Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАГІЛЁЎСКАЙ ДУХО́ЎНАЙ СЕМІНА́РЫІ БУДЫ́НКІ,

архітэктурны комплекс канца 18 — сярэдзіны 19 ст. ў Магілёве. Духоўная семінарыя засн. архіепіскапам Г.​Каніскім, пры ім распачата буд-ва асн. вучэбнага корпуса (узведзены ў 1780—85, праект арх. М.​Львова; не захаваўся) і дома-інтэрната (пабудаваны да 1795). Уваходзіў у ансамбль Магілёўскага Спаскага манастыра. Вучэбны корпус — мураваны 2-павярховы будынак у стылі класіцызму. На 1-м паверсе знаходзілася б-ка, на 2-м — зала для сходаў («круглая зала»), дэкарыраваная пілястрамі іанічнага ордэра. Гал. фасад вылучаў порцік дарычнага ордэра, завершаны франтонам, з трыма прамавугольнымі нішамі. Насупраць вучэбнага корпуса стаяў 2-павярховы дом-інтэрнат для настаўнікаў і казённых выхаванцаў. Уяўляў сабой тып багатага гар. дома: асіметрычнае аб’ёмна-прасторавае вырашэнне, спалучэнне мураванага масіўнага каркаса з сістэмай драўляных галерэй, высокі дах. З 1797 буд-ва семінарыі працягваў архіепіскап А.​Братаноўскі. Да канца 1820-х г. будынкі семінарыі аб’яднаны ў асобны комплекс. Паводле архіўных чарцяжоў губ. арх. Заржэўскага, комплекс быў аддзелены ад Спаскага манастыра і архірэйскага двара садам і службовымі пабудовамі. На чарцяжы нанесены 2 невял. карпусы новага тыпу гар. забудовы. Адзін з іх драўляны П-падобны ў стылі ранняга ампіру, у ім знаходзіліся бальніца з лазняй і свіран. Да пач. 1860-х г. склалася новая забудова комплексу семінарыі. Ён уключаў 2 новыя 2-павярховыя мураваныя жылыя флігелі для настаўнікаў і выхаванцаў, б. дом купца Кітаева (набыты для семінарыі) — невял. кампактны 2-павярховы будынак з высокім цокальным паверхам, дзе размяшчаўся семінарскі архіў; з боку гал. фасада знаходзілася галерэя — уваход у пакоі 2-га паверха, дзе былі кватэра аканома і кладоўка. Паводле плана 1853 праведзена рэканструкцыя ансамбля семінарыі, які набыў замкнёную кампазіцыю. Цэнтрам яго па-ранейшаму заставаўся вучэбны корпус, перад ім сфарміравалася трапецападобная плошча. Фарміраванне фронту забудовы завяршылася пабудовай уязной брамы.

В.​Ф.​Марозаў, І.​М.​Слюнькова.

Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкі. Дом для рэктара і прэфекта. Чарцёж.

