальнасць тэр. Асманскай імперыі, якая была парушана ўварваннем французаў у Егіпет (гл. Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801). У сакрэтных арт. дагавора Расія абяцала ваен. дапамогу Турцыі ў барацьбе з французамі. Дагаворам 1805, падпісаным 23 вер. ў Стамбуле, пацверджаны дагавор 1799. Страціў сілу з пач. рус.-турэцкай вайны 1806—12 (гл. Руска-турэцкія войны 17—19 ст.).

т. 13, с. 462

РУ́СКА-ТУРЭ́ЦКІ ДАГАВО́Р 1724.

Паводле дагавора, падпісанага 23 чэрв. ў г. Стамбул, Турцыя пагаджалася з далучэннем да Рас. імперыі тэрыторый на зах. узбярэжжы Каспія, якія былі заняты рас. арміяй ў выніку Персідскага паходу 1722—23, а Расія — на далучэнне да Асманскай імперыі зямель у Закаўказзі і Паўн.-Зах. Іране, якія былі захоплены тур. войскамі ў пач. 18 ст.

т. 13, с. 461

РУ́СКА-ФРАНЦУ́ЗСКІ САЮ́З,

ваенна-палітычны саюз Расіі і Францыі ў 1891—1917. Супрацьстаяў Траістаму саюзу на чале з Германіяй. Аформлены пагадненнем міністраў замежных спраў Францыі і Расіі (ліп. 1891) і сакрэтнай ваен. канвенцыяй, заключанай 17.8.1892 рас. і франц. ген. штабамі і ратыфікаванай урадамі Францыі (27.12.1893) і Расіі (4.1.1894). Канвенцыя прадугледжвала правядзенне неадкладнай і адначасовай мабілізацыі ўзбр. сіл абедзвюх краін у выпадку такіх жа дзеянняў Траістага саюза, выстаўленне Францыяй 1,3 млн. чал. і Расіяй 0,7 млн. чал. супраць Германіі з такім разлікам, каб ёй адразу давялося весці вайну на 2 франты (на У і З). Т.ч. у Еўропе ўтварыліся 2 варожыя адзін да аднаго ваен.-паліт. блокі. Р.-ф.с. дазволіў Францыі актывізаваць сваю калан. палітыку (найперш у Афрыцы), а Расіі — яе экспансію ў Маньчжурыі. Першапачаткова вызначальная роля ў саюзе належала Расіі, пазней — Францыі, ад якой Расія трапіла ў фін. залежнасць. У 1912 падпісана рус.-франц. ваен.-марская канвенцыя. З далучэннем да Р.-ф.с. Вялікабрытаніі, якая ў 1904 падпісала пагадненне з Францыяй, а ў 1907 — з Расіяй, утварылася «Траістая згода» (гл. Антанта). Р.-ф.с. ануляваны Сав. урадам Расіі пасля Кастр. рэвалюцыі 1917.

Літ.:

Манфред А.З. Образование русско-французского союза. М., 1975.

