Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

НО́ВІКАЎ (Іван Рыгоравіч) (н. 26.1.1918, в. Нязнань Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік, журналіст. Засл. дз. культ. Беларусі (1967), Скончыў БДУ (1955). Працаваў у газ. «Камуна» (Клімавічы, 1935—38), «Советская Белоруссия» (1946—57), «Правда» (1957—86). Дэбютаваў у 1935 вершамі, пазней пачаў пісаць нарысы. Выдаў кн. дакумент. нарысаў «Дзесяць тыдняў у Злучаных Штатах Амерыкі» (1958), «Палескае золата» (1959) і інш. Услаўленне барацьбы падпольшчыкаў і партызан у Вял. Айч. вайну — асн. пафас нарыса «Вера Харужая» (1962), дакумент. аповесцей «Сэрца інакш не можа» (1960), «Руіны страляюць ва ўпор» (1960—61), «Дарогі скрыжаваліся ў Мінску» (1964, Літ. прэмія імя. Я.​Коласа 1965), «Тварам да небяспекі» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі імя П.​М.​Лепяшынскага 1968), «Да світання блізка» (1974), гіст. нарысаў «Бяссмерце Мінска» (1977), «Мінск — горад-герой» (1986). У рамане «Ачышчэнне» (1987) раскрывае працэс пошукаў герояў гарадскога падполля, дзейнасць падполля, даследуе, як ствараецца кульцік мясц. дзеяча. Аўтар зб. фельетонаў «Уласны іншаземец» (1960), сцэнарыя тэлефільма «Руіны страляюць» (з І.​Чыгрынавым, 1973, Дзярж. прэмія Беларусі 1974).

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—3. Мн., 1988;

Параненая памяць: Аповесць, апавяданні. Мн., 1990.

Літ.:

Гардзіцкі А. Дыялогі. Мн., 1968;

Андраюк С. Вывяраючы жыццём. Мн., 1976;

Гніламёдаў У. Як само жыццё. Мн., 1980.

Л.​С.​Савік.

І.Р.Новікаў.

т. 11, с. 370

НО́ВІКАЎ (Ігар Аляксандравіч) (н. 19.10.1929, г. Дрэзна Маскоўскай вобл., Расія),

расійскі і армянскі спартсмен (сучаснае пяцібор’е). Засл. майстар спорту СССР (1957), засл. трэнер СССР (1968), засл. дз. фіз. культ. Арменіі (1969). З 1972 віцэ-прэзідэнт Міжнар. саюза сучаснага пяцібор’я і біятлона. Чэмпіён XVI і XVIII Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія; 1964, Τόκιό) у камандным заліку. Сярэбраны прызёр XVII і XVIII Алімп. гульняў (1960, Рым — у камандным і 1964 — у асабістым заліку). Чэмпіён свету ў асабістым і камандным (1957, 1958, 1959, 1961) і камандным (1962) заліку; сярэбраны прызёр у асабістым (1962, 1965) і камандным (1955, 1963, 1965) заліку; бронз. прызёр у асабістым заліку (1963). Чэмпіён СССР у асабістым заліку (1953, 1956, 1959, 1964).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 370

НО́ВІКАЎ (Мікалай Уладзіміравіч) (16.10.1911, Масква —20.2.1997),

расійскі фалькларыст. Д-р філал. н. (1976). Скончыў Ленінградскі ун-т (1940). З 1953 працаваў у Ін-це рус. л-ры (Пушкінскі дом), з 1967 у Ін-це этнаграфіі імя М.​М.​Міклухі-Маклая АН СССР (Ленінградскае аддзяленне). Даследаваў гісторыю рус. і бел. фалькларыстыкі, рус., бел. і ўкр. казкі, узаемаадносіны казкі з інш. жанрамі і відамі нар. творчасці, узаемаўплыў фальклору і л-ры. Аўтар шматлікіх прац, у т. л. манаграфій «П.​В.​Шэйн. Кніга пра збіральніка і выдаўца рускага і беларускага фальклору» (1972), «Вобразы ўсходнеславянскай чарадзейнай казкі» (1974), «Параўнальны паказальнік сюжэтаў. Усходнеславянская казка» (1979, у сааўт.). Укладальнік зб-каў казак і аўтар уступных артыкулаў, каментарыяў да іх [«Казкі П.​П.​Гаспадарова», 1941, «Рускія казкі ў ранніх запісах і публікацыях (XVI—XVIII ст.)», 1971].

А.​С.​Фядосік.

т. 11, с. 370

НО́ВІКАЎ (Пётр Лявонцьевіч) (12.8.1932, в. Гаршкова Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 9.11.1998),

бел. вучоны ў галіне інфекц. хвароб. Д-р мед. н. (1978), праф. (1980). Засл. работнік аховы здароўя Беларусі (1991). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1958). З 1967 працаваў у ім (з 1982 заг. кафедры). Навук. працы па метадах патагенет. лячэння менінгакокавай інфекцыі, прынцыпах карэкцыі гамеастазу ў хворых менінгітам.

Тв.:

Интенсивная терапия тяжелых форм менингококковой инфекции // Здравоохранение Белоруссии. 1978. № 7;

ВИЧ-инфекция: (клиника, диагностика и современные принципы лечения). Мн., 1998 (у сааўт.).

т. 11, с. 370

НО́ВІКАЎ (Пётр Сяргеевіч) (28.8.1901, Масква — 9.1.1975),

расійскі матэматык, стваральнік школы матэм. логікі. Акад. АН СССР (1960). Скончыў Маскоўскі ун-т (1925). З 1929 у Маскоўскім хім.-тэхнал. ін-це, з 1934 у Матэм. ін-це імя У.​А.​Сцяклова АН СССР, з 1945 праф. Маскоўскага пед. ін-та імя Леніна. Навук. працы па тэорыі мностваў, матэм. логіцы, тэорыі алгарытмаў і тэорыі груп. Прапанаваў метад даследавання праблем дэскрыптыўнай тэорыі мностваў, метад доказу несупярэчнасці фармальных сістэм. Даказаў невырашальнасць праблемы тоеснасці, спалучанасці і ізамарфізму ў тэорыі груп. Ленінская прэмія 1957.

Тв.:

Избр. труды: Теория множеств и функций. Математическая логика и алгебра. М., 1979.

П.С.Новікаў.

т. 11, с. 370

НО́ВІКАЎ (Сяргей Пятровіч) (н. 20.3.1938, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),

расійскі матэматык. Акад. АН Расіі (1981; чл.-кар. 1966). Сын П.С.Новікава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1960) і працаваў у ім. З 1963 у Матэм. ін-це імя У.​А.​Сцяклова (з 1983 заг. аддзела), з 1971 у Ін-це тэарэт. фізікі АН Расіі. Навук. працы па геаметрыі і тапалогіі, тэорыі салітонаў і агульнай тэорыі адноснасці. Даказаў тапалагічную інварыянтнасць характарыстычных класаў Пантрагіна, стварыў якасную тэорыю слаенняў і мнагазначных функцый, ’якасную тэорыю касмалагічных мадэлей, тэорыю канечназонных рашэнняў нелінейных сістэм. Ленінская прэмія 1967. Міжнар. прэмія імя М.​І.​Лабачэўскага АН СССР (1981). Залаты медаль і прэмія Дж.​Філдса (1970).

Тв.:

Теория солитонов. М., 1980 (у сааўт.);

Современная геометрия: Методы и приложения. 2 изд. М., 1986 (разам з Б.​А.​Дубровіным, А.​Ц.​Фаменкам).

С.П.Новікаў.

т. 11, с. 370

НО́ВІКАЎ (Ціт Парфенавіч) (31.3.1907, в. Салтанаўка Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 5.4.1974),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Уладзівастоцкае ваен. пях. вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Стралк. рота на чале са старшым лейт. Н. вызначылася ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пд ад Кіева. У 1946—58 на гасп. рабоце.

Ц.П.Новікаў.

т. 11, с. 371

НО́ВІКАЎ (Яўген Васілевіч) (н. 26.8.1924, г.п. Пачалма Пензенскай вобл., Расія — 20.10.1973),

бел. спартсмен (цяжкая атлетыка; 2-я цяжкая вага). Засл. майстар спорту СССР (1969). Суддзя рэсп. катэгорыі па цяжкай атлетыцы (1957). Чэмпіён Еўропы (1957, г. Катавіцы, Польшча), чэмпіён СССР (1957, г. Львоў, Украіна), сярэбраны (1952—55) і бронзавы (1951) прызёр. Рэкардсмен СССР (1952—55, 1957—58).

т. 11, с. 371

НО́ВІКАЎ-ПРЫБО́Й (сапр. Новікаў) Аляксей Сілыч

(24.3.1877, с. Мацвееўскае Сасаўскага р-на Разанскай вобл., Расія — 29.4.1944),

рускі пісьменнік. Служыў матросам на Балтыйскім флоце (1899—1906), у руска-яп. вайну 1904—05 удзельнічаў у Цусімскай бітве. У 1908—13 паліт. эмігрант. Друкаваўся з 1906. У зб. «Марскія апавяданні» (у 1914 канфіскаваны, выд. 1917) пра жыццё матросаў рас. флоту, драм. калізіі, матывы сац. пратэсту. Рамантычныя адносіны да мора, жанчыны ў аповесцях «Мора кліча» (1919), «Падводнікі» (1923), «Жанчына ў моры» (1926) і інш. На асабістых уражаннях, сведчаннях удзельнікаў і дакументах заснавана гіст. эпапея «Цусіма» (ч. 1—2, 1932—35; 4-я рэд. 1940; Дзярж. прэмія СССР 1941). Аўтар раманаў «Салёная купель» (1929), «Капітан 1-га рангу» (незавершаны, кн. 1—2, 1942—44; экранізацыя 1958), аповесцей «Ухабы» (1927), «Уцёкі» (1931), зб-каў апавяданняў «Дзве душы» (1919), «Смерч» (1933) і інш. Сябраваў з Я.​Купалам. Асобныя яго творы на бел. мову пераклалі С.​Дарожны, Л.​Маракоў і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1963;

Повести и рассказы. М., 1988;

Цусима. Т. 1—2. М., 1993—94;

Бел. пер. — На падводнай лодцы. Мн., 1928;

Зуб за зуб. Мн., 1929;

Сапсаваны. Мн., 1930;

У бухце «Атрада». Мн., 1930;

Па-цёмнаму. Мн., 1931;

Марскі пажар. Мн., 1932;

Жанчына ў моры. Мн., 1936;

Цусіма. Кн. 1—2. 2 выд. Мн., 1937.

Літ.:

Перегудов А. Светлый день: Повесть о писателе и друге. М., 1977;

А.​С.​Новиков-Прибой в воспоминаниях современников. М., 1980.

т. 11, с. 371

Новікаў Васіль Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 435