т. 9, с. 453

МАГІЛЁЎСКАЙ МІКАЛА́ЕЎСКАЙ ЦАРКВЫ́ КО́МПЛЕКС,

помнік архітэктуры барока ў Магілёве. У комплексе мураваныя Мікалаеўская і Ануфрыеўская цэрквы, жылы дом (шпіталь), званіца, капліца, агароджа з брамай. Мікалаеўская царква. У 1636 кароль Уладзіслаў IV даў прывілей мітрапаліту П.​Магіле на буд-ва ў Магілёве царквы св. Мікалая. Напачатку ўзведзены драўляныя царква і манаскія келлі. У 1669—72 пабудавана мураваная царква — трохапсідная крыжова-купальная базіліка з 8-гранным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам над сяродкрыжжам. Гал. фасад падзелены карнізам на 3 гарыз. ярусы і завершаны 2 вежамі з фігурным франтонам паміж імі. 1-ы ярус масіўны, аздоблены 3 паўцыркульнымі нішамі, 2-і — «глухой» аркатурай з ляпным расл. арнаментам і спаранымі нішамі з гіркамі, у 3-м такі ж аркатурны матыў больш насычаны дэкар. аздобай. Бакавыя фасады дэкарыраваны высокімі пілястрамі, крылы трансепта завершаны фігурнымі шчытамі. У інтэр’еры 4-ярусны іканастас (скразная разьба па дрэве, пазалота) работы мясц. майстроў, фрэскавая кампазіцыя «Тройца новазапаветная» (канец 17 ст.), сюжэтны і арнаментальны жывапіс 1-й пал. 18 — пач. 19 ст. Размалёўкі зроблены ў тэхніцы фрэскі і клеявымі фарбамі (захаваліся фрагментарна). Ануфрыеўская царква («цёплая», зімовая) пабудавана ў 1798. Уяўляе сабой крыжова-купальны аб’ём, над сяродкрыжжам — светлавы цыліндрычны барабан, завершаны сферычным купалам. Крылы трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі і дэкарыраваны пілястрамі. Жылы дом узведзены ў 17 ст. як шпіталь і царк. жылы дом. 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Тарцовы фасад завершаны шчытом фігурнага абрысу і дэкарыраваны 3 спаранымі арачнымі нішамі. Агароджа з брамай будаваліся ў 17—18 ст. Агароджа мае 2 уваходы, зах.гал. ўязная брама з лучковым праёмам. У паўд.-ўсх. баку ўбудавана 1-павярховая квадратная ў плане шатровая капліца. Званіца пабудавана ў 17—18 ст. Квадратнае ў плане 2-яруснае збудаванне з высокім шатровым дахам. Комплекс пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну, цяпер на рэстаўрацыі. Некат. памяшканні комплексу займае жаночы манастыр. Таксама тут знаходзіцца рэзідэнцыя архіепіскапа магілёўскага і мсціслаўскага Максіма.

Т.​І.​Чарняўская.

Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс.

т. 9, с. 453

МАГІЛЁЎСКАЯ АБЛАСНА́Я ФІЛАРМО́НІЯ.

Створана ў 1990 у Магілёве пры Упраўленні культуры аблвыканкома на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Белдзяржфілармоніі. У яе складзе (1999): мужчынскі камерны хор «Унія» (маст. кіраўнік і дырыжор К.​Насаеў), аркестр нар. інструментаў (маст. кіраўнік і гал. дырыжор Л.Іваноў), камерны інстр. ансамбль «Барыня», шоу-балет, гурты — вак.-інстр. «03», сямейны нар. спеваў «Весялуха», эстр.-цыркавыя «Казіно смеху» і «М+М», «Цырк на сцэне» і інш.; сярод артыстаў — спявачкі І.​Абалян, А.​Мацярынка, Н.​Шарубіна, флейтыст У.​Буры, ілюзіяніст С.​Фельдман. У філармоніі пачынаў творчую дзейнасць А.Цівуноў, у яе студыі па падрыхтоўцы маладых артыстаў вучыліся спевакі С.​Франкоўскі, А.​Кавалеўскі. Вядзе актыўную дзейнасць па арганізацыі і правядзенні муз. фестываляў і конкурсаў, свят горада, у т. л. міжнар. фестывалю «Залаты шлягер» (з 1995), «Фестывалю харавой музыкі» (1991), міжнар. эстр. імпрэзы «Беларусь збірае сяброў» (1993), эстр. фэсту «Рэха «Славянскага кірмашу» (1994), «Магілёўскай музычнай вясны» (1995), «Каляднага фестывалю» i IV Сусв. кангрэса цымбалістаў (1997), Міжнар. пленэраў па жывапісе імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (у святкаванні 125-годдзя з дня яго нараджэння ўдзельнічалі камерныя аркестры «Віртуозы Масквы» і «Вівальдзі-аркестр» пад кіраўніцтвам С.​Бязроднай), удзельнічае ў фестывалі «Беларуская музычная восень», у працы міжнар. дабрачыннага Фонду У.Співакова. З 1997 прадстаўніцтва філармоніі працуе ў Мінску. Дырэктар і маст. кіраўнік філармоніі У.Браілоўскі.

Аркестр народных інструментаў Магілёўскай абласной філармоніі.

