Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДОМАЎЛАДА́ННЕ,

сукупнасць прыналежных грамадзяніну на праве прыватнай уласнасці жылога дома (катэджа, дачы, садовага дома і інш.), надворных будынкаў (гаража, хлява, цяпліц і інш.), размешчаных на зямельным участку, што знаходзіцца ў дадзенай асобы на падставе права ўласнасці або на інш. законнай падставе.

т. 6, с. 181

Домаш Валянціна Іосіфаўна

т. 18, кн. 1, с. 381

ДО́МБАЛЬ (Тамаш Францавіч) (29.12.1890, в. Собаў Жэшаўскага ваяв., Польшча — 4.12.1938),

бел. эканаміст, дзеяч міжнар. сялянскага руху. Акад. АН БССР (1933), д-р эканам. н. (1934), праф. (1932). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1927), Ін-т чырв. прафесуры (1932). З 1919 дэпутат польскага сейма. У 1921 арыштаваны і засуджаны на 6 гадоў катаргі. У 1923 вызвалены ў выніку абмену палітвязнямі паміж Польшчай і СССР. Ініцыятар склікання 1-й Міжнар. сялянскай канферэнцыі ў Маскве (1923), нам. ген. сакратара Выканкома Сялянскага Інтэрнацыянала. Працаваў у Выканкоме Камінтэрна, Міжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі, заснаваў н.-д. Міжнар. аграрны ін-т (1926). У 1932—35 віцэ-прэзідэнт АН БССР і дырэктар Ін-та эканомікі АН БССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1932—37, чл. ЦВК БССР у 1935—37. Аўтар прац па міжнар. сял. руху. 29.12.1936 арыштаваны, прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.

Т.Ф.Домбаль.

т. 6, с. 182

ДО́МБСКІ ((Dąbski) Ян) (4.4.1880, с. Кукізава Львоўскай вобл., Украіна — 5.6.1931),

польскі паліт. дзеяч, журналіст. У 1-ю сусв. вайну ў польскіх легіёнах. У 1919—30 пасол польскага сейма. У 1920—21 нам. міністра замежных спраў Польшчы, старшыня польскай дэлегацыі на мірных рус.-ўкр.-польскіх перагаворах у Мінску і Рызе. 18.3.1921 падпісаў з польскага боку Рыжскі мірны дагавор 1921, паводле якога Зах. Беларусь адыходзіла да Польшчы. Адзін з лідэраў Польскай нар. партыі «Вызволене». Аўтар успамінаў.

У.​М.​Міхнюк.

т. 6, с. 182

ДО́МЕННАЯ ПЕЧ, домна,

шахтавая печ для выплаўкі чыгуну з жалезарудных матэрыялаў (афлюсаванага агламерату, акатышаў, жал. руды). Характарызуецца карысным аб’ёмам (бывае да 5000 м³ і больш) і прадукцыйнасцю (да 12 000 т/сут і больш). Працягласць бесперапыннага дзеяння ад пуску да спынення на капітальны рамонт (т.зв. кампанія) 10—15, часам 20 і больш гадоў.

Зверху праз калашнік у печ загружаюць порцыямі (калошамі) зыходную плавільную сыравіну (шыхту), знізу праз фурмы ў горне падаюць нагрэтае і абагачанае кіслародам паветра, вадкае. газа- або пылападобнае паліва. У шахце з жалезаруднай часткі шыхты адбываецца ўзнаўленне жалеза з вокіслаў і насычэнне яго вугляродам, у выніку чаго ўтвараецца чыгун (гл. Доменны працэс). У распары (самая шырокая цыліндрычная ч. печы) і заплечыках (конусная ч.) чыгун і шлак плавяцца (пераходзяць у вадкі стан) і праз спец. адтуліны (ляткі) перыядычна выпускаюцца ў каўшы. Доменны газ, які ўтвараецца ў доменным працэсе, выходзіць з Д.п. праз газаадводы; шлак гранулюецца (выкарыстоўваецца ў буд-ве). Д.п. футэруюць вогнетрывалай муроўкай: верхнюю ч. выкладваюць малагліназёмістым, ніжнюю — высокагліназёмістым шамотам; ч. горна, дзе назапашваецца чыгун. і под — вугляродзістымі блокамі. Звонку печ адзяецца ў стальны кажух, які ахалоджваецца пераважна праточнай вадой. Д.п. абсталёўваецца скіпавымі пад’ёмнікамі з ваганеткамі або канвеерамі, сродкамі механізацыі і аўтаматызацыі вытв. працэсу. Непадалёку ад Д.п. звычайна размяшчаецца агламерацыйная ф-ка (гл. Агламерацыя). Д.п. з’явіліся ў Еўропе ў сярэдзіне 14 ст., у Расіі каля 1630.

