Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РУДО́ЛЬФ II (Габсбург) (Rudolf; 18.7.1552, Вена — 20.1.1612),

імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» і эрцгерцаг Аўстрыі ў 1576—1612; кароль Венгрыі [1572—1608] і Чэхіі [1575—1611]. З дынастыі Габсбургаў. Сын імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Максіміляна II, пляменнік (па маці) ісп. караля Філіпа II. У 1572 атрымаў венг. карону, у 1575 — чэш. карону і ў 1576 у спадчыну ад бацькі тытулы імператара і эрцгерцага. Праводзіў у цэлым антыпратэстанцкі курс (гл. Контррэфармацыя), але з-за супраціўлення гэтаму ў Венгрыі (рух пад кіраўніцтвам І.​Бочкаі) і Чэхіі даў свабоду веравызнання венг. і чэш. пратэстантам (адпаведна ў 1607 і 1609). У выніку міжусобнай барацьбы з братам Маціясам саступіў апошняму ўладу над Верхняй і Ніжняй Аўстрыяй, Венгрыяй, Маравіяй (1608) і Чэхіяй (1611). Супраціўляўся тур. экспансіі (гл. Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.).

У.​Я.​Калаткоў.

Рудольф II.

т. 13, с. 431

РУДСК,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Няслуха, на аўтадарозе Іванава—в. Махро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на Пд ад г. Іванава, 147 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 783 ж., 262 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Свята-Успенская царква (19 ст.).

т. 13, с. 431

РУДЧУ́К (Пётр Лукіч) (20.5.1893, г. Высокае Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 6.5.1969),

генерал-маёр (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1935). Ў арміі з 1912, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну на Зах. і Паўд. франтах нам. камандзіра кав. палка 1-й коннай арміі, з 1921 камандзір кав. брыгады, дывізіі. У Вял. Айч. вайну на Калінінскім, 1-м Прыбалт. франтах: камандзір палка, брыгады, дывізіі, інспектар кавалерыі фронту. Да 1946 у Сав. Арміі.

т. 13, с. 431

РУДЫМЕНТА́РНЫЯ О́РГАНЫ,

недаразвітыя, спрошчаныя органы, якія выконвалі пэўныя функцыі ў эвалюцыйных продкаў, але страцілі сваё значэнне ў арганізме патомкаў у працэсе гіст. развіцця. Закладваюцца ў час зародкавага развіцця і поўнасцю не развіваюцца. Напр., малая галёначная косць у птушак, вочы ў некат. жывёл, што жывуць пад зямлёй (краты, слепакі і інш.), рэшткі валасянога покрыва і тазавых касцей шэрагу кітападобных. У чалавека да 100 Р.о., у т. л. хваставыя пазванкі, валасяное покрыва тулава, вушныя мышцы, апендыкс і інш. У адрозненне ад атавізмаў Р.о. ёсць ва ўсіх асобін віду.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 431

РУДЭ́НКА (Алена Мікалаеўна) (н. 6.10.1961, г. Чыгірын Чаркаскай вобл., Украіна),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (2000). Скончыла БДУ (1985). З 1985 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1989 у Мінскім лінгвістычным ун-це, з 1995 — у БДУ. Даследуе пытанні сучаснай бел. літ. мовы, яе гісторыю, этымалогію лексікі, слав. мовы, агульнае мовазнаўства. Аўтар кн. «Інтэлектуальныя абазначэнні: функцыянаванне і матывацыя» (1994, з А.​А.​Кожынавай), «Сістэмны рух і гуманітарныя навукі» (1996, з М.​А.​Сакаловай), «Дзеясловы з семантыкай разумовых працэсаў у беларускай мове» (2000), падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па бел. мове для школы і інш.

Тв.:

Белорусский язык для русскоязычных. Мн., 1994 (разам з А.​А.​Кожынавай, А.​Г.​Тарасевіч).

М.​Н.​Крыўко.

т. 13, с. 432

РУДЭ́НКА (Аляксандр Іванавіч) (н. 3.6.1937, г. Крывы Рог Днепрапятроўскай вобл., Украіна),

бел. і ўкр. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1991), праф. (1988). Скончыў Крыварожскі гарнарудны ін-т (1961). З 1972 у Бел. эканам. ун-це (з 1988 заг. кафедры). З 1997 дырэктар Крымскага эканам. ін-та (г. Сімферопаль, Украіна). Навук. працы па праблемах арганізацыі і эканам. эфектыўнасці вытв-сці. Распрацаваў методыку стратэгічнага планавання і вызначэння эфектыўнасці работы прадпрыемстваў.