т. 9, с. 454

МАГІЛЁЎСКАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—30. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г. Магілёў. Пл. 11 602 км² (1926), нас. 512,7 тыс. чал. (1924). Уключала 10 раёнаў (Быхаўскі, Бялыніцкі, Журавіцкі, Кармянскі, Лупалаўскі, Магілёўскі, Прапойскі, Чавускі, Чачэвіцкі, Шклоўскі), 4 гарады (Стары Быхаў, Магілёў, Чавусы, Шклоў), 3 мястэчкі (Бялынічы, Карма, Прапойск), 161 сельсавет. У сувязі са скасаваннем Калінінскай акр. 9.6.1927 у М.а. перададзены Бялынкавіцкі, Касцюковіцкі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Мілаславіцкі, Хоцімскі, Чэрыкаўскі р-ны. 4.8.1927 скасаваны Бялынкавіцкі р-н (яго тэр. далучана да Касцюковіцкага р-на) і Мілаславіцкі р-н (яго тэр. далучана да Клімавіцкага р-на). Акруговая газ. «Магілёўскі селянін». На 1.1.1930 у М.а. 16 раёнаў, 6 гарадоў, 7 мястэчак, 259 сельсаветаў, у т. л. 3 польскія і 2 латышскія нацыянальныя. 26.7.1930 М.а. скасавана.

І.​А.​Пушкін.

т. 9, с. 454

МАГІЛЁЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 2-га Бел. фронту (ген.-палк. Г.​Ф.​Захараў) 23—28 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 33-я, 49-я, 50-я, а таксама 4-я паветр. арміі, якім процістаялі 8 пяхотных і 2 матарызаваныя дывізіі 4-й арміі ням. групы армій «Цэнтр», што займалі эшаланіраваную (на глыбіню 60 км) абарону. Згодна з планам Бел. аперацыі перад войскамі 2-га Бел. фронту стаяла задача: ва ўзаемадзеянні з войскамі левага крыла 3-га і правага крыла 1-га Бел. франтоў разграміць магілёўскую групу праціўніка, вызваліць Магілёў і выйсці на р. Бярэзіна. Партызанам даручылі разбураць камунікацыі ворага і садзейнічаць сав. войскам у фарсіраванні водных перашкод. На гал. напрамку наступлення 49-й арміі была сканцэнтравана большая частка сіл і сродкаў, якія пераўзыходзілі праціўніка па пяхоце больш як у 2 разы, па артылерыі — у 4 разы, танках — у 1,5 раза. Напярэдадні аперацыі часці авіяцыі далёкага дзеяння і бамбардзіроўшчыкі фронту нанеслі ўдар па аэрадромах, вузлах абароны і артыл. пазіцыях праціўніка. У ходзе аперацыі вызвалены 25 чэрв. Чавусы, 26 чэрв. Горкі, 27 чэрв. Копысь і Шклоў, 28 чэрв. Магілёў і Быхаў. Пасля фарсіравання Дняпра і авалодання Магілёвам войскі фронту выйшлі ў міжрэчча Друці і Дняпра, паглыбіліся ў абарону праціўніка да 90 км. Яны скавалі на сваім напрамку значныя сілы ворага, пазбавілі яго магчымасці ажыццявіць манеўр рэзервамі ў палосах наступлення 1-га і 3-га Бел. франтоў (гл. Бабруйская аперацыя 1944 і Віцебска-Аршанская аперацыя 1944), арганізаванага адыходу за Бярэзіну, што пазней садзейнічала акружэнню і знішчэнню групоўкі праціўніка ў раёне на У ад Мінска. 21 вайск. злучэнне і часць атрымалі ганаровыя найменні «Магілёўскіх», 32 — «Верхнедняпроўскіх».

У.​І.​Лемяшонак.

т. 9, с. 454

МАГІЛЁЎСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА,

гл. Беларускі нацыянальны камітэт у Магілёве.

