Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАГІЛЁЎСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1772—1919. Цэнтр — г. Магілёў. Утворана 8.6.1772. Уключала Аршанскую, Магілёўскую, Мсціслаўскую і Рагачоўскую правінцыі. 22.3.1777 падзелена на 12 паветаў: Аршанскі, Бабінавіцкі (скасаваны ў 1840), Беліцкі (у 1852 перайменаваны ў Гомельскі), Клімавіцкі, Копыскі (у 1861 перайменаваны ў Горацкі), Магілёўскі, Мсціслаўскі, Рагачоўскі, Сенненскі, Старабыхаўскі (у 1852 перайменаваны ў Быхаўскі), Чавускі і Чэрыкаўскі. 10.1.1778 М.г. перайменавана ў Магілёўскае намесніцтва, якое 23.12.1796 скасавана, а паветы ўвайшлі ў склад Беларускай губерні. М.г. адноўлена 11.3.1802 у складзе ранейшых 12 паветаў. Уваходзіла ў склад Віцебскага, Магілёўскага і Смаленскага ген.-губернатарства (гл. Беларускае генерал-губернатарства), у 1863—69 — Віленскага генерал-губернатарства. Паводле перапісу 1897 тэр. М.г. 42 134 кв. вярсты, нас. 1686, 7 тыс. чал. Паводле веравызнання: праваслаўных 1402,2 тыс., старавераў 23,3 тыс., католікаў 50,1 тыс., пратэстантаў 6,9 тыс., іудзеяў 203,9 тыс., мусульман 184 чал. З вер. 1917 губерня ў складзе Зах. вобл., з 1.1.1919 у БССР, з лют. ў РСФСР. 11.7.1919 М.г. скасавана, 9 яе паветаў увайшлі ў Гомельскую губ., Мсціслаўскі пав. перададзены Смаленскай, Сенненскі — Віцебскай губ.

А.М.Філатава.

т. 9, с. 457

«МАГІЛЁЎСКАЯ ДАЎНІНА́»,

1) «Могилевская старина», зборнік матэрыялаў з «Могилевских губернских ведомостей» за 1898—1903. Выйшлі 3 выпускі (1900—03) пад рэд. Е.Р.Раманава. Уключае артыкулы і нататкі па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі Магілёўскай губ., гіст. дакументы. У 1-м выпуску змешчаны Баркулабаўскі летапіс, грамата караля Стафана Баторыя ад 1.3.1581, карта магілёўскага намесніцтва 1768, успаміны пра падзеі 1812 на Магілёўшчыне; у 2-м вып. — апісанне Крычаўскага графства А.Меерам у 1786, фрагменты запісак 1816 і 1822 англ. падарожніка Р.Пінкертона пра бел. губерні, бібліяграфічны паказчык асн. прац Раманава; у 3-м вып. — дакументы 16—20 ст. У 2-м і 3-м вып. змешчаны звесткі пра «апошняга летапісца» Беларусі ігумена Арэста. Публікацыі гіст. крыніц вызначае высокі навук. ўзровень, які не быў характэрны для тагачасных перыяд. выданняў.

2) Зборнік гіст. і краязнаўчых матэрыялаў, які з 1993 штогод выдаецца ў Магілёве як аднаўленне «М.д.» 1898—1903. Матэрыялы ахопліваюць гіст. перыяд развіцця Магілёўшчыны ад старажытнасці да сучаснасці. Мае рубрыкі: «Даследаванні. Меркаванні», «Асоба ў гісторыі», «Малавядомае», «Школьнае краязнаўства» і інш.

М.Ф.Шумейка, І.А.Пушкін.

