Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КЛІНО́ЦКІ БОЙ 1942,

бой партызан 208-га партыз. атрада (камандзір У.​І.​Нічыпаровіч) з ням.-фаш. захопнікамі, якія праводзілі карную экспедыцыю ў Кліноцкім лесе Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. У пач. сак. 2 пях. палкі гітлераўцаў, падтрыманыя авіяцыяй і артылерыяй, акружылі партыз. лагер у лесе за 6 км на Пн ад в. Клінок і пачалі наступленне, але партызаны, дзякуючы здабытым у час бою дакументам і картам праціўніка, у ноч на 6 сак. перадыслацыраваліся за 5 км на Пн, вывезлі туды параненых, боепрыпасы, гаручае, занялі там абарону. Раніцай 7 сак. яны контратакавалі гітлераўцаў на месцы былога лагера, рассеялі засадную групу праціўніка, знішчылі мінамётную батарэю, кулямёты, перасеклі шашу Чэрвень—Пухавічы і выйшлі з акружэння. Не дасягнуўшы поспеху, фашысты спалілі пас. Кукіга і в. Лужыца (не аднавілася) Пухавіцкага р-на.

т. 8, с. 344

КЛІ́НТАН ((Clinton) Уільям) (Біл) Джэферсан (н. 19.8.1946, г. Хоп, штат Арканзас, ЗША),

палітычны і дзяржаўны дзеяч ЗША. Скончыў Джорджтаўнскі (1968) і Іельскі (1973) ун-ты, вучыўся ў Оксфардскім ун-це (Вялікабрытанія, 1968—70). У 1974—76 праф. права ва ун-це штата Арканзас. У 1977—79 ген. пракурор, у 1979—81 і 1983—93 губернатар штата Арканзас. З 1993 прэзідэнт ЗША ад Дэмакр. партыі. 15.1.1994 знаходзіўся з афіц. візітам у Беларусі (наведаў Курапаты, выступіў перад бел. грамадскасцю ў АН Беларусі). Праводзіць курс на ўзмацненне міжнар. ўплыву ЗША, выступае за прыняцце ў НАТО новых членаў з ліку краін Усх. Еўропы, развіццё супрацоўніцтва з Расіяй, вырашэнне Блізкаўсходняга крызісу, канфлікту на Балканах і інш. Пры ім ВПС ЗША прымалі ўдзел у ваен. аперацыях у розных рэгіёнах свету, у т. л. супраць Ірака (1993, 1996, 1998), Югаславіі (1999, у складзе сіл НАТО).

Ва ўнутр. палітыцы выступае за рэфармаванне сістэмы сац. забеспячэння.

У.​Дж.Клінтан.

т. 8, с. 344

КЛІ́НТУХ (Columna oenas),

птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі пералётны від; сустракаецца ўсюды, найб. на Палессі. Жыве пераважна ў старых лісцевых і мяшаных увільготненых лясах; чароды трапляюцца на лугах, палях, выганах.

Даўж. да 33 см, маса да 340 г. Апярэнне шаравата-шызае, шыя і валлё з метал. бляскам, дзюба белая або жаўтаватая. Корміцца насеннем травяністых раслін. Гняздуецца ў дуплах, зрэдку на галінах асіны, вольхі, дуба, ліпы, хвоі. Нясе 2 яйцы (двойчы за год).

Клінтух.

т. 8, с. 345

КЛІНЦЭ́ВІЧ (Віктар Юльянавіч) (н. 27.6.1931, в. Чаркесы Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1990). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1957), з 1973 працуе ў ім (з 1989 заг. кафедры). Навук. працы па дыягностыцы і лячэнні хвароб падстраўнікавай залозы, страўнікава-кішачнага тракту, распрацоўцы тэорыі кішачнага шва. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Острый панкреатит: Патогенез, диагностика и лечение. Мн., 1981 (у сааўт.);

Кишечный шов. Мн., 1983 (разам з А.​У.​Шотам, А.​А.​Запарожцам);

Основы теории и практики кишечного шва. Мн., 1994 (у сааўт.).

т. 8, с. 345

КЛІНЦЭ́ВІЧ (Сямён Аляксандравіч) (крас. 1899, в. Трабы Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.10.1937),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1918 у атрадзе Чырв. гвардыі, удзельнік грамадз. вайны. У 1919 на курсах у Саратаўскай губшколе. З чэрв. 1921 на Беларусі ў Слуцкіх пав. к-це КП(б)Б і выканкоме, з канца года на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. З мая 1926 вучыўся ў Камуніст. ун-це Беларусі. З канца 1926 на парт. рабоце ў Заслаўі, з чэрв. 1927 — у Зах. Беларусі. Па даручэнні ЦК КПЗБ у 1928 забіў М.І.Гурына-Маразоўскага. У 1929 арыштаваны польск. паліцыяй. У 1932 у выніку абмену палітвязнямі пераехаў у Мінск. У 1937 арыштаваны НКУС і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

У.​М.​Міхнюк.

т. 8, с. 345

«КЛІН-ВАЛУ́Н»,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1990), у в. Арляны Сенненскага р-на Віцебскай вобл. Валун шаравата-ружовага граніту рапаківі (выбаргіт) з крышталямі палявога шпату. Даўж. 2,8 м, шыр. 1,5 м, выш. 4,2 м, у абводзе 11,2 м, аб’ём 9,3 м³, маса каля 25 т. Мае выразную клінападобную форму, якая ўтварылася пры знаходжанні ў актыўнай зоне лёду. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 344

КЛІО́, Клія,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адна з дзевяці алімп. муз. Дачка Зеўса і Мнемасіны, муза, якая ўслаўляе. З эліністычнага часу лічылася музай гісторыі; яе ўяўлялі ў выглядзе жанчыны са скруткам і грыфельнай палачкай у руках.

Кліо. Рымская мармуровая копія з грэч. арыгінала 3—2 ст. да н.э.

т. 8, с. 345

КЛІ́ПА (ад швед. klippe рэзаць нажніцамі),

назва манет квадратнай формы. Выраблялі з мэтай паменшыць затраты працы. Вядомы з пач. 16 ст. ў Даніі, Швецыі. Арыгінальную кампаноўку мелі талеры караля Рэчы Паспалітай Аўгуста П (1697—1709, 1709—33). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў форме К. выпускалі манеты прыватныя асобы ці прадпрыемствы з-за недахопу дзярж. плацежных сродкаў. Часам К. называюць манеты на 6- або 8-гранных пласцінках.

т. 8, с. 345

КЛІ́ПЕР (англ. Clipper ці галанд. klipper),

быстраходнае марское ветразевае (ці ветразева-паравое) судна з 3—4 мачтамі, вострымі абводамі і развітой ветразевасцю. Выкарыстоўваліся ў 19 ст. для перавозкі каштоўных грузаў (чаю, вострых прыпраў, шэрсці) і пасажыраў, а таксама для дазорнай і крэйсерскай службаў.

т. 8, с. 345

КЛІР (ад грэч. klēros жэрабя),

у хрысціянскай царкве сукупнасць свяшчэннаслужыцеляў (святароў, епіскапаў) і царкоўнаслужыцеляў (псаломшчыкаў, дзякоў і інш.); тое, што і духавенства. У раннім хрысціянстве азначала апостальскае прызванне. Потым стала ўжывацца ў значэнні «духавенства» да тых асоб, якія былі выбраны па жэрабю ў якасці служыцеляў культу.

т. 8, с. 345