т. 9, с. 455

МАГІЛЁЎСКАЯ БРА́ЦКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Дзейнічала ў 1616—1773 (з перапынкамі) у Магілёве. У 1616 выдадзены «Служэбнік» (2-е выд. 1617), у 1619 — «Евангелле вучыцельнае» Кірылы Транквіліёна Стаўравецкага. Пасля гэтага на нейкі час друкарня спыніла дзейнасць. 19.3.1633 кароль Уладзіслаў IV даў Магілёўскаму правасл. брацтву прывілей на права адкрыцця друкарні і выданне вучэбных і інш. кніг на «рускай» (старабел. і царк.-слав.), грэчаскай, лац. і польск. мовах. У 1636—38 гэта права брацтва, верагодна, перадала Спірыдону Собалю, які ў 1636 выдаў «Буквар языка славенска». У 1676 брацтва атрымала ад караля Яна III Сабескага прывілей на адкрыццё друкарні пры Богаяўленскім манастыры і выданне кніг на «рускай» і польск. мовах. У 1680 друкарню ўзначаліў Максім Вашчанка, які ў 1698 атрымаў на яе прывілей без дазволу брацтва і стаў выдаваць кнігі ад свайго імя. У 1701 брацтва дамаглося пацвярджэння свайго ранейшага прывілея на друкарню. У розны час у друкарні працавалі друкары і гравёры: Васіль Вашчанка (сын Максіма), Фёдар Ангілейка, Афанасій П. (Пігарэвіч ?), М.​Антушкевіч. У канцы 17—18 ст. ў друкарні выдаваліся царк., навуч., палемічныя кнігі: «Псалтыр» (1693), «Акафісты і каноны» (1693), «Малітваслоў» (1695), «Дыоптра» (1698), «Перла мнагацэннае» (1699), «Неба новае» (1699), «Трыфалагіён» (1754), «Часаслоў» (1762) і інш. У апошнія гады дзейнасці друкарня перавыдавала раней надрукаваныя кнігі.

Літ.:

Жудро Ф. История Могилевского Богоявленского братства. Могилев. 1890;

Пічэта У.І. Друк на Беларусі ў XVI і XVII стст. // Чатырохсотлецце беларускага друку. Мн., 1926.

І.​А.​Пушкін.

т. 9, с. 455

МАГІЛЁЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на У Беларусі, каля граніцы з Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 29 тыс. км². Нас. 1241,3 тыс. чал. (1998). Цэнтр — г. Магілёў. У вобласці 21 раён: Асіповіцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Бялыніцкі, Глускі, Горацкі, Дрыбінскі, Касцюковіцкі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Краснапольскі, Круглянскі, Крычаўскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі (гл. адпаведныя артыкулы), 14 гарадоў, у т. л. 4 абласнога падпарадкавання — Магілёў, Асіповічы, Бабруйск, Горкі, 11 гар. пасёлкаў, 196 сельсаветаў, 3247 сельскіх населеных пунктаў.

Прырода. Паверхня вобласці пераважна раўнінная. Усх. ч. займае Аршанска-Магілёўская раўніна, зах.Цэнтральнабярэзінская раўніна. На ПнЗ — частка Аршанскага ўзвышша, на ПнУГорацка-Мсціслаўская ўзвышаная раўніна і частка Смаленскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 239 м. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. 126 м (урэз р. Сож, ніжэй в. Гайшын Слаўгарадскага р-на). Карысныя выкапні: цэментны мел і мергель (каля 75% агульнарэспубліканскіх запасаў цэм. сыравіны, Камунарскае, Сожскае, Каменкаўскае, Варонькаўскае радовішчы), фасфарыты, мел (найб. паклады ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Крычаўскім і Чэрыкаўскім р-нах), гліна і цагельныя суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. і сілікатныя пяскі, трэпел, торф, сапрапелі і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -8,2 °C на ПнУ да -6,5 °C на ПдЗ, у ліп. ад 17,8 °C на ПнУ да 18,7 °C на ПдЗ. Вегетац. перыяд 183—194 дні. Гадавая колькасць ападкаў 575—675 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.кастр.). Тэрыторыя М.в. адносіцца да бас. Дняпра, які перасякае вобласць з Пн на Пд. Найб. яго прытокі Лахва, Друць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Бярэзіны — Свіслач, Ольса, Ала; Друці — Аслік, Вабіч, Грэза; Сажа — Лабжанка, Волчас, Проня з Басяй і Растой, Бесядзь з Суравам і Жадунькай; на ПдЗ працякае р. Пціч (прыток Прыпяці). Азёр мала, яны невялікія. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (53,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,7%), тарфяна-балотныя (8,3%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць сугліністыя (45,9%) і супясчаныя (38,7%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 15% сельгасугоддзяў, найб. у Быхаўскім, Бабруйскім, Глускім, Асіповіцкім і Горацкім р-нах. Пад лесам каля 34% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 54,9%, яловыя і бярозавыя па 15,1, альховыя 5,6, дубовыя 5,4%. Найб. лясістасць на ПдЗ вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,6%, каля палавіны іх нізінныя. Балоты пераважна нізінныя, займаюць каля 7,7% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці гідралагічныя заказнікі рэсп. значэння Заазер’е і Астравы Дулебы, 72 заказнікі мясц. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 33,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзіі-137 больш як 5 Кі/км² займае 11,7% тэр. вобласці. Найб. забруджана радыенуклідамі тэр. Краснапольскага, Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага і Слаўгарадскага р-наў.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,3%), жывуць таксама рускія (11,1%), украінцы (1,9%) і інш. Гарадскога насельніцтва 70,4% (1998). Сярэдняя шчыльн. 42,8 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс. чал., 1998): Магілёў (369), Бабруйск (227), Асіповічы (33,8), Горкі (33,5). Колькасць насельніцтва мае тэндэнцыю да памяншэння (з 1992 смяротнасць насельніцтва перавышае нараджальнасць), павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Слаўгарадскім і Чэрыкаўскім р-нах (найб. пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася на 40—50%.

Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. У ёй занята 29,4% працуючых. За 1991—97 аб’ём прамысл. прадукцыі знізіўся на 25%, вял. спад адбыўся ў чорнай металургіі (на 69%), прам-сці буд. матэрыялаў (на 48%). Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі хім. і нафтахім., маш.-буд., дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харчовай прам-сці. Вядучае месца (1997) належыць хім. і нафтахім. прадукцыі (28,7%), машынабудаванню і металаапрацоўцы (14,0%), лёгкай (10,1%) і харч. прам-сці. У 1996 у М.в. атрымана (у % да рэсп. вытв-сці): шын аўтамаб. і для с.-г. машын — 100, хім. валокнаў і нітак — 55, сінт. смол і пластмас — 40,6, электрарухавікоў пераменнага току — 59,6, магнітафонаў — 77, ліфтаў — 100, драўняна-валакністых пліт — 33,8, фанеры — 22, кардону — 27,6, цэменту — 43, шаўковых тканін — 39, цюлегардзінных вырабаў — 100, гумавага абутку — 48,7, безалкагольных напіткаў — 28, масла жывёльнага — 15,2. Асн. прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Магілёве і Бабруйску; значныя прамысл. цэнтры — Асіповічы, Крычаў, Шклоў, Быхаў, Касцюковічы. Прадпрыемствы хім. прам-сці размешчаны пераважна ў Магілёве (аб’яднанне «Хімвалакно», якое выпускае поліэфірныя і віскозныя валокны і ніткі, прадукцыю аргсінтэзу, розныя тавары нар. ўжытку; рэгенератны з-д, хімкамбінат «Зара» і інш.), Бабруйску (шынны камбінат, вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, гідролізная вытв-сць) і Крычаве (вытв-сць гумавага абутку, гумава-тэхн. вырабаў). Машынабудаванне сканцэнтравана ў Магілёве (аўтамабільны з-д, выпускае самазвалы, падземныя аўтапаязды, скрэперы, бульдозеры, пагрузчыкі і інш.; «Магілёўтрансмаш» па вытв-сці аўтамаб. прычэпаў, гідраўлічных кранаў, рэфрыжэратараў і інш.; ліфтабудаўнічы з-д; аб’яднанне «Тэхнапрылада»; з-ды «Строммашына» і «Электрарухавік» і інш.), у Бабруйску (вытв-сць цэнтрабежных помпаў, вымяральных прылад, машын для ўнясення ўгнаенняў, трактарных дэталей і агрэгатаў і інш.), у Асіповічах (з-д аўтамаб. агрэгатаў). У Магілёве працуе металургічны з-д, які выпускае стальныя і чыгунныя трубы. Самае буйное прадпрыемства дрэваапрацоўкі — фанера-дрэваапр. камбінат у Бабруйску; мэблю робяць у Бабруйску, Магілёве, Быхаве; у Шклове — папяровая ф-ка «Спартак». Прам-сць буд. матэрыялаў прадстаўлена 2 цэментнымі прадпрыемствамі (у Крычаве і Касцюковічах), камбінатамі буд. матэрыялаў, сілікатных вырабаў, з-дамі зборных жалезабетонных вырабаў (пераважна Магілёў і Бабруйск), кардонна-руберойдным (Асіповічы), цагельнымі. Развітая лёгкая прам-сць уключае швейныя, трыкат., абутковыя, маст. вырабаў прадпрыемствы. У Магілёве буйныя прадпрыемствы «Магатэкс» (шаўковыя тканіны і вырабы з іх), «Стужка» (стужкаткацкія і гардзінныя вырабы), ф-ка галаўных убораў, у Бабруйску — гарбарны з-д, футравая, валюшна-лямцавая, люстраная ф-кі. На тэр. вобласці 10 ільнозаводаў. Харч. прам-сць прадстаўлена кандытарскай ф-кай «Чырвоны харчавік», маслабойным з-дам (Бабруйск), мясакамбінатамі (Магілёў, Бабруйск), 20 заводамі па перапрацоўцы малака, кансервава-агароднінасушыльным камбінатам (Быхаў) і інш.

Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве ў спалучэнні з ільнаводствам. Усюды пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур, бульбы. У прыгарадных зонах гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,2% тэрыторыі, ворныя землі — 35,5% (1997). За 1986—91 з сельгасабароту выведзена 47 тыс. га сельгасугоддзяў, забруджаных радыенуклідамі. Акрамя таго, на 1.1.1997 доля забруджаных радыенуклідамі зямель у агульнай плошчы сельгасугоддзяў у грамадскім сектары складае 29,7%. М.в. дае 16,7% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 12,8% бульбы, 7,7% ільновалакна, каля 16% мяса (у жывой вазе), 12,6% малака (1997). За 1991—97 вытв-сць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі знізілася на 27,4%, у т. л. прадукцыі жывёлагадоўлі — на 33,3%, раслінаводства — на 12,7%, у выніку чаго доля жывёлагадоўлі ў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці панізілася і склала 52,3%, а раслінаводства павялічылася да 47,7%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл. табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад ільном-даўгунцом. На 1.1.1998 у М.в. 445 фермерскіх гаспадарак, яны мелі 14,7 тыс. га сельгасугоддзяў, у т. л. 12,1 тыс. га ворнай зямлі. У карыстанні грамадзян (разам з фермерскімі гаспадаркамі) 13,2% сельгасугоддзяў і 14,7% ворнай зямлі. У 1997 у асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарках атрымана 85% бульбы, 82% агародніны, 94% садавіны і ягад. Развіта таксама жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, свінагадоўля, птушкагадоўля. У 1990-я г. пагалоўе жывёлы і птушкі зніжаецца (гл. табл. 2). Характэрна павелічэнне долі асабістых гаспадарак насельніцтва (разам з фермерскімі) у вытв-сці мяса (з 12,8% у 1990 да 24,7% у 1997) і малака (з 21,5% да 35,7%).

Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 818 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін, Жлобін—Бабруйск—Мінск, Орша—Крычаў—Унеча, Крычаў—Магілёў—Асіповічы, якія звязваюць вобласць з Расіяй, Украінай, інш. абласцямі рэспублікі. Найважн. чыг. вузлы: Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Крычаў. На долю чыг. транспарту прыпадае 93% грузаабароту (1997). Працягласць аўтамабільных шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 8,02 тыс. км (1997). Асн. магістралі Санкт-Пецярбург—Магілёў—Кіеў, Рослаўль—Бабруйск—Брэст, Магілёў—Беразіно—Мінск, Магілёў—Бабруйск—Мінск. Суднаходства па Дняпры, Бярэзіне, Сажы (грузаабарот рачнога транспарту складае 0,1% ад агульнага грузаабароту, 1997). Па тэр. вобласці праходзіць нафтаправод Унеча—Полацк.

Л.​В.​Казлоўская.

Табліца 1
Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс. га) Гады
1990 1997
Уся пасяўная плошча 1008,7 1023,0
Збожжавыя і зернебабовыя 415,9 422,3
Тэхнічныя культуры 24,2 8,6
    у т. л. лён-даўгунец 19,0 6,3
    рапс 5,2 1,6
Бульба 88,3 87,7
Агародніна 5,0 10,8
Кармавыя культуры 459,2 457,2
Табліца 2
Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках
Пагалоўе (тыс. галоў) Гады
1991 1998
Буйная рагатая жывёла 955,5 631,8
    у т. л. каровы 306,9 250,0
Свінні 664,5 438,1
Авечкі і козы 36,4 20,9
Птушка 6252,7 4956,3