т. 13, с. 462

РУ́СКА-ШВЕ́ДСКІЯ ВО́ЙНЫ 16—19 ст. войны паміж Расіяй і Швецыяй за Прыбалтыку, Фінляндыю і панаванне на Балтыйскім м. Узбр. сутычкі паміж гэтымі краінамі вядомы з 13 ст., але маштабныя ваен. дзеянні разгарнуліся з 16 ст. Вайна 1554—57 выклікана нежаданнем шведскага караля Густава I весці знешнія зносіны з Расіяй праз Ноўгарад. Баявыя дзеянні прычынілі абодвум бакам урон у гандлі, і Густаў прапанаваў мір; гэта адпавядала інтарэсам Івана IV (ён рыхтаваўся да вайны з Лівонскім ордэнам). Наўгародскі мір 1557 захаваў даваен. сістэму ўзаемаадносін і размежавання зямель. Вайна 1558—83, гл. Лівонская вайна 1558—83. Паводле Плюскага перамір’я 1583 шведы завалодалі паўн. ч. Эстоніі. Нявырашанасць пытання аб межах выклікала вайну 1590—93. Аблога рас. войскамі крэпасці Нарва зацягнулася. Толькі нечаканы рэйд. рас. атрадаў да Гельсінгфорса і Аба прымусіў шведаў заключыць Цяўзінскі дагавор 1595. Швецыя захавала Нарву, Рэвель, Везенберг і інш. эст. гарады, але вяртала Расіі Кексгольм (Карэлу), Івангорад, Ям, Капор’е, Нотэбург (Арэшак), Ладагу. За ваен. дапамогу ў гады «Смуты» Васіль Іванавіч Шуйскі перадаў Швецыі паводле Выбаргскага дагавора 1609 Карэльскі павет. Скарыстаўшы слабасць Расіі, шведы ў 1610—11 занялі ўсю Наўгародскую зямлю. Паводле Сталбоўскага міру 1617 Расіі вернуты Ноўгарад, Кексгольм, Івангорад, Ям, Капор’е, Нотэбург. Вайна 1656—58 выклікана імкненнем Расіі вярнуць і інш. страчаныя землі. Выкарыстаўшы аслабленасць Рэчы Паспалітай (гл. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67), Расія заключыла з ёю Віленскае перамір’е 1656. Рус. войскі разгарнулі наступленне на швед. землі і дайшлі да Рыгі. Але контрнаступленне шведаў і аднаўленне вайны з Рэччу Паспалітай прывялі да заключэння са Швецыяй напачатку Валіесарскага дагавора 1658 аб перамір’і на 3 гады, а потым — Кардыскага мірнага дагавора 1661, які фактычна замацаваў даваен. размежаванне зямель. Вайна 1700—21, гл. Паўночная вайна 1700—21. Вайна 1741—43 была спробай Швецыі вярнуць тэр., страчаныя пасля Паўн. вайны (гл. Ніштацкі мірны дагавор 1721). Рас. войскі атрымалі шэраг перамог і вясной 1743 падышлі да тэр. Швецыі, узнікла пагроза высадкі рас. дэсантаў. У гэтых умовах швед. ўрад падпісаў Абаскі мірны трактат 1743, які ўмацаваў становішча Расіі на Балт. м. і ў Прыбалтыцы; да Расіі далучана ч. Фінляндыі да р. Кюмене. Вайна 1788—90 пачата Швецыяй, калі асн. сілы Расіі вялі вайну з Турцыяй (гл. Руска-турэцкія войны 17—19 ст.). Швецыя запатрабавала вярнуць тэр., што перайшла да Расіі паводле мірных дагавораў 1721 і 1743. Шведскі флот падыходзіў да Пецярбурга. Аднак Рас. флот перамог у Гагландскай (1788) і Выбаргскай (1790) бітвах; не мела поспеху і швед. наступленне ў Фінляндыі. Вярэльскі мірны дагавор 1790 заключаны ва ўмовах захавання ранейшых граніц (гл. таксама Аньяльскі саюз). Вайна 1808—09 вялася Расіяй у саюзе з Даніяй супраць Швецыі і Вялікабрытаніі (гл. Руска-англійская вайна на моры 1807—12) за ўстанаўленне поўнага кантролю над Батнічным і Фінскім залівамі з мэтай умацавання бяспекі Пецярбурга. Рас. войскі захапілі ўсю Фінляндыю, Аландскія а-вы і высадзілі дэсант на ўзбярэжжы Швецыі. Скончылася Фрыдрыхсгамскім мірным дагаворам 1809 (да Расіі адышлі Фінляндыя і Аландскія астравы).

Літ.:

История внешней политики России, конец XV—XVII вв. М., 1999;

История внешней политики России XVIII в. М., 1998;

Коваленко Г.М. Кандидат на престол: Из истории полит. и культурных связей России и Швеции XI—XX вв. СПб., 1999;

Похлебкин В.В. Внешняя политика Руси, России и СССР за 1000 лет в именах, датах, фактах: Справ. Вып. 2. Войны и мирные договоры. М., 1998.

С.​Л.​Лугаўцова.

Да арт. Руска-шведскія войны 16—19 ст. Пераход расійскіх войск цераз Батнічны заліў у сакавіку 1809. Гравюра пач. 19 ст.

т. 13, с. 462

РУ́СКА-ШВЕ́ДСКІЯ САЮ́ЗНЫЯ ДАГАВО́РЫ Дагаворам 1791,

падпісаным ў Стакгольме 19 кастр., Расія і Швецыя пацвярджалі ўмовы мірнага дагавора, якім скончана рус.-шведская вайна 1788—90 (гл. Руска-шведскія войны 16—19 ст.); абавязваліся аказваць адзін аднаму ваен. дапамогу. Швецыя гарантавала заваяванні Расіі ў рус.-тур. вайне 1787—91 (гл. Руска-турэцкія войны 17—19 ст.). Прадугледжвалася дэмаркацыя межаў паміж дзвюма дзяржавамі. Аднак дагавор не быў выкананы. Дагаворам 1812, падпісаным 5 крас. ў Пецярбургу і Аба (сучасны г. Турку, Фінляндыя), бакі абавязваліся стварыць аб’яднаны корпус для высадкі ў шведскай Памераніі, якая была акупіравана Францыяй; вызначаны рус.-шведскія саюзніцкія адносіны ў час вайны 1812 і ўдзел Швецыі ў вайне супраць напалеонаўскай Францыі.