Доменная печ 1 — чыгунны ляток; 2 — паветраная фурма; 3 — горан; 4 — шахта; 5 — скіп; 6 — шыхта; 7 — засыпное прыстасаванне; 8 — комін; 9 — паветрападагравальнік; 10 — газаачышчальнікі; 11 — шлакавы ляток.

т. 6, с. 182

ДО́МЕННЫ ПРАЦЭ́С,

выплаўка ў доменнай печы чыгуну з жалезарудных матэрыялаў.

У працэсе плаўкі зыходная сумесь — шыхта (жал. руда, агламерат або акатышы, флюсы і паліва — кокс) рухаецца зверху ўніз насустрач гарачым газам, што ўтвараюцца ў горне печы. Пры ўзаемадзеянні гэтых патокаў аксіды жалеза, якія ёсць у рудзе, узнаўляюцца вугляродам і аксідам вугляроду, што ўтвараюцца пры гарэнні коксу. Атрыманае жалеза пры ўзаемадзеянні з коксам насычаецца вугляродам, у выніку атрымліваецца чыгун (сцякае ў горан печы). Расплаўленая пустая парода руды, попел коксу і флюсы ўтвараюць шлак, што ўсплывае над вадкім чыгуном. Праз асобныя ляткі чыгун і шлак перыядычна выпускаюцца. Атрыманы доменны чыгун бывае ліцейны (адрозніваецца высокай цякучасцю, выкарыстоўваецца ў вытв-сці коўкага, высокатрывалага і шэрага чыгуну, для вырабу фасонных дэталей), пераробны (перарабляецца ў сталь, бывае мартэнаўскі, тамасаўскі, бесемераўскі) і спецыяльны. Доменны газ, які ўтвараецца ў Д.п., — пераважна прадукт няпоўнага згарання вугляроду; служыць палівам у паветранагравальніках, коксавых і мартэнаўскіх печах і інш.

т. 6, с. 182

ДО́МЖАРЫЦКАЕ БАЛО́ТА,

на ПдЗ Лепельскага р-на Віцебскай вобл., у вадазборы р. Бярэзіна. Вярховага, нізіннага, пераходнага і мяшанага тыпаў. Асобныя ўрочышчы на балоце маюць назвы Вокны, Глухая Быкаўка, Жылая Быкаўка, Святая Лука, Доўгі Востраў, Казіны Пераскок, Конскае, Паўлава, Шэры Востраў і інш. Пл. 10,9 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 9,4 тыс. га. Глыб. торфу да 6,9 м, сярэдняя 2,4 м. Балота ў натуральным стане, з’яўляецца ч. Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Занята лесам з хвоі і бярозы. На Пд пераважаюць асокі і сфагнавыя імхі. Трапляюцца пясчаныя грады з ялова-шыракалістым лесам.

т. 6, с. 182

ДО́МЖАРЫЦКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сергуч, за 26 км на ПдЗ ад г. Лепель, на тэр. Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Пл. 2,29 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 1,3 км. найб. глыб. 2,2 м, даўж. берагавой лініі больш за 6 км. Пл. вадазбору 30,5 км². Схілы катлавіны нізкія, параслі лесам і хмызняком. На У вял. заліў. Берагі нізкія, забалочаныя, у паўд. ч. тарфяністыя, пад хмызняком. Дно плоскае, каля берагоў выслана торфам. месцамі пяском, у цэнтр. ч. сапрапелем. Вада вызначаецца нізкай празрыстасцю, змяшчае вял. колькасць арган. рэчыва. Зарастае. На Пн выцякае ручай у р. Сергуч.

т. 6, с. 182

ДО́МЖАРЫЦЫ,

вёска ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Сергуч. Цэнтр сельсавета і адм.-гасп. і навук. цэнтр Бярэзінскага біясфернага запаведніка. За 35 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Лепель, 150 км ад Віцебска. 445 ж., 172 двары (1997). Экалагічны ліцэй, муз. школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Музей прыроды Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Каля вёскі 2 курганныя могільнікі 11 ст.

т. 6, с. 182

ДО́МНА,

тое, што доменная печ.

т. 6, с. 183