т. 9, с. 455

МАГІЛЁЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Магілёўскае староства, Магілёўская эканомія,

буйное дзярж. ўладанне ў 14—18 ст. У 1387—99 належала каралеве Ядвізе, жонцы Ягайлы. У 15 ст., верагодна, з яе адасобіўся маёнтак Буйнічы. У 1501—31 М.в. у пажыццёвым уладанні вял. княгіні Алены Іванаўны, пазней — дзярж. ўласнасць. Тэр. М.в. сфарміравалася да 1-й пал. 16 ст., калі да яе далучаны часткі воласці Басея і Мсціслаўскага княства. У сярэдзіне — 2-й пал. 16 ст. звычайна называлася староствам. У 1560 уключала г. Магілёў і больш за 60 сёл. Пасля адм. рэформы 1565—66 у складзе Аршанскага павета. З 1588 перайшла ў разрад эканомій. У канцы 16 ст. імкліва павялічвалася колькасць жыхароў і паселішчаў. Паводле інвентара 1604, М.в. складалася (апрача Магілёва) з 194 сёл (з іх 28 пустых), падзеленых на 12 войтаўстваў. Першы адміністратар Магілёўскай эканоміі — Л.​І.​Сапега, у 1736—72 М.​Пацей. У 1772 М.в. далучана да Рас. імперыі (5261 дым, 25 063 душы мужчынскага полу). Значная яе частка раздадзена ў прыватную ўласнасць набліжаным да Кацярыны II — А.​М.​Рымскаму-Корсакаву (5829 душ з мяст. Чавусы), А.​П.​Ярмолаву (4445 душ), В.​Я.​Чычагову (3997), А.​А.​Празароўскаму (448 душ з мяст. Сухары) і інш. Рэшта захавалася ў якасці дзярж. маёнткаў.

В.​Л.​Насевіч.

т. 9, с. 457

МАГІЛЁЎСКАЯ ГУБЕ́РНСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Дзейнічала ў 1833—1917 у Магілёве пры губернскім праўленні. У 1846 ёй перададзена абсталяванне кансісторскай друкарні (гл. Магілёўская друкарня). Друкавала газ. «Могилевские губернские ведомости», штогадовыя даведнікі «Агляд Магілёўскай губерні» (1879—1915) і «Памятныя кніжкі Магілёўскай губерні» (1861—1916), афіц. матэрыялы губернскага праўлення, матэрыялы мясц. дзярж. устаноў і грамадскіх арг-цый і інш. У 1853—55 выдадзена першая кніга «Магілёўская флора» Р.​Пабо і К.​А.​Чалоўскага. Сістэматычнае кнігадрукаванне пачалося з 1861. Усяго выдадзена каля 217 назваў кніг, пераважна свецкай тэматыкі (маст., навук., даведачныя і інш.) на рус. мове (рэліг. л-ра складала 4,6% ад агульнай колькасці). Сярод выданняў краязнаўчыя працы па гісторыі, археалогіі і этнаграфіі: «Гістарычны нарыс Магілёўскай губерні» М.​В.​Фурсава (1882), «Дзённік курганных раскопак, зробленых ... на працягу лета 1892 г. ў паветах Рагачоўскім, Быхаўскім, Клімавіцкім, Чэрыкаўскім і Мсціслаўскім» Фурсава і С.​Ю.​Чалоўскага (1892), «З хронікі г. Магілёва за час з 1706—09 гг.» (1904), «Бялыніцкі Раства-Багародзіцкі манастыр» Ф.​А.​Жудро (1911), «Гістарычная даведка Магілёўскай мужчынскай гімназіі, 1809—1909» М.​П.​Сазонава (1909), збор гіст. матэрыялаў «Магілёўская даўніна», «Спроба апісання Магілёўскай губерні...» пад рэд. А.​Дамбавецкага (кн. 1—3, 1882—84), «Вясельныя песні беларускія» Дамбавецкага (1884), «Беларускі зборнік» Е.​Раманава (вып. 6, 1901), «Кароткая даведка аб пяцідзесяцігадовым існаванні Магілёўскай жаночай гімназіі (1865—1915)» (1915) і інш. На бел. мове надрукавана кн. «Тарас на Парнасе і іншыя беларускія вершы» (1900—02).

І.​А.​Пушкін.

т. 9, с. 457