Тв.:

Экономика, организация и планирование строительства. 2 изд, Мн., 1987;

Экономика предприятия. Симферополь, 2000.

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 432

РУДЭ́НКА (Бэла Андрэеўна) (н. 18.8.1933, г. Антрацыт Луганскай вобл., Украіна),

украінская і расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1960). Скончыла Адэскую кансерваторыю (1956). З 1956 салістка Кіеўскага т-ра оперы і балета, у 1973—88 — Вял. т-ра ў Маскве, адначасова з 1977 выкладае ў Маскоўскай кансерваторыі. Валодае выдатнай вак. школай, чыстым, прыгожага цёплага тэмбру голасам, артыстызмам. Сярод партый: Венера («Энеіда» М.​Лысенкі), Іолан, Ярына («Мілана», «Арсенал» Г.​Майбарады), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Людміла («Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Наташа Растова («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева). Лаўрэат Міжнар. конкурсу вакалістаў (1957, Францыя). Дзярж. прэмія СССР 1971.

Б.А.Рудэнка.

т. 13, с. 432

РУДЭ́НКА (Іван Пятровіч) (н. 2.8.1939, в. Старая Аўрамаўка Харольскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна),

бел. спявак (лірычны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1998). Вучыўся ў Вінніцкім муз.-пед. ін-це (1969—71). З 1958 саліст Ансамбля песні і танца групы Сав. войск у Германіі, з 1967 — Ансамбля песні і танца ракетных войск, з 1972 — Акад. ансамбля песні і танца Мін-ва абароны Беларусі. Валодае прыгожым голасам багатага тэмбру. У рэпертуары бел., укр., рус. нар. песні, творы бел. і рас. кампазітараў. Лаўрэат конкурсу салдацкай песні (Масква, 1968).

Н.​Г.​Мазурына.

т. 13, с. 432

РУДЭ́НКА (Ларыса Архіпаўна) (28.1.1918, г. Макееўка Данецкай вобл., Украіна — 19.1.1981),

украінская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1960). Скончыла Кіеўскую кансерваторыю (1940), з 1951 выкладала ў ёй (з перапынкамі; з 1978 праф.). У 1939—70 салістка Кіеўскага т-ра оперы і балета. Валодала моцным голасам, яркі.м драм. талентам. Першая выканаўца гал. партый у многіх операх укр. кампазітараў, у т. л. Уля Громава («Маладая гвардыя» Ю.​Мейтуса). Сярод партый; Юнона («Энеіда» М.​Лысенкі), Саламія («Багдан Хмяльніцкі» К.​Данькевіча) Графіня («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў (1939). Здымалася ў кіно.

т. 13, с. 432

РУДЭ́НКА (Сяргей Ігнатавіч) (20.10.1904 г., п. Корап Чарнігаўскай вобл., Украіна — 5.6.1990),

ваенны дзеяч, Герой Сав. Саюза (1944), маршал авіяцыі (1955), праф. (1972). Скончыў ваен. школу лётчыкаў (1927), Ваенна-паветр. акадэмію імя Жукоўскага (1932, 1936). У Чырв. Арміі з 1923: камандзір авіяэскадрыллі, авіябрыгады, авіядывізіі. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Калінінскім, Бранскім, Волхаўскім, Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, Цэнтр., Бел. і 1-м Бел. франтах: камандуючы ВПС арміі, франтоў, авіягрупамі Стаўкі Вярх. Галоўнакамандуючага, нам. камандуючага і камандуючы 16-й паветр. арміяй. Удзельнік бітваў пад Сталінградам, Курскам, на Дняпры, Беларускай, Люблін-Брэсцкай, Варшаўска-Пазнанскай, Усх.-Памеранскай, Берлінскай аперацый. Пасля вайны на адказных пасадах у ВПС, нач. Ваенна-паветр. акадэміі імя Гагарына, у Мін-ве абароны СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—50, 1962—66. Аўтар кн. «Крылы перамогі» (1976).

С.І.Рудэнка.

т. 13, с. 432