т. 13, с. 463

РУ́СКА-ЯПО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1904—05,

вайна паміж Расіяй і Японіяй за перадзел сфер уплыву на Д.​Усходзе, за панаванне ў Паўн.-Усх. Кітаі і Карэі. Узнікла ва ўмовах абвастрэння рас.-яп. супярэчнасцей у канцы 19 — пач. 20 ст. З абодвух бакоў насіла захопніцкі характар. У выніку япона-кітайскай вайны 1894—95 Японія захапіла ч. тэр. Кітая. Расія ў 1896 заключыла дагавор з Кітаем на буд-ва Кітайскай Чанчуньскай чыгункі, у 1898 узяла ў арэнду Квантунскі п-аў з Порт-Артурам (Люйшунем), у час задушэння Іхэтуаньскага паўстання (1899—1901) акупіравала Маньчжурыю. Інш. дзяржавы, занепакоеныя ўзмацненнем пазіцый Расіі і Японіі ў Кітаі, імкнуліся падштурхнуць абедзве краіны да ваен. канфлікту. Англа-яп. пагадненне 1902 спрыяла падрыхтоўцы Японіі да вайны. Пра свой нейтралітэт у гэтым канфлікце заявілі Германія і Францыя. Расія лічыла Японію слабым праціўнікам і спадзеючыся на лёгкую перамогу, не рыхтавалася належным чынам да вайны. Сілы Японіі ў пач. вайны на Д.​Усходзе значна пераўзыходзілі расійскія: яп. армія налічвала больш за 375 тыс. чал., 1140 гармат, 147 кулямётаў, флот — 80 баявых караблёў, што ў 3 разы перавышала рас. войскі ў жывой сіле, у 8 разоў у артылерыі, у 18 разоў у кулямётах, у 1,3 раза ў караблях. Рас. план прадугледжваў часткай войск стрымліваць яп. армію, абараняць Порт-Артур, потым перайсці ў наступленне, разграміць праціўніка і высадзіцца на Японскіх астравах. Японцы меркавалі нечаканым ударам знішчыць рас. флот, перакінуць войскі на мацярык, захапіць рас. ваен.-марскую базу Порт-Артур і разграміць рас. армію ў Маньчжурыі. Вайна пачалася нечаканым нападам у ноч на 9.2.1904 яп. флоту на рас. эскадру ў Порт-Артуры (гл. Порт-Артура абарона 1904—05): У карэйскім порце Чэмульпо (Інчхон) яп. флот напаў на крэйсер «Вараг» і кананерскую лодку «Карэец». Пасля цяжкага бою пашкоджаны «Вараг», затоплены камандай, а «Карэец» узарваны. Праз суткі Японія афіц. абвясціла вайну Расіі. Яп. флот заблакіраваў рас. эскадру ў Порт-Артуры, перакінутыя на мацярык сухап. войскі ў крас. 1904 пачалі актыўныя дзеянні. Пасля баёў на р. Ялу, каля Цзіньчжоў і Вафангоў (крас.чэрв. 1904) рас. армія пакінула Карэю і Ляадунскі п-аў. Баі на сушы і моры сведчылі пра няўзгодненасць дзеянняў рас. вышэйшага камандавання (ген. А.М.Курапаткін, адм. Я.​І.​Аляксееў і інш.). Рас. армія пацярпела паражэнне і пад Ляаянам (гл. Ляаянская бітва 1904). З абложанага Порт-Артура рас. эскадра спрабавала прарвацца ва Уладзівасток, але беспаспяхова. 2.1.1905 нач. Квантунскага ўмацаванага р-на А.​М.​Стэсель здаў крэпасць Порт-Артур. Паражэнне рас. арміі ў Мукдэнскай бітве 1905, разгром 2-й рас. Ціхаакіянскай эскадры ў Цусімскім баі 1905 выклікалі незадавальненне насельніцтва, што паскорыла пачатак рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У выніку абодва бакі апынуліся ў цяжкім эканам. становішчы. Паводле Портсмуцкага мірнага дагавора 1905 Японія набыла перавагу ў Карэі, ёй перададзена паўд. ч. Сахаліна, арэндныя правы Расіі на Квантунскую вобл. (з Порт-Артурам) і ветку Кітайскай Чанчуньскай чыг. Рас.-яп. пагадненне дало Японіі права рыбалоўства ўздоўж усяго далёкаўсходняга ўзбярэжжа Расіі. У гэтай вайне ўдзельнічалі і таленавітыя рас. военачальнікі (С.В.Макараў, Р.І.Кандраценка), масавы гераізм паказалі салдаты і матросы, многія афіцэры і генералы, сярод якіх вызначыліся і ўраджэнцы Беларусі. У вайне ўпершыню ўжыта скарастрэльная зброя — гарматы і кулямёты, з’явіліся мінамёты і ручныя гранаты, набыты вопыт выкарыстання ў ваен. мэтах радыё, аэрастатаў, пражэктараў і інш.