т. 9, с. 457

МАГІЛЁЎСКАЯ ДРУКА́РНЯ, Магілёўская кансісторская друкарня,

Магілёўская прыдворная друкарня. Існавала ў 1774—1844 у Магілёве. Засн. біскупам С.І.Богушам-Сестранцэвічам пры рымска-каталіцкай кансісторыі. Напачатку размяшчалася ў Магілёўскім касцёле кармелітаў, потым у прыгарадным палацы Богуша-Сестранцэвіча ў Пячэрску. У 1776 М.д. атрымала дазвол на выданне кніг на рус. мове, што паклала пачатак кнігадрукаванню грамадзянскім шрыфтам на Беларусі. Паводле ўказа Кацярыны II 1780 друкарня была абавязана публікаваць афіц. матэрыялы, т.ч. яна выконвала функцыі губ. друкарні да адкрыцця ў 1833 Магілёўскай губернскай друкарні. Вядома больш за 60 назваў выданняў М.д., у т.л. 43 на польск., 12 на лац., 8 на рус., па 1 на ням. і франц. мовах. Сярод іх: «Кароткая французская граматыка» (1784, 1796); даведачная л-ра — «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783» (1782), «Беларускія календары» (1784—95), «Дырэкторыумы» (царк. календары, якія змяшчалі спісы парафій і духавенства Магілёўскай рымска-каталіцкай епархіі за 1807—44); афіц. выданні — «Трактат Вечнага міру і сяброўства» (1792), «Установы для кіравання губерняй» (1774, 1777, 1795); навук. працы — «Аб Заходняй Русі» (1793) і «Аб паходжанні сарматаў і славян» (1810) Богуша-Сестранцэвіча, трактат «Тры кнігі аб паэтычным мастацтве» (1786) Ф.Пракаповіча; маст. творы — трагедыя «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783) Богуша-Сестранцэвіча, яго вершы і прамовы, «Вандроўны турак» (1789, польскі пераклад «Гісторыі Сіндбада-Марахода»).

Літ.:

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.

І.А.Пушкін.

т. 9, с. 458

МАГІЛЁЎСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15 — пач. 20 ст., якую выраблялі цаніннікі з г. Магілёў. Кафля канца 15—16 ст. гаршковая, з круглым вусцем, некаторыя вырабы пакрыты знутры зялёнай палівай. Кафля канца 16—20 ст. каробчатая (тэракотавая, зялёная паліваная, паліхромная). У аздабленні паліхромнай кафлі 17 ст. выкарыстоўвалі белую, зялёную, блакітную, карычневую, жоўтую паліву. У канцы 16—1-й пал. 17 ст. выраблялі кафлю з двухпрыступкавай рамкай на вонкавай пласціне. Паводле тыпаў і прызначэння М.к. падзяляецца на сценавую, карнізную (простую, складаную і інш.), паясную, вуглавую, кафлі-перамычкі, гарадкі (каронкі). У аздабленні пашыраны расл. (выява букета кветак у вазе, дубовыя і лаўровыя лісты, бутон хмелю і інш.) і геам. (зігзагі, сетка, «рыбіна луска» і інш.) арнаменты, сюжэтныя, зааморфныя, геральдычныя, міфалагічныя выявы (ільвы, арлы, грыфоны, анёлы, коннікі, гербы і інш.). У трактоўцы расл. арнаменту, які часта спалучаўся з геам., адметны ўплыў маньерызму (вырабы канца 16—1-й пал. 17 ст.), барока (сярэдзіна — 2-я пал. 17 ст.). Некаторыя кафлі датаваныя. Кафлю канца 17 — пач. 18 ст. часта аздаблялі т.зв. дывановым арнаментам, рэльефнымі выявамі. Кафля канца 18—19 ст. мае гладкую вонкавую пласціну, пакрытую пераважна зялёнай палівай. У канцы 19 — пач. 20 ст. паверхню вонкавай пласціны аздаблялі складаным рэльефным малюнкам.

Літ.:

Володько Р.Ф. Белорусские изразцы. Мн., 1978;

Трусаў А.А., Чарняўскі І.М., Кукуня В.Р. Архітэктурна-археалагічныя даследаванні гістарычнага цэнтра Магілёва // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1983. № 5.

А.А.Трусаў, І.М.Чарняўскі.

Магілёўская кафля. Паліваная кафля з выявай картуша. 18 ст.

т. 9, с. 458

МАГІЛЁЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя ганчарныя вырабы рамеснікаў з г. Магілёў канца 15 — пач. 20 ст. Выраблялі посуд, цацкі і інш. прадметы хатняга ўжытку. У канцы 15—16 ст. гаршкі з прамой шыйкай і косым ці закругленым краем венчыка, макотры аздаблялі хвалістым арнаментам, наколкамі, насечкамі. Традыцыі арнаментацыі непаліваных гаршкоў захоўваліся да 17—18 ст. З 16 ст. пашырылася вытв-сць паліванай і чорназадымленай керамікі. У 17—18 ст. выраблялі гаршкі, кубкі, куфлі, міскі, паўміскі, збаны, макотры, глякі, талеркі. Паліваны посуд (міскі і талеркі) упрыгожвалі арнаментам у выглядзе кругоў і кветак, збаны з вял. ручкай — адбіткам пальцаў на яе краях і арнаментам у выглядзе наляпных кветак на плечуках, куфлі — выявамі гар. герба і пакрывалі зялёнай палівай. У 2-й пал. 17—18 ст. выраблялі посуд (талеркі, збаны), аздоблены ангобнаю размалёўкаю (геам. і расл. арнамент). Выраблялі таксама кафлю (гл. Магілёўская кафля), дзіцячы посуд (кубачкі, талерачкі), падсвечнікі, рукамыйнікі, цэглу-пальчатку, непаліваную (плоскую і паўцыркульную) і паліваную зялёную дахоўку, магчыма, чорназадымленыя і паліваныя люлькі.

А.А.Трусаў, Н.І.Здановіч.

Да арт. Магілёўская кераміка. Талерка. 2-я пал. 17 ст.

т. 9, с. 459

МАГІЛЁЎСКАЯ ПАНЧО́ШНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1915 у Магілёве. Была эвакуіравана з Варшавы. Працавалі 232 рабочыя, выпускалі шкарпэткі для ваеннага ведамства.

т. 9, с. 459

МАГІЛЁЎСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,

тэр.-адм. адзінка правасл. царквы з цэнтрам у Магілёве. Утворана ў 1632 па ініцыятыве мітрапаліта Пятра Магілы як адзіная тады правасл. епархія на Беларусі (усе астатнія былі пераведзены ў унію). У 1633 зацверджана прывілеем караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV. З 1675 наз. таксама Беларускай, пазней назвы мяняліся. Падпарадкоўвалася Кіеўскай мітраполіі. Пасля пераходу апошняй пад юрысдыкцыю Маскоўскай патрыярхіі (1685) магілёўскіх епіскапаў прызначала Масква, але па-ранейшаму зацвярджала каралеўская ўлада. Пасля ўваходжання Магілёва ў склад Рас. імперыі (1772) залічана ў 1774 да 2-га класа. З 1833 ахоплівала толькі тэр. Магілёўскай губ. У 1920—30-я г. епархіяй кіравалі абнаўленцы, якія ў 1924 стварылі Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву. У сярэдзіне 1930-х г. яе прыходы перайшлі пад юрысдыкцыю кананічнай Мінскай епархіі. У канцы 1930-х г. М.п.е. з-за антырэліг. палітыкі ўлад фактычна спыніла дзейнасць. У сак. 1942 адноўлена ў складзе Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Пасля Вял. Айч. вайны епіскапы не прызначаліся. У 1989 дзейнасць епархіі адноўлена ў складзе Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскай патрыярхіі. Ахоплівае тэр. Магілёўскай вобл. У 1997—52 царквы.

І.А.Пушкін.

т. 9, с. 459

МАГІЛЁЎСКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

адм.-тэр. адзінка ў Магілёўскай губ. Рас. імперыі ў 1772—76. Цэнтр — г. Магілёў. Пл. каля 700 тыс. дзес. Паводле ўказа ад 22.7.1773 падзялялася на 3 паветы: Быхаўскі (Старабыхаўскі), Магілёўскі, Шклоўскі (створаны на аснове Астраўлянскай, Любавіцкай, Макрэдскай, Мікулінскай, Обальскай, Руднянскай, Сенненскай парафій). Уключала 19 мястэчак, 61 сяло, 627 вёсак; каля 164 тыс. чал. падатковага насельніцтва. На тэр. правінцыі знаходзілася Магілёўская эканомія. Буйнейшыя прыватныя ўладанні — Быхаўскае графства (належала кн. А.Сапегу), Шклоўскае графства (належала кн. А.Чартарыйскаму).

Я.К.Анішчанка.

т. 9, с. 459

«МАГІЛЁЎСКАЯ ПРА́ЎДА»,

абласная грамадска-паліт. газета. Выдаецца з 10(23).1.1918 у Магілёве. Выходзіць 2 разы на тыдзень на бел. і рус. мовах. У 1918 (№ 1—10) наз. «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов», з № 11 «Известия Могилевского губернского исполнительного комитета Советов крестьянских и рабочих депутатов», у ліст.снеж. — «Известия Могилевского губернского революционного комитета». У сак.кастр. 1918 у час акупаиыі Магілёва ням. войскамі не выходзіла. Са студз. 1919 наз. «Соха и молот», з 10.10.1924 — «Магілёўскі селянін», з ліст. 1929 да 1941 — «Камунар Магілёўшчыны». У Вял. Айч. вайну выходзіла ў падполлі пад назвай «За Радзіму» як орган Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б (№ 1 выйшаў 24.3.1943). З 12.8.1956 наз. «Магілёўская праўда». Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця вобласці, рэспублікі. Змяшчае матэрыялы па пытаннях культуры, л-ры і мастацтва. З 1984 мае штотыднёвы дадатак «Днепровская неделя».

А.І.Тарпачоў.

т. 9, с. 459

МАГІЛЁЎСКАЯ РА́ТУША.

Існавала ў 17—20 ст. у Магілёве. У канцы 17 ст. ратуша — мураваны 2-павярховы будынак з 8-граннай 5-яруснай вежай пасярэдзіне гал. фасада. У 1679—81 пад кіраўніцтвам майстра Феські збудаваны прамавугольны ў плане (28 × 10,5) будынак ратушы. У 1682—86 майстрам Крузбергам з Быхава ўзведзена вежа на выш. каля 26 м (абвалілася). У 1692 майстрам Ігнатам з арцеллю ўзведзена новая вежа выш. да 38 м, якая стала верт. дамінантай горада. Вежа 5-ярусная, завяршалася гранёным купалам са шпілем, мела балкон з метал. кратамі, вял. гадзіннік. Аконныя праёмы з невял. круглаватымі шыбамі мелі прыгожыя алавяныя рамы-аканіцы. Гал. і дваровы ўваходы вылучаліся ганкамі. Будынак накрыты плоскай чырвонай дахоўкай, аздоблены пазалочанымі флюгерамі-ветранікамі на франтоне, на дахах ганкаў і на вежавым шпілі. У 1773 ратуша капітальна перабудавана, дах накрыты бляхай. Гарыз. пояс падзяляў сцяну будынка на 2 ярусы: 1-ы руставаны, аконныя праёмы 2-га мелі абрамленні. Архітэктура фасадаў стала адпавядаць архітэктуры дамоў губернатара і віцэ-губернатара, узведзеных побач у стылі класіцызму. Да будынка прылягаў гасціны двор. У час Вял. Айч. вайны моцна пашкоджана, у 1957 знесена. Паводле архіўных і археал. матэрыялаў створаны праект адбудовы ратушы.

А.А.Трусаў.

Магілёўская ратуша. Фота пач. 20 ст.

т. 9, с. 459