Літ.:

История русско-японской войны, 1904—1905 гг. М., 1977;

Тайны русско-японской войны. М., 1993;

О.​Митрофан Сребрянский. Дневник полкового священника, служащего на Дальнем Востоке. М., 1996;

Игнатьев А.В. С.​Ю.​Витте — дипломат. М., 1989.

С.​В.​Пазняк.

т. 13, с. 466

РУ́СКА-ЯПО́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ Дагавор 1855 падпісаны 7 лют. ў г. Сімода (Японія). Паводле яго ўстаноўлены дыпламат. адносіны паміж Расіяй і Японіяй, для рас. гандлю адчынены парты Сімода, Хакадатэ і Нагасакі, рас, падданыя набылі права экстэрытарыяльнасці на тэр. Японіі; ч. Курыльскіх а-воў на Пд ад в-ва Уруп прызнаны ўладаннем Японіі, а в-аў Сахалін — «непадзеленым паміж Японіяй і Расіяй». Дагавор 1858 падпісаны 19 жн. ў г. Эда (зараз Токіо). Пацвярджаў дагавор 1855, для рас. гандлю адчынены яшчэ 3 парты, рас. падданым дазволена наведваць гарады Эда і Осака і жыць у адкрытых партах. Дагавор 1867 падпісаны 18 сак. ў Пецярбургу. В-аў Сахалін прызнаны сумесным рус.-яп. уладаннем і на ім дазвалялася сяліцца падданым абедзвюх дзяржаў. Дагавор 1875 падпісаны 7 мая ў Пецярбургу. Паводле яго в-аў Сахалін прызнаваўся рас. уладаннем у абмен на прызнанне яп. суверэнітэту над усімі Курыльскімі а-вамі; вызначаны таксама юрыд. аспекты рус.-яп. рыбалоўства. Дагавор 1895 падпісаны 8 чэрв. ў Пецярбургу. Скасаваў тыя часткі дагавораў 1855, 1858 і 1875, якія давалі рас. падданым аднабаковыя прывілеі на тэр. Японіі (права консульскай юрысдыкцыі і г.д.); паміж дзвюма краінамі ўстанаўліваў рэжым найб. спрыяння ў мытнай сферы Мірны дагавор 1905,

гл. Портсмуцкі мірны дагавор 1905. Пагадненне 1907 падпісана 30 ліп. ў Пецярбургу. Складалася з публічнай канвенцыі і сакрэтнага пратакола. У канвенцыі бакі абавязваліся паважаць тэр. цэласнасць адзін аднаго і абвясцілі тэр. непарушнасць і незалежнасць Кітая; Карэя прызнавалася сферай яп. ўплыву. Сакрэтная ч. фіксавала падзел Маньчжурыі на рас. (Паўн.) і яп. (Паўд.) сферы ўплыву. Японія прызнавала наяўнасць у Расіі спец. інтарэсаў у Манголіі Знешняй. Пагадненне 1910 падпісана 4 ліп. ў Пецярбургу. Развівала і канкрэтызавала дагавор 1907. Канвенцыя 1912 (сакрэтная) падпісана 8 ліп. ў Пецярбургу. Падзяляла Манголію Унутраную на рас. і яп. сферы ўплыву. Дагавор 1916 падпісаны 3 ліп. ў Пецярбургу. Устанаўліваў рас.-яп. саюз. У публічнай ч. дагавора бакі абавязваліся не ўдзельнічаць ні ў якой паліт. камбінацыі, скіраванай супраць аднаго з іх, а ў выпадку пагрозы іх тэр. правам і асаблівым інтарэсам на Д.​Усходзе дамовіцца аб агульных мерах абароны. Сакрэтная ч. пацвярджала ранейшыя рас.-яп. пагадненні пра сферы ўплыву ў Кітаі, прадугледжвала меры супраць усталявання там панавання якой-н. дзяржавы. У выпадку ўцягвання аднаго з бакоў у вайну з трэцяй дзяржавай другая абавязана прыйсці ёй на дапамогу і не заключаць сепаратнага міру без двухбаковых кансультацый.

т. 